Алютэх
«Алютэх» (Алюмінавыя тэхналёгіі) — беларускі вытворца сэкцыйных варотаў і ралетаў з алюміну, заснаваны ў верасьні 1996 году ў Менску былым інжынэрам самалётаў і рухавікоў Аляксеем Жукавым[2]. У 1997 годзе стаў сумесным беларуска-латвійскім прадпрыемствам[3]. На 2014 г. меў 27 даччыных прадпрыемстваў: 7 вытворчых (4 у Беларусі, па адным у Нямеччыне, Расеі і Ўкраіне) і 20 гандлёва-складзкіх (Аўстрыя, Беларусь, Расея, Украіна). Каля 65% збыту прыпадала на экспарт у Расею[4]. Быў вядучым вытворцам алюмінавага профілю ў Заходняй і Ўсходняй Эўропе, а таксама найбуйнейшым вытворцам ралетаў ва Ўсходняй Эўропе[5].
Алютэх | |
Тып | таварыства з абмежаванай адказнасьцю |
---|---|
Дэвіз | Этыка лідэрства, эстэтыка якасьці |
Заснаваная | 2 верасьня 1996 (28 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Аляксей Жукаў |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Менск, вул. Бабушкіна, д. 21, корп. 3 |
Ключавыя фігуры | Аляксей Жукаў |
Галіна | будаўнічыя матэрыялы |
Прадукцыя | ралет(en), сэкцыйныя вароты(ru), акно, дзьверы, шлягбаўм, каркас будынка[1] |
Лік супрацоўнікаў | >2000 (2015) |
Даччыныя кампаніі | «АлюмінТэхна», «Алютэх варотныя сыстэмы», «Гюнтэр-Тор» |
Мінуўшчына
рэдагавацьУ верасьні 1996 г. былы інжынэр самалётаў і рухавікоў Аляксей Жукаў заснаваў прадпрыемства «Алютэх» для вытворчасьці і ўстаноўкі ралетаў. У 1997 г. адчынілі першае замежнае прадстаўніцтва ў Расеі (Санкт-Пецярбург). У 1998 годзе — у Маскве. У 1999 годзе на прадпрыемстве ўпершыню ва Ўсходняй Эўропе ўвялі ў дзеяньне вытворчасьць ралетаў зь пенным напаўняльнікам і ахоўных корабаў. У 2000 годзе адчынілі прадстаўніцтва ва Ўкраіне (Кіеў). У 2001 годзе пусьцілі вытворчасьць 8-кутняга ралетнага вала і 77-га профіля ролікавай пракаткі. У 2003 годзе пачалі ўласную вытворчасьць сэкцыйных варотаў. У 2004 годзе адчынілі першы ў Беларусі завод (сумеснае ТАА «АлюмінТэхна») для вытворчасьці (45 тыс. т за год), парашковай афарбоўкі (35 тыс. т за год) і анадаваньня(en) (10 тыс. т за год) экструдаваных(en) профіляў. Тады ж у Кіеве набылі прадпрыемства «Элан» для вытворчасьці сэкцыйных варотаў (3500 за год). У Расеі адчыніліся яшчэ 3 гандлёвыя прадстаўніцтвы: Екацярынбург (Уральская фэдэральная акруга), Краснадар (Паўднёвая фэдэральная акруга), Самара (Прыволская фэдэральная акруга).
У 2005 годзе адчынілася даччынае ТАА «АлСтронг» (анг. strong — «трывалы») для ліцьця пад высокім ціскам і палімэрнай афарбоўкі вырабаў з алюмінавых сплаваў. Таксама адчынілі новае замежнае прадстаўніцтва ў Расеі (Новасыбірск). У 2007 годзе адчыніліся яшчэ 6 гандлёвых прадстаўніцтваў у Расеі (Краснаярск, Ніжні Ноўгарад, Омск, Растоў-на-Доне, Стаўрапаль, Уфа) і 3 — ва Ўкраіне (Адэса, Дняпро, Львоў). У 2008 годзе стварылі даччынае ТАА «Алютэх варотныя сыстэмы» (240 тыс. варотаў за год). Таксама адчынілі яшчэ 2 прадстаўніцтвы ў Расеі: Іркуцк (Сыбірская фэдэральная акруга), Казань (Татарстан). У 2009 годзе на галаўным прадпрыемстве пусьцілі вытворчасьць афарбаванай стужкі (25 тыс. т алюміну, 70 тыс. т сталі за год). У 2010 годзе адчынілі складзкое прадпрыемства ў Чэхіі (Бор(en), Пльзенскі край, Багемія). 30 верасьня 2013 году «Алютэх» набыў нямецкага вытворцу сэкцыйных і рулённых варотаў «Гюнтэр-Тор» (ням. Gunther Tore; Нойнкірхэн(en), Вэстэрвальдзкі(en) раён, зямля Райнлянд-Пфальц), які меў збытавую сетку ў Аўстрыі, Нямеччыне і Францыі[6].
У 2024 годзе «Бюро» выпусьціла расьсьледаваньне, паводле якога «Алютэх» абыходзіў санкцыі Эўрапейскага Зьвязу, а таксама вёў бізнэс у Крыме і ДНР[7].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Уладзімер Хількевіч. Надзейны партнэр для сур’ёзных праектаў // Зьвязда : газэта. — 25 лютага 2006. — № 44 (25633). — ISSN 1990-763x.
- ^ Складзены топ-10 схаваных лідараў эканомікі Беларусі // Telegraf.by, 2 траўня 2012 г. Праверана 28 жніўня 2015 г.
- ^ «Алютэх Інкарпарэйтэд», сумеснае прадпрыемства (Менск) // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2014 г. Праверана 28 жніўня 2015 г.
- ^ Сьвятлана Саўко. ЭАБР прадаставіў вытворцам мэталапрадукцыі ў Беларусі крэдытную лінію на 25 млн эўра // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 28 жніўня 2014 г. Праверана 28 жніўня 2015 г.
- ^ Марына Носава. Эўразійскі банк разьвіцьця выдзеліў групе кампаніяў «Алютэх» крэдытную лінію на 25 млн эўра // БелаПАН, 28 жніўня 2014 г. Праверана 28 жніўня 2015 г.
- ^ «Алютэх» набыў нямецкі завод рулённых варотаў // Наша ніва : газэта. — 9 кастрычніка 2013. — № 38 (827). — С. 2. — ISSN 1819-1614.
- ^ «Бюро»: Холдинг «Алютех» в обход санкций поставлял продукцию в ЕС
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Інтэрвію з начальнікам групы інтэрнэт-праектаў кампаніі «Алютэх» Аляксандрам Рыжкоўскім // Вэбком Мэдыя, 6 жніўня 2015 г. Праверана 28 жніўня 2015 г.
- Прадстаўніцтва ў Гомелі (рас.)
- «Гюнтэр-Тор» (ням.)