Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог
Каардынаты: 48°11′37″ пн. ш. 16°24′47″ у. д. / 48.19361° пн. ш. 16.41306° у. д.
«Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог» (ням. Autobahnen- und Schnellstraßen-Finanzierungs-Aktiengesellschaft) — дзяржаўнае прадпрыемства Аўстрыі, заснаванае ў верасьні 1982 году.
ням. ASFinAG | |
Тып | акцыйнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Добрай паездкі, Аўстрыя |
Заснаваная | 11 верасьня 1982 (42 гады таму) |
Заснавальнікі | урад Аўстрыі |
Краіна | Аўстрыя |
Разьмяшчэньне | Вена |
Адрас | акруга Прасёлкавай дарогі, алея Шніха, д. 17[1] |
Ключавыя фігуры | Гартвіг Гуфнагль (генэральны дырэктар), Ёзэф Фіяла[2], Хрыста Гэер (старшыня)[3] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | ачыстка і рамонт аўтадарог |
Абарачэньне | ▲2,64 млрд эўра (2020 год) |
Апэрацыйны прыбытак | ▼987 млн эўра (2020 год) |
Чысты прыбытак | ▼742 млн эўра (2020 год)[4] |
Лік супрацоўнікаў | 3029 (2021 год) |
Матчына кампанія | Міністэрства аховы клімату і навакольля Аўстрыі |
Аўдытар | «КПМГ» |
На 2022 год зьбірала плату за праезд па 2249 км аўтадарог Аўстрыі, якія чысьціла і рамантавала[5]. Дарожным рухам і электрамэханічнай гаспадаркай загадвалі 2 даччыныя ТАА: «Альпійскія дарогі АТФАХД» (Інсбрук) — у 2-х горных землях Тыроль і Форарльбэрг на захадзе Аўстрыі, а «Служба АТФАХД» (Ансфэльдэн, зямля Верхняя Аўстрыя) — у 7 астатніх землях на ўсходзе краіны. ТАА «Служба аплаты АТФАХД» (Зальцбург) зьбірала мыта за праезд па аўтадарогах зь цяжкавікоў паводле пройдзенай адлегласьці ў кілямэтрах, а з пасажырскіх самаходаў — паводле часу і пройдзенай адлегласьці[6]. На 2021 год дарожная гаспадарка ўлучала 5818 мастоў і 379 скрыжаваньняў, 166 тунэляў і 42 аўтадарожныя майстэрні, 9 асяродкаў кіраваньня рухам і 6 дарожных мытняў. Сярод іншага, пры дарогах працавалі 87 аўтазаправачных станцыяў, у тым ліку 31 зарадная станцыя для электрамабіляў, і 55 пляцовак адпачынку, 120 аўтастаянак на 8595 месцаў для цяжкавікоў і 60 заязных аўтастаянак на 3600 месцаў. За 2020 год прабег па платных аўтадарогах упаў на 20,1 % да 26,3 млрд км, у тым ліку легкавікоў з вагой да 3,5 тонаў — на 22,2 % да 22,6 млрд км, а цяжкавікоў звыш 3,5 тонаў — на 4,6 % да 3,7 млрд км. За год прадалі 18,42 млн праязных віньетак на 449 млн эўра, зь цяжкавікоў сабралі 1,498 млрд эўра (72 % з 2,08 млрд эўра выручкі), а зь легкавікоў — 137 млн эўра[7].
Збор мытаў
рэдагавацьНа 2022 год сеціўная крама «Акцыйнага таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», яго мабільны дастасунак «Падарожжа» і 6000 староньніх крамаў Аўстрыі ды замежжа прадавалі налепкавыя і электронныя віньеткі на 10 дзён, 2 месяцы і год язды па аўтамагістралях Аўстрыі для матацыклаў і легкавікоў вагой да 3,5 тонаў. Іх цану вызначалі пастановай Міністэрства аховы клімату і навакольля Аўстрыі па ўзгадненьні зь Міністэрствам фінансаў Аўстрыі[8]. На 6 перавалах праз Альпы зьбіралі мыта, у тым ліку электронна без прыпынку, за праезд па горных дзялянках аўтамагістраляў. На такіх перавалах стаялі: 1) Пірнская аўтамагістраль А9 праз Босруцкі і Глейнамльскі(cs) тунэлі, 2) Турская аўтамагістраль(sl) А10 праз Качбэрскі(cs) і Турскі(cs) тунэлі, 3) Караванцкая аўтамагістраль А11 праз Караванцкі тунэль(sl), 4) Брэнэрская аўтамагістраль(sh) А13, 5) Арльбэрская хуткасная дарога S16 праз Арльбэрскі тунэль. За 2021 год праз 6 адпаведных дарожных мытняў прайшло каля 41 млн самаходаў[9]. Кіроўцы аўтобусаў і цяжкавікоў вагой звыш 3,5 тонаў набывалі для аплаты дарожнага мыта праязныя скрынкі праз 175 кропак продажу ў Аўстрыі і за мяжой[10]. Аплату за праезд на дарогах правяралі каля 100 супрацоўнікаў Службы нагляду. У 2021 годзе 98 % правераных кіроўцаў аплацілі праезд пры дапамозе віньеткі або праязной скрынкі[11].
