Аб’яднанае Балтыйскае герцагства

злучаная пэрсанальнай уніяй з Прусіяй марыянэткавая дзяржава, абвешчаная ў 1918

Аб’ядна́нае Балты́йскае ге́рцагства (па-нямецку: Vereinigtes Baltisches Herzogtum) — злучаная пэрсанальнай уніяй з Прусіяй марыянэткавая дзяржава, абвешчаная ў 1918 годзе кіруючымі коламі астзэйскіх немцаў пры падтрымцы акупацыйнага нямецкага войска на тэрыторыі сучасных Латвіі (акрамя Латгаліі) і Эстоніі пасьля заключэньня Берасьцейскага міру.

Аб’яднанае Балтыйскае герцагства
ням. Vereinigtes Baltisches Herzogtum

 

 

22 верасьня 191818 лістапада 1918
 

Сьцяг Аб’яднанага Балтыйскага герцагства Герб Аб’яднанага Балтыйскага герцагства
Сьцяг Герб
Месцазнаходжаньне Аб’яднанага Балтыйскага герцагства

Курляндзкая губэрня, Лівонская губэрня, Эстонская губэрня ў складзе Расейскае імпэрыі да Лютаўскае рэвалюцыі 1917 году

Афіцыйная мова нямецкая
Сталіца Рыга
Форма кіраваньня манархія

Перадумовы

рэдагаваць

Падчас Першае сусьветнае вайны, нямецкае войска акупавала Курляндзкую губэрню Расейскае імпэрыі да восені 1915 году. Фронт стабілізаваўся ўздоўж лініі Рыга — Дзьвінск — Баранавічы.

Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі ў Расеі з былых расейскіх Эстляндзкіх і поўначы Ліфляндзкае губэрняў 12 красавіка (30 сакавіка) 1917 году стварылі Эстонскую аўтаномную губэрню. Пасьля кастрычніцкага перавароту, 28 лістапада 1917 абраны парлямэнт аўтаномнай губэрні абвясьціў сябе вярхоўнай уладай у Эстоніі й 24 лютага 1917 (за дзень да акупацыі нямецкімі войскамі) выдаў Дэклярацыю аб незалежнасьці Эстоніі. Заходнія саюзьнікі прызналі Эстонскую Рэспубліку дэ-факта ў траўні 1918 году[1].

Латвійскую нацыянальную раду сфармавалі 16 лістапада 1917 году. 30 лістапада 1917 году ў памяшканьні Латвійскага этнаграфічнага музэю Рада абвясьціла аўтаномію латыскага краю ў этнічных межах. Афіцыйна незалежнасьць Латвійскае Рэспублікі была абвешчаная 15 студзеня 1918 году[1].

Пасьля кастрычніцкага перавароту нямецкія войскі пачалі наступ з Курляндыі, а да канца лютага 1918 нямецкія войскі кантралявалі тэрыторыі былых расейскіх Ліфляндзкай губэрні й Эстонскае аўтаномнае губэрні, якая абвясьціла пра сваю незалежнасьць. Паводле Берасьцейскага міру 3 сакавіка 1918 году бальшавіцкая Расея страціла Курляндзкую губэрню, і згодна з Бэрлінскае дамовай ад 27 жніўня 1918 году страціла Эстонскую аўтаномную губэрню й Ліфляндзкую губэрню[1].

Гісторыя

рэдагаваць

Пасьля падпісаньня Берасьцейскага міру, які замацаваў аддзяленьне Прыбалтыкі ад Савецкае Расеі, Курляндзкі (8 сакавіка) і Ліфляндзкі (12 красавіка) соймы (т. з. Ляндэсраты) абвясьцілі аб аднаўленьні на тэрыторыі былых Курляндзкае, Ліфляндзкае, Эстляндзкае губэрняў герцагстваў Курляндыя й Лівонія, адпаведна.

Нямецкае камандаваньне Ўсходняга фронту (Обэр-Ост) прадугледжвала аб’яднаць гэтыя самаабвешчаныя ўтварэньні ў буфэрнае «вялікае герцагства Лівонскае», злучанае асабістай уніяй з прускай каронай. Стаўка пры гэтым рабілася на садзейнічаньне нямецкага насельніцтва Прыбалтыкі (астзэйскіх немцаў) і антыбальшавіцкіх узброеных фарміраваньняў на чале з Бэрмонт-Авалавым.

Увосень 1918 нямецкі імпэратар пасьля шматмесячных ваганьняў прызнаў незалежнасьць прыбалтыйскага герцагства. На гэтым этапе меркавалася, што фармальным кіраўніком «аб’яднанага герцагства» са сталіцай у Рызе стане Адольф Фрыдрых Мэкленбург-Швэрынскі, але накшталт іншых нямецкіх квазідзяржаўных утварэньняў Балтыя ўвальецца ў склад фэдэратыўнае Нямецкае імпэрыі.

У кастрычніку 1918 райсканцлер Максыміліян Бадэнскі аддаў распараджэньне аб перадачы кіраваньня Прыбалтыкай ад вайскоўцаў у рукі грамадзянскага ўраду. На час адсутнасьці герцага ўладныя паўнамоцтвы павінна была ажыцьцяўляць утвораная ў лістападзе рэгенцкая рада, у склад якой увайшлі чатыры немцы, тры эстонцы й тры латышы. Узначальваў савет барон Адольф Канстантын Якаб Піляр фон Пільхаў-Аўдэрн.

Скасаваньне

рэдагаваць

30 студзеня 1918 Латвійская часовая нацыянальная рада прыняла рашэньне аб стварэньні сувэрэннае й дэмакратычнае Латвіі, у якую павінныя быць уключаныя ўсе населеныя латышамі рэгіёны.

Пасьля пачатку Лістападаўскае рэвалюцыі ў Нямеччыне 9 лістапада 1918 году, прычынай якой было паражэньне кайзэраўскае імпэрыі ў Першае сусьветнае вайне, міністар абароны абвешчанай нямецкімі рэвалюцыянэрамі Ваймарскае рэспублікі аддаў загад аб вывадзе з Прыбалтыкі дывізіяў Нямецкае імпэрскае арміі, якая падтрымлівала Балтыйскае герцагства.

Балтыйскае герцагства спыніла сваё існаваньне, а ўжо 18 лістапада 1918 году Народная рада на чале з Карлісам Улманісам і Янісам Чакстэ, якая прадстаўляла шэраг латвійскіх партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, абвясьціла незалежнасьць Латвійскае Рэспублікі.

Крыніцы й заўвагі

рэдагаваць