Альжбэта Вугорская
Альжбэ́та Вуго́рская (па-нямецку: Heilige Elisabeth von Thüringen, па-вугорску: Árpád-házi Szent Erzsébet; 7 ліпеня 1207, Пожань альбо Шарашпатак, Каралеўства Вугоршчыны – 17 лістапада 1231, Марбург, ляндграфства Турынгіі, Сьвятая Рымская імпэрыя)[5], вядомая таксама як Сьвятая Альжбэта Турынгінская — вугорская прынцэса, ляндграфіня турынгінская, раньняя францішканская манашка і сьвятая заступніца ордэну[6].
Сьвятая Альжбэта Вугорская Т.О.С.Ф. | |
Сьвятая | |
---|---|
Нарадзілася | 7 ліпеня 1207 Пожань (цяпер Браціслава, Славаччына) альбо Шарашпатак, Каралеўства Вугоршчыны |
Памерла | 17 лістапада 1231 (24 гады) Марбург, ляндграфства Турынгіі, Сьвятая Рымская імпэрыя (цяпер Гэсэн, Нямеччына) |
Шануецца | Каталіцкі касьцёл Англіканская супольнасьць Лютэранства |
Кананізаваная | 27 траўня 1235[1][2][3] папам Рыгорам IX Пэруджа, Італія |
Галоўная сьвятыня | Катэдра сьвятой Альжбэты ў Кошыцах (Славаччына) Касьцёл сьвятой Альжбэты ў Марбургу (Нямеччына) |
Дзень памяці | 17 лістапада |
Патрон | шпіталёў, мэдсёстраў, пекараў, нявестаў, графіняў, паміраючых дзяцей, бежанцаў, бяздомнікаў, каруначніц, удоваў, архідыяцэзіі Яра, Тэўтонскага ордэну, Трэцяга францішканскага ордэну і места Кошыцаў[4] |
Атрыбуты | ружы, карона, кошык зь ежай |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьАльжбэта была трэцім дзіцем вугорскага караля Андрэя II і Гертруды з Мэраніі. Паводле аднае з вэрсіяў, нарадзілася ў Шарашпатаку, паводле іншай — у Пожані. У аднагадовым веку з палітычных разьлікаў была заручаная з старэйшым сынам Германа I Турынгінскага, якому тады было восем гадоў. У 1211 року, у чатырохгадовым веку, была аддадзеная на выхаваньне ў двор ляндграфаў Турынгіі[7].
Герман заўчасна памёр у 1217 року, і ў 1221 року Альжбэта была выдадзеная за другога сына Германа I, Людвіга, які тады ўжо валадарыў у герцагстве. У 1221 року адбыўся ягоны шлюб з чатырнаццацігадовай Альжбэтай. Зь ім мела сына Германа, спадкаемца графскага стальцу; Сафію, будучую брабанцкую княгіню; Гертруду, якая стане манашкай і дабраславёнай.
У 1223 року захапілася вучэньнем францішканскіх манахаў і стала дапамагаць галоце[8]. Пад Вартбурскім замкам збудавала лякарню на 28 ложкаў і штодня наведвала ў ёй хворых. У 1226 року ейным духоўнікам стаў будучы інквізытар Конрад Марбурскі.
Пасьля мужавага ад’езду ў Крэмону на райхстаг Сьвятой Рымскай імпэрыі Альжбэта пераняла справы ў турынгінскім двары, раздаючы міласьціну ўсім у патрэбе.
11 верасьня 1227 року муж Людвіг IV памёр ад чумы падчас шостага крыжовага шляху, не дачакаўшы нараджэньня ўласнай дачкі. У 1228 року ягоныя парэшткі былі пахаваныя ў Райнгардсбрунскім кляштары. Альжбэта па мужавай сьмерці адышла ад справаў Вартбурскага двара і пасялілася ў Марбургу (Гесэн), дзе таксама збудавала шпіталь для бедакоў і хворых ды апекавалася імі[9].