Стаянкі і нагляд
рэдагавацьНа 2022 год зарадныя станцыі «АТФАХД» месьціліся праз кожныя 80 км аўтадарог і мелі магутнасьці на 50, 150 і 350 кіляват[12]. Для нагляду за дарожным рухам выкарыстоўвалі звыш 6000 відэакамэраў. Пры гэтым, відэазапісы з тунэляў захоўвалі да 72-х гадзінаў, а зь месцаў прыдарожнага адпачынку — 48 гадзінаў[13]. На дарогах дзейнічала 14 месцаў нагляду за рухам, дзе выбарачна ўзважвалі і замяралі цяжкавікі, праводзілі іх мытны надгляд і правяралі прасьведчаньні кіроўцы на прадмет выкананьня правілаў дарожнага руху[14]. У кожным са 166 тунэляў праз 1000 мэтраў месьціліся стаяначныя нішы і зьезды. Пры заезьдзе ў такую нішу дазволеную хуткасьць у тунэлі паніжалі да 60 км/гадзіна. Праз кожныя 125—150 мэтраў у тунэлях знаходзіліся вогнетушыльныя нішы зь гідрантамі. Таксама праз кожныя 250—500 мэтраў месьціліся пешаходныя сьцежкі для ратаваньня, якія абазначалі зялёна-белым сьвятлоадбівальным таблё. Сярод іншага, у тунэлях былі супрацьпажарныя водараспырсквальнікі пад высокім ціскам каля 55 бараў[15].
Абмежаваньні
рэдагавацьНа 2022 год на аўтадарогах забаранялі праезд цяжкавікоў вагой звыш 3,5 тонаў зь нехарчовым грузам у дні адпачынку зь 15-й гадзіны ў суботу па 22-ю гадзіну ў нядзелю, а таксама ў дзяржаўныя сьвяты Аўстрыі ад апоўначы да 22-й гадзіны. Таксама цягкавікам забараняўся рух уначы з 22-й гадзіны ночы да 5-й гадзіны ранку[16].
Мінуўшчына
рэдагаваць11 верасьня 1982 году ўрад Аўстрыі заснаваў «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог» («АТФАХД»). 8 кастрычніка 1982 году ўхвалілі Закон Аўстрыі № 591 «Аб АТФАХД»[17]. У 1997 годзе ўхвалілі Закон № 113 «Аб упаўнаважаньні АТФАХД», паводле якога абавязак мець віньетку для праезду па платных аўтадарогах Аўстрыі пашырылі на кіроўцаў легкавікоў вагой да 3,5 тонаў і матацыклаў[8]. Паводле Закону аб дарожных мытах 2002 году, «АТФАХД» атрымаў права прадаваць дарожныя віньеткі за праезд па аўтамагістралях і спаганяць дарожнае мыта паводле часу язды зь легкавікоў вагой да 3,5 тонаў і паводле прабегу зь цяжкавікоў вагой звыш 3,5 тонаў[17]. 1 студзеня 2012 году на аўтамагістралях і хуткасных дарогах Аўстрыі аўтамабілістаў абавязалі ўтвараць ратавальную паласу пасярод шматпалоснай дарогі шляхам разьезду па баках дарогі для праезду самаходаў ратавальных службаў[18]. У 2013 годзе «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог» стварыла службу кіраўнікоў руху ў ваколіцах Вены, дзе штодзённы рух ахопліваў звыш 200 000 самаходаў[13].
1 ліпеня 2013 году аўстрыйскае прадпрыемства «Капш Трафік Ком» ўкараніла ў Беларусі электронную сыстэму дарожных мытаў «БелТол» на ўзор «АТФАХД». У 2013 годзе справаздача Апякунскай рады па бясьпецы руху ў Аўстрыі выявіла, што цяжкавікі складалі 11 % удзельнікаў руху і былі прычынай 22 % дарожна-транспартных здарэньняў з траўмамі, найперш на 3-й і 4-й палосах аўтадарог. У выніку 1 чэрвеня 2014 году цяжкавікам вагой звыш 7,5 тонаў забаранілі рух па 3-й і 4-й палосах[16]. 1 сакавіка 2015 году цану карткі кіроўцы на 5 гадоў усталявалі ў памеры 45 эўра[19]. У 2018 годзе ўкаранілі лічбавую віньетку для аплаты праезду[8]. У красавіку 2018 году службу кіраўнікоў руху пашырылі на Лінц ў зямлі Верхняя Аўстрыя, а ў чэрвені 2021 году — на зямлю Зальцбург. На 2022 год на 230 км аўтадарог у ваколіцах Вены працавала 20 кіраўнікоў руху, на 112 км 4-х аўтадарогах вакол Лінца — 12 кіраўнікоў руху, а на 80 км 2-х аўтадарог вакол Зальцбургу — яшчэ 10 чалавек[13].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ Кіраўніцтва «АТФАХД» (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 2 красавіка 2022 г.
- ^ Назіральная рада «АТФАХД» (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ Справаздача за 2020 год (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 25 траўня 2021 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ Пра нас (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 2 красавіка 2022 г.
- ^ Прадпрыемства (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ «АТФАХД» у лічбах (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 20 ліпеня 2021 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ а б в Віньетка (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ Дарожныя мыты (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 2 красавіка 2022 г.
- ^ Праязное мыта (анг.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ Служба нагляду (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ Электразарадныя станцыі ў сетцы «АТФАХД» (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 2 красавіка 2022 г.
- ^ а б в Кіраваньне рухам (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ Месцы нагляду за рухам (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ Бясьпека тунэляў (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ а б Забарона на кіраваньне цяжкавіком (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ а б Права на мыта (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ Ратавальная паласа (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- ^ Лічбавы тахограф (ням.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Пошук месца прыпынку (анг.) // «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», 2022 г. Праверана 1 красавіка 2022 г.
- Вэб-камэры, падлікі руху (ням.)
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |