BBC
«Брытанская вяшчальная карпарацыя» (БВК; анг. British Broadcasting Corporation, BBC) — дзяржаўная тэлерадыёкампанія Вялікабрытаніі, заснаваная ў кастрычніку 1922 г. у Лёндане 6 прыватнымі прадпрыемствамі пад назовам «Брытанская вяшчальная кампанія». 1 студзеня 1927 г. урад Брытаніі выкупіў прадпрыемства і надаў яму сучасны назоў. Замежнае вяшчаньне са сьнежня 1932 г. праводзіць Сусьветная служба Бі-Бі-Сі. Паводле каралеўскага статуту, брытанскі манарх прызначае 12 папячыцеляў на параду міністраў ураду Брытаніі. У сваю чаргу папячыцелі абіраюць кіраўніка карпарацыі, дзейнасьць якой фінансуецца ў Брытаніі за кошт падатковых адлічэньняў з прыватных вытворцаў жывых тэлеперадачаў і адпаведных тэлепадпісчыкаў.
Тып | урадавае прадпрыемства |
---|---|
Дэвіз | Nation Shall Speak Peace Unto Nation |
Заснаваная | 18 кастрычніка 1922 (102 гады таму) |
Заснавальнікі | Marconi(en) (Чэлмсфард(en), графства Эсэкс), «Мэтраполітан-Вікерс»(en) (Манчэстэр) |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Лёндан, Ангельшчына |
Ключавыя фігуры | Энтані Гол(en) |
Галіна | сродкі масавай інфармацыі |
Прадукцыя | музыка, навіны, тэлесэрыял |
Абарачэньне | ▼£4805,1 млн (2015; $7134,1 млн) |
Апэрацыйны прыбытак | ▼£-109,2 млн (2015; $-162,1 млн) |
Чысты прыбытак | ▼£-125,2 млн (2015; $-185,9 млн)[1] |
Лік супрацоўнікаў | 21 045 (2015)[2] |
Матчына кампанія | Міністэрства культуры, вяшчаньня і спорту Брытаніі(en) |
Даччыныя кампаніі | Сусьветная служба Бі-Бі-Сі |
Аўдытар | «Эрнст і Янг»(en) (Лёндан, Ангельшчына) |
Склад
рэдагавацьНа 2016 г. «Брытанская вяшчальная карпарацыя» ўлучала:
- 9 унутрыдзяржаўных тэлеканалаў: «БВК Адзін» (засн. 2 лістапада 1936 г.), «БВК Два» (засн. 20 красавіка 1964 г.), «БВК Тры» (сеціўны; засн. 9 лютага 2003 г. як «БВК Выбар»), «БВК Чатыры» (засн. 2 сакавіка 2002 г.), «Дзіцячы БВК»(en) (засн. 11 лютага 2002 г.), «Сі-Бібіс»(en) (засн. 11 лютага 2002 г.), БВК Альба(en) (засн. 19 верасьня 2008 г. на гэльскай для Шатляндыі), «БВК-Навіны» (9 лістапада 1997 г.), «БВК-Парлямэнт» (засн. у студзені 1992 г. прыватна як Парлямэнцкі канал, выкуплены БВК 23 верасьня 1998 г.);
- 55 унутрыдзяржаўных радыёстанцыяў, зь іх:
- 10 агульнадзяржаўных: «БВК Радыё 1» (засн. 29 ліпеня 1945 г. як Лёгкая праграма БВК), «БВК Радыё 2» (засн. 30 верасьня 1967 г.), «БВК Радыё 3» (засн. 29 верасьня 1946 г. як Трэцяя праграма БВК), «БВК Радыё 4» (засн. 1 верасьня 1939 г. як Айчынная праграма БВК), «БВК Радыё 5 Ужывую» (засн. 27 жніўня 1990 г. як «БВК Радыё 5»), «БВК Радыё 5 Ужывую Спорт-Экстра» (засн. 2 лютага 2002 г.), «БВК Экстра» (засн. 16 жніўня 2002 г.), «БВК 6 Музыка» (засн. 11 сакавіка 2002 г.), «БВК 4 Экстра» (засн. 15 жніўня 2002 г. як «БВК7»), «БВК Азіяцкая сець» (засн. 1996 г.);
- 5 краёвых: «БВК Радыё гэльцаў» (на гэльскай мове для Шатляндыі; засн. 5 кастрычніка 1979 г. як «БВК Радыё вострава»), «БВК Радыё Шатляндыя» (засн. 23 верасьня 1978 г.), «БВК Радыё Кімру» (на валійскай мове для Ўэйлза; засн. 3 студзеня 1977 г.), «БВК Радыё Ўэйлз» (засн. 13 лістапада 1978 г.), «БВК Радыё Ольстэр» (засн. у студзені 1975 г.);
- 40 мясцовых у Ангельшчыне, першую зь якіх запусьцілі ў Лэстэры 8 лістапада 1967 г.;
- Радыё «Сусьветная служба Бі-Бі-Сі»;
- 3 тэлеканалы для замежжа: «Сусьветныя навіны БВК» (засн. 11 сакавіка 1991 г. як Тэлебачаньне «Сусьветнай службы Бі-Бі-Сі»), «Арабскае тэлебачаньне БВК» (засн. 11 сакавіка 2008 г. на арабскай мове), «Пэрсыдзкае тэлебачаньне БВК» (засн. 14 студзеня 2009 г. на пэрсыдзкай мове).
