Іван Казырэўскі

расейскі землепраходзец беларускага паходжаньня

Іван Пятровіч Казырэўскі (у манастве Ігнат; 1680, Якуцк, цяпер Далёкаўсходняя фэдэральная акруга, Расея — 13 сьнежня [ст. ст. 2 сьнежня] 1734, Масква, цяпер Расея) — расейскі землепраходзец беларускага паходжаньня.

Іван Казырэўскі
Імя пры нараджэньні Іван Пятровіч Казырэўскі
Род дзейнасьці мапаграфія
Дата нараджэньня 7 сакавіка 1680(1680-03-07)[1][2]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 2 (13) сьнежня 1734 (54 гады)
Месца сьмерці
Занятак падарожнік-дасьледнік, географ, падарожнік, вайсковец
Навуковая сфэра геаграфія
Гады дзейнасьці 1700—1730
Вядомы як першы дасьледнік Курыльскіх астравоў і паўднёвай Камчаткі
Пасада камандзір Бальшарэцкага астрога
Тэрмін 1713—1717
Папярэднік Даніла Анцыфераў
Бацька Пётар Казырэўскі

Быў першым дасьледнікам Курыльскіх астравоў і паўднёвай Камчаткі. Паходзіў зь беларускай шляхты, бо ягоных палонных дзеда і бацьку маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч саслаў у Якуцк з Магілёўскай воласьці, акупаванай падчас 13-гадовай вайны. У 1700 годзе якуцкі ваявода накіраваў яго на Камчатку для прывядзеньня ў маскоўскае падданства мясцовых жыхароў. У 1711—1713 гадох у якасьці есавула на чале атрада казакоў вымераў адлегласьць між Курыльскімі астравамі, сабраў зьвесткі пра іх насельніцтва і апісаў мэтэаралягічныя ўмовы на астравах і ў пратоках. Склаў першую мапу Камчаткі і Курыльскіх астравоў, якой карысталіся наступныя падарожнікі Вітус Бэрынг і Сьцяпан Крашаніньнікаў, а таксама замежнікі[3].

Ад 1713 году кіраваў Бальшарэцкім астрогам на паўднёвым захадзе Камчацкага паўвострава. У 1717 годзе пастрыгся ў манахі пад імем Ігнат. У 1720 годзе пераехаў у Якуцк (Сібірская губэрня), дзе з 1721 году ў якасьці ераманаха загадваў будаўніцтвам Пакроўскага манастыра. У 1726 годзе ўручыў кіраўніку 1-й Камчацкай экспэдыцыі Вітусу Бэрынгу свой «Красьлюнак як Камчацкага носу, так і марскіх астравоў, колькіх астравоў ад Камчадальскага носу да Матмайскага і Ніфону астравоў». У 1727—1729 гадох першым падарожнічаў уніз па рацэ Лене з выхадам у Паўночны Ледавіты акіян[3]. У сакавіку 1730 году пераехаў у Маскву, дзе падаў прашэньне расейскай імпэратрыцы Ганьне Іванаўне аб экспэдыцыі ў Японію. 26 сакавіка 1730 году «Санкт-Пецярбурскія ведамасьці» выйшлі з паведамленьнем пра Івана Казырэўскага ў якасьці першаадкрывальніка Курыльскіх астравоў. Аднак 7 ліпеня 1731 году загаднік Маскоўскай палацавай канцылярыі Сямён Салтыкоў саслаў Казырэўскага ў Мікола-Ўгрэскі манастыр на паўднёвы ўсход ад Масквы, а пазьней Казырэўскі трапіў яшчэ і пад арышт паводле лжывага абвінавачаньня ва ўдзеле ў Камчацкім бунце 1711 году. Памёр у турме ў чаканьні памілаваньня[4].

У гонар Казырэўскага назвалі гару і мыс на паўночнакурыльскім востраве Парамушыр, затоку і мыс на суседнім востраве Шумшу[3], а таксама раку Казыроўку даўжынёй 222 км і пасёлак Казыроўск на Камчатцы.

  1. ^ Ralph J., Nikischer T., Mineralogy H. I. o. Mindat.org (анг.): The Mineral and Locality Database[Keswick, VA], Coulsdon, Surrey: 2000.
  2. ^ https://zviazda.by/sites/default/files/pdf/2014/03/ZV_20140307_8.pdf
  3. ^ а б в Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 7 сакавіка 2014. — № 43 (27653). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ В.А. Ярмоленка. Казырэўскі Іван Пятровіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — С. 436. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3