Ёзэф Міласлаў Гурбан
Ё́зэф Лю́давіт Мі́ласлаў Гу́рбан (па-славацку: Jozef Ľudovít Miloslav Hurban; псэўданімы Slavomil F. Kořennatý, Ľudovít Pavlovič, M. z Bohuslavíc, M. Selovský; 19 сакавіка 1817, Бэцкаў[2] — 21 лютага 1888, Глыбокае[3]) — першы старшыня Славацкай народнай рады, славацкі пісьменьнік, журналіст, палітык, эвангельскі пастар і выбітная постаць славацкага паўстаньня 1848—1849 рокаў. Сьпярша быў пасьлядоўнікам Яна Колара, пасьля Людавіта Штура. У ягоны гонар названая малая плянэта (3730) Гурбан.
Ёзэф Міласлаў Гурбан | |
Jozef Miloslav Hurban | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 19 сакавіка 1817 Бэцкаў |
Памёр | 21 лютага 1888 Глыбокае |
Сужэнец | Anna Jurkovičová-Hurbanová[d] |
Дзеці | Сьветазар Гурбан-Ваянскі[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, палітык, паэт, журналіст, празаік, філёзаф, парах |
Гады творчасьці | з 1835 |
Мова | славацкая[1] |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьЁзэф нарадзіўся ў сям’і эвангельскага пастара Паўла Гурбана і Ганны Ворасавай[4], быў ахрышчаны пад імем Ёзэф Людавіт. Меў старэйшую сястру Тэрэзію Зузану[5]. Пачатковую адукацыю атрымаў у бацькі, пасьля ў 1826—1830 роках навучаўся ў местачковай школе ў Трэнчыне, а ў 1830—1840 — у эвангельскім ліцэі ў Браціславе. Тут ён пазнаёміўся зь Людавітам Штурам, які абудзіў у ім патрыятычныя пачуцьці. У 1840 быў высьвячаны на сьвятара. Хацеў працягнуць навучаньне ў Нямеччыне, аднак зь фінансавых прычынаў мусіў пайсьці працаваць, каб аплаціць вучобу.
Па высьвячаньні быў лютэранскім каплянам у Брэзавай пад Брадлам, ад 1843 служыў пастырам у Глыбокім. У 1860 року скончыў навучаньне і атрымаў званьне доктара філязофіі і доктара тэалёгіі ганорыс каўза. Ад 1866 року па сьмерці Карала Кузманага пэўны час быў супэрінтэндантам славацкай эвангельскай патэнтальнай царквы.
Ажаніўся з Ганнаю Юрковічаваю, зь якой мелі 4 дачок і 5 сыноў (сярод якіх і пісьменьнік Сьветазар Гурбан-Ваянскі).
Дзейнасьць
рэдагавацьДа патрыятычнай, літаратурнай і культурна-арганізацыйнай дзейнасьці далучыўся ў 1835 року. Разам зь Людавітам Штурам стаў найактыўнейшым чальцом Чэска-славацкага таварыства, а неўзабаве і створанага Інстытуту чэхаславацкай мовы і літаратуры.
24 красавіка 1836 узяў удзел у сустрэчы штураўскай моладзі на Дзевіне, дзе ўзяў славянскае імя Міласлаў. У ліпені 1843 у ягонай парафіі ў Глыбокім адбылася сустрэча з Штурам і Годжаа, на якой па агульнай згодзе было вырашана прызнаць цэнтральнаславацкую гаворку асноваю славацкай літаратурнай мовы, якая б служыла ня толькі для абуджэньня народнага духу, але была таксама і спосабам асьветы, адукацыі і культуры для шырокіх слаёў народу. Дзякуючы гэтай сустрэчы ўжо другое выданьне альманаху «Нітра» ў 1844 року прадставіла новую літаратурную мову, хоць граматыка Штура выйшла толькі праз два гады.
У 1848—1849 роках Міласлаў Гурбан быў адным з галоўных дзеячоў Славацкага паўстаньня. 18 сакавіка 1848 у ягонай парафіі ў Глыбокім адбылася сустрэча славацкім народавольцаў. Так зьявілася ідэя мітынгаў з мэтаю выпрацаваць усенародную рэвалюцыйную праграму. 28 красавіка дзякуючы ягонай нястомнай працы ў Брэзавай пад Брадлам адбыўся вялікі народна-рэвалюцыйны мітынг, дзе была абвешчаная нацыянальная праграма Нітранскія вымогі. У траўні таго ж року на сходзе ў Ліптаўскім Мікулашы была прынятая ўсенародная праграма, г. зв. Вымогі славацкага народу, якія выцякалі зь першай Гурбанавай праграмы. Гурбан быў таксама старшынём першага славацкага палітычнага органу — Славацкай народнай рады.