Мінуўшчына
рэдагаваць18 кастрычніка 1922 г. 6 прыватных прадпрыемстваў — «Марконі»(en) (Чэлмсфард(en), графства Эсэкс, Ангельшчына), «Мэтраполітан-Вікерс»(en) (Манчэстэр, графства Ланкашыр, Ангельшчына), «Радыёсувязь», «Брытанскі Томсан-Г’юстан»(en) (Рагбі, графства Ўорыкшыр(en), Ангельшчына), «Галоўная электрычная кампанія»(en) (Лёндан) і «Заходняя электрычная кампанія»(en) (Нью-Ёрк, ЗША) — заснавалі ў Лёндане таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Брытанская вяшчальная кампанія» («БВК»). Статутны капітал у £60,006 разьмеркавалі на 6 роўных дзеляў у выглядзе акцыяў цаной па £1. 14 лістапада 1922 г. «БВК» пачала вяшчаньне на сярэдніх хвалях зь лёнданскай радыёстанцыі «2ЛО»(en) на сядзібе «Марконі». Першым дыктарам быў Артур Бароўз(en), які пачаў перадачу з навінаў аб парлямэнцкіх выбарах у Брытаніі(en) 15 лістапада 1922 году. 15 сьнежня 1922 г. «БВК» атрымала ўлік. Першым галоўным інжынэрам «БВК» стаў Пітэр Экерслі(en) (1922—1929). На 31 сьнежня 1922 г. прадпрыемства налічвала 4 супрацоўнікі. 18 сакавіка 1923 г. кіраўнік Галоўнага паштовага ведамства Брытаніі(en) Нэвіл Чэмбэрлен выдаў прадпрыемству дазвол на вяшчаньне. У ліпені 1923 г. парлямэнт надаў «БВК» манаполію на радыёвяшчаньне ў Брытаніі, якая дзейнічала да 8 кастрычніка 1973 году. На 31 сьнежня 1923 г. прадпрыемства налічвала 177 супрацоўнікаў. На канец 1924 г. «БВК» мела 20 радыёперадавальнікаў у Брытаніі і 465 супрацоўнікаў.
1 студзеня 1927 г. урад Брытаніі выкупіў прадпрыемства і надаў сучасны назоў «Брытанская вяшчальная карпарацыя» («БВК»). У лістападзе 1929 г. Джон Бэрд пачаў досьледнае чорна-белае тэлевяшчаньне на частасьцях «БВК» у Лёндане, што мела 30-радковае разрозьненьне. 15 сакавіка 1932 г. «БВК» пераехала на сучасную сядзібу ў Вяшчальны дом(en). 25 сьнежня 1932 г., на Раство Хрыстова, брытанскі кароль Георг V (1910—1936) стаў першым манархам Брытаніі, які выступіў на радыё «БВК». На заморскія ўладаньні зварот перадавала радыё «Імпэрская служба Бі-Бі-Сі», якую заснавалі 19 сьнежня 1932 году. 2 лістапада 1936 г. у лёнданскім палацы Аляксандры «БВК» пачала штодзённае чорна-белае тэлевяшчаньне з мэханічным 240-радковым разрозьненьнем, распрацаваным Бэрдам, і з электронным 405-радковым разрозьненьнем, распрацаваным у 1934 г. на прадпрыемстве «Электронная і музычная прамысловасьці»(en) (Лёндан). З 1937 г. пакінулі толькі тэлебачаньне з элетронным разрозьненьнем. У студзені 1938 г. «БВК» наняла эгіпецкага радыёжурналіста Ахмада-Камаля Эфэндзі для стварэньня вяшчаньня на арабскай мове. 29 студзеня 1942 г. адбыўся першы выпуск радыёперадачы «Дыскі незаселенага вострава»(en), якую да 1985 г. вёў Рой Пламлі(en). 7 чэрвеня 1946 г. аднавілі тэлевяшчаньне пасьля перапынку з 1 верасьня 1939 г., які пачаўся ў сувязі з Другой сусьветнай вайной. «БВК» заставалася адзіным тэлевяшчальнікам у Брытаніі да верасьня 1955 году.
19 ліпеня 1948 г. «БВК» упершыню пачала 68,5 гадзіны жывога тэлевяшчаньня з 14-х летніх Алімпійскіх гульняў, што праходзілі ў Лёндане да 14 жніўня. Паказ ажыцьцяўляўся для амаль 100 тыс. дамоў Брытаніі, якія мелі тэлевізары пераважна памерам 25 см на 20 см. 12 лютага 1950 г. у Торкі(en) (графства Дэван, Ангельшчына) «БВК» стала адным з 23 дзяржаўных вяшчальнікаў, якія заснавалі Эўрапейскі вяшчальны саюз (