Памерла ў Марбургу ў дваццацічатырохгадовым веку[10].
Кананізацыя
рэдагавацьНеўзабаве па ейнай сьмерці ля ейнай магілы ў шпітальным храме сталі праяўляцца цуды ацаленьня. У 1232—1235 роках на папскі загад Конрад Марбурскі правёў дасьледаваньні вылекаваных, і 24 траўня 1235 року папа Рыгор IX кананізаваў Альжбэту[10].
У XIV—XV стагодзьдзях магіла Альжбэты стала адным з цэнтраў нямецкіх пілігрымак, але пазьней ейны культ стаў згасаць. Папская була з абвяшчэньнем яе сьвятой знаходзіцца ў венскім касьцёле Тэўтонскага ордэну (Аўстрыя); цела сьвятой пакладзенае ў залатой труне ў марбурскім касьцёле, што носіць ейнае імя.
Адзін з Альжбэтавых нашчадкаў, ляндграф Філіп I „Вялікадушны“ Гесэнскі, лідэр Пратэстанцкай рэфармацыі, запатрабаваў ад Тэўтонскага ордэну прыбраць парэшткі Альжбэты з Марбурскага касьцёлу, пагражаючы іх зьнішчыць, каб канчаткова спыніць пілігрымкі ў Марбург[5]. Ён дастаў адтуль каранаваны агатавы рэлікварый, у якім ляжала Альжбэтава галава, але пасьля трапляньня ў палон да рымскага імпэратара Карла V вярнуў каштоўнасьць.
Рэлікварны кубак быў выкрадзены швэдзкімі войскамі ў часе Трыццацігадовай вайны і цяпер выстаўлены ў Швэдзкім гістарычным музэі ў Стакгольме[11]. Чэрап і неакторыя косткі Альжбэты знаходзяцца ў венскім кляштары, які носіць ейнае імя. Частка парэштак захоўваецца ў касьцёле кармэлітаў у Брусэлі; іншая частка — у капліцы ў Ля Рош-Гіёне, і яшчэ адна — у Гановэры[12].
Марбурскі касьцёл цяпер належыць пратэстантам, але часткова абсталяваны для каталіцкіх імшаў. Да свайго роспуску ў 1803 року Тэўтонскі ордэн, які абраў сьвятую Альжбэту сваёй другой заступінцай, меў у Марбургу сталіцу.
У мастацтве
рэдагавацьСьвятую Альжбэту часта выяўляюць з кошыкам хлеба ці іншай ежы, характарызуючы ейную пасьвечанасьць дзеля дапамогі бедакам і галодным[13]. Таксама папулярнай тэмай у мастакоў стаў „цуд ружаў“.
У 1984 року Пэтэр Янсэнс склаў опэру „Альжбэта Турынгінская“ на лібрэта Германа Шульцэ-Бэрнта.
Памяць
рэдагаваць21 красавіка 1932 року, у 700-рочча сьмерці сьвятое, Вугоршчына выпусьціла сэрыю марак у ейны гонар[14]. Яшчэ адна марка выйшла 1 жніўня 1944 року[15]. Чэхаславаччына 16 ліпеня 1938 року выпусьціла ў ейны гонар марку з выявай катэдры ў Кошыцах[16].
2007 рок у Марбургу быў абвешчаны годам сьвятой Альжбэты. Цягам усяго году ладзіліся мерапрыемствы, прысьвечаныя ейнаму жыцьцю і дзейнасьці. 7 ліпеня адбылося маштабнае сьвяткаваньне ейнага 800-рочча нараджэньня.
У 2019 року сьвятая Альжбэта абвешчаная заступніцай Кошыцаў (Славаччына)[17].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ The Life and Afterlife of St. Elizabeth of Hungary: Testimony from her Canonization Hearings / Kenneth Baxter Wolf. — Oxford University Press, 24 лістапада 2010. — С. x. — ISBN 9780199732586
- ^ The life of Saint Elizabeth of Hungary, Dutchess of Thuringia / Mary Hackett. — 1848. — С. 244.