Улады дзяржавы і Пэшту адрэагавалі вельмі востра. Быў выдадзены ордэр на арышт Гурбана, таму ён быў вымушаны зьехаць у чэскія землі. Тут ён таксама ўзяў актыўны ўдзел у праскім паўстаньні, а па ягоным здушэньні пераехаў са Штурам у Харватыю, пазьней у Сэрбію, дзе працягваў працаваць на падтрымку славацкага рэвалюцыйнага руху.
Па перамозе контрарэвалюцыі ў Аўстрыі ў часе нэаабсалютызму знаходзіўся пад паліцэйскім наглядам і быў адсунуты ад палітычнага жыцьця. Тым ня меней, працягваў літаратурныя, моўныя і культурныя намаганьні штураўскага пакаленьня. Пасьля падзеньня Бахавага абсалютызму ў канцы 50-х рокаў XIX стагодзьдзя зноў стаў актыўна займацца палітыкай. У 1861 быў адным з аўтараў Мэмарандуму славацкага народу, дакумэнту, які прадугледжваў прававое разьвязаньне славацкага пытаньня ў канстытуцыйнай манархіі.
Пасьля правалу мэмарандуму пачаў займацца царкоўна-палітычнымі пытаньнямі і намагаўся ўкараненьня ў жыцьцё пратэстанцкага патэнту 1859 року. Па сьмерці Карала Кузманага (1866) быў пастаўлены супэрінтэндантам славацкай эвангельскай патэнтальнай царквы. Аднак і на гэтай пасадзе востра выступаў супраць прынцыпаў аўстра-вугорскага пагадненьня і вугорскага закону аб грамадзянстве 1868 року. За адзін артыкул на гэтую тэму быў увязьнены на 6 месяцаў і аштрафаваны на 239 залатых. У 1875 зноў быў увязьнены, цяпер на тры месяцы, за палітычны артыкул у «Царкоўных лістах». На знак пратэсту супраць закрыцьця славацкіх гімназіяў і Славацкае маціцы выдаў чарговы нумар альманаху «Нітра» (1876—1877) на чэскай мове, каб прадэманстраваць старажытнае адзінства чэхаславакаў і аднавіць агульную мову, аднак гэты ягоны крок назад не знайшоў падтрымкі ў ягоных найбліжэйшых паплечнікаў.
Памёр у Глыбокім. На ягонай магіле ў 1892 року быў паўстаўлены помнік на грошы з грамадзкіх ахвяраваньняў, аднак пасьля адкрыцьця помніку ўлады забаранілі наведваньне магілы нават ягонай жонцы і сынам.
Памяць
рэдагавацьУ 1948 року невялікае мястэчка Стара Дзяла было перайменаванае на Гурбанава. Імя Міласлава Гурбана маюць вуліцы і плошчы ў розных славацкіх і чэскіх местах і вёсках. У Глыбокім знаходзіцца ягонае надмагільле і помнік аўтарства Душана Юркавіча, памятны дом (эвангельскі дом малітвы) і статуя. Помнік Гурбану стаіць і ў Новым Месцы над Вагам, у Бэцкаве і Брэзавай пад Брадлам — памятныя дошкі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Hurban, Jozef Miloslav, 1817-1888 // CONOR.SI
- ^ príslušná strana v krstnej matrike evanjelického cirkevného zboru Beckov je vytrhnutá.
- ^ Záznam o úmrtí v matrike evanjelického cirkevného zboru Hlboké; druhé krstné meno je tu uvedené aspoň iniciálou.
- ^ Záznam o sobáši v matrike evanjelického cirkevného zboru Beckov z júna 1813
- ^ Záznam o krste v matrike evanjelického cirkevného zboru Beckov z marca 1814
Літаратура
рэдагаваць- Beran, Z.: Jozef Miloslav Hurban. In: Slovník slovenských spisovateľov. Praha: Libri, 1999, s. 225—228.
- Brtáň, R.: Postavy slovenskej literatúry. Bratislava: Slovenské pedagogické nakladateľstvo, 1971, s. 270—289.
- Kusý, I. : Jozef Miloslav Hurban. Bratislava: Tatran, 1948.
- Mrlian, O.: Jozef Miloslav Hurban. Bratislava: Osveta, 1959.
- Noge, J.: Slová, ktoré pripravovali čin. In: J. M. Hurban: Dielo I. Bratislava: Tatran, 1983, s. 15 — 30.
- Noge, J.: Umelec a literárny publicista Jozef Miloslav Hurban. In: Slovenská romantická próza. Bratislava: Slovenská akadémia vied, 1969, s. 301—363.
- Winkler, Tomáš: Perom a mečom. Martin : Matica slovenská, 1997. Život zvoniaci činom. J. M. Hurban. Život a dielo v dokumentoch. Editor T. Winkler, Martin: Osveta, 1987.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьСлавацкі Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы гэтага артыкула: |