Агульны цюрскі альфабэт

Агу́льны цю́рскі альфабэ́т (па-турэцку: Ortak Türk Alfabesi, па-ангельску: Common Turkic Alphabet) — праект адзінага лацінскага альфабэту для ўсіх цюрскіх моваў.

Агульны цюрскі альфабэт
Саманазва Ortak Türk Alfabesi
Тып альфабэт на аснове лацінкі[d]
Мовы цюрскія
Зьвязаныя пісьменствы
Паходжаньне
Характарыстыка
Знакаў 34
Літары A Ä B C Ç D E F G Ğ H I İ J K L M N Ň O Ö P Q R S Ş T U Ü V W X Y

Гісторыя

рэдагаваць

У сувязі з распадам СССР у створаных рэспубліках, у якіх цюрскія мовы былі асноўнымі, ізноў сталі папулярныя ідэі панцюркізму, і як сьледзтва рух за аднаўленьне лацінскага альфабэту. У мэтах уніфікацыі і па ініцыятыве Турэччыны ў лістападзе 1991 року ў Стамбуле быў праведзены міжнародны навуковы сымпозіюм па выпрацоўцы ўніфікаванага альфабэту для цюрскіх моваў. Ён цалкам ґрунтаваўся на турэцкім альфабэце, але з дадаткам некаторых адсутных літараў: ä, ñ, q, w, x. У выніку альфабэт складаўся з 34 літараў, 29 зь якіх былі ўзятыя з турэцкага.

Агульны цюрскі альфабэт 1991 року
А а Ä ä B b C c Ç ç D d Е е
F f G g Ğ ğ H h I ı İ i J j
K k L l М m N n Ñ ñ О о Ö ö
P p Q q R r S s Ş ş Т t U u
Ü ü V v W w X x Y y Z z

Першым прыняў гэты альфабэт Азэрбайджан у сьнежні 1991 року, пазьней Туркмэністан у карсавіку 1993 року й Узбэкістан у верасьні 1993 року.

У верасьні 1993 року на чарговай канфэрэнцыі ў Анкары, прадстаўнікі Азэрбайджану, Туркмэністану й Узбэкістану афіцыйна заявілі пра пераход на новы альфабэт.

Аднак ужо ў 1992 годзе Азэрбайджан рэфармуе свой альфабэт і замяняе літару ä на ə, узятую з старое кірыліцы й яналіфу.

У траўні 1995 року ўрад Узбэкістану цалкам адмаўляецца ад новага альфабэту на карысьць іншага, ґрунтаванага толькі на стандартнай 26-літаровай лацініцы. Гэтую ж вэрсію прымаюць і для каракалпацкае мовы.

Туркмэністан таксама ўводзіць у 1995 годзе свой альфабэт, што часткова паходзіць на агульны цюрскі і адрозьніваецца ад яго па чарзе літараў.

У выніку агульным цюрскім альфабэтам зь невялікімі зьменамі карыстаюцца толькі азэрбайджанская (1991, зь зьменаю адной літары ў 1992), ґаґавуская (1996), крымскататарская (1992, афіцыйна з 1997), татарская ў Татарскай Вікіпэдыі (з 2013) ды некаторых сродках масавае інфармацыі (з 1999)[1][2].

Татарская лацініца, уведзеная ў верасьні 1999 і скасаваная ў студзені 2005, ужывае некалькі адрозны набор дадатковых літараў (ŋ замест ñ, ə замест ä), а таксама літару ɵ замест турэцкае ö. З 24 сьнежня 2012 року агульны цюрскі альфабэт ужываецца як сродак трансьлітэрацыі татарскае кірыліцы[3].

Літаратура

рэдагаваць