- ^ Paolo Bonavoglia. Perpetual calendar (анг.). Astro.bonavoglia.eu. Праверана 22 сьнежня 2013 г.
- ^ Teraz.sk (1 студзеня 1970) VIDEO: Patrónkou Košíc bude sv. Alžbeta Uhorská, potvrdil to Vatikán (славацк.) TERAZ.sk Праверана 4 лістапада 2019 г.
- ^ а б Michael Bihl. St. Elizabeth of Hungary // Catholic Encyclopedia / Charles Herbermann. — New York: Robert Appleton Company, 1909. — Т. 5.
- ^ St. Elizabeth of Hungary (анг.) Encyclopædia Britannica Праверана 26 сакавіка 2021 г.
- ^ Elizabeth, Saint // Encyclopædia Britannica / Hugh Chisholm. — 11. — Cambridge University Press, 1911. — Т. 9. — С. 287.
- ^ Foley, OFM, Leonard, "St Elizabeth of Hungary", Saint of the Day, Lives, Lessons, and Feast, (revised by Pat McCloskey OFM), Franciscan Media; ISBN 978-0-86716-887-7
- ^ Arnald of Sarrant. Chronicle of the Twenty-Four Generals of the Order of Friars Minor, (Noel Muscat ofm, trans.) Ordo Fratrum Minorum. Malta, 2010
- ^ а б Joan Mueller, A Companion to Clare of Assisi: Life, Writings, and Spirituality, Vol. 21, (Brill, 2010), 127.
- ^ супрацоўнікі Швэдзкага гістарычнага музэю Guldrummet - Krigsbyten (швэд.) Праверана 2 кастрычніка 2016 г.
- ^ Butler, Alban. “Saint Elizabeth of Hungary, Widow”. Lives of the Fathers, Martyrs, and Principal Saints, 1866. CatholicSaints.Info. 7 May 2016
- ^ Birmingham Museum of Art: guide to the collection. Birmingham, Ala: Birmingham Museum of Art, 2010.
- ^ colnect.com/en/stamps/list/country/6955-Hungary/year/1932
- ^ colnect.com/en/stamps/stamp/179971-St_Elizabeth_1207-1231-Great_Women_of_Hungarian_History-Hungary
- ^ colnect.com/en/stamps/list/country/7068-Czechoslovakia/year/1938/item_name/st+elizabeth
- ^ Svätá Alžbeta Uhorská je oficiálne patrónkou Košíc (славацк.) kosice.korzar.sme.sk Праверана 2019-11-18 г.
Літаратура
рэдагаваць- de Robeck, Nesta. Saint Elizabeth of Hungary : A Story of Twenty-Four Years. Milwaukee: The Bruce Publishing Company, 1954.
- Seesholtz, Anne. Saint Elizabeth: Her Brother's Keeper. New York: Philosophical Library, 1948.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Saint Elizabeth of Hungary (анг.) CatholicSaints.Info Праверана 26 сакавіка 2021 г.
- Saint Elisabeth of Thuringia, 1207—2007 (анг.) Heroic Age Праверана 26 сакавіка 2021 г.
- Saint Elizabeth of Hungary: The Iconography (анг.) A Guide to Christian Iconography: Images, Symbols, and Texts Праверана 26 сакавіка 2021 г.
- Here followeth the life of St. Elizabeth (анг.) A Guide to Christian Iconography: Images, Symbols, and Texts Праверана 26 сакавіка 2021 г.
- Творы пра сьвятую Альжбэту Вугорскую (анг.) archive.org Праверана 26 сакавіка 2021 г.
- Saint Elizabeth (анг.) St. Elizabeth of Hungary Праверана 26 сакавіка 2021 г.
- St. Elizabeth of Hungary (анг.). Institute for Traditional Medicine. Праверана 26 сакавіка 2021 г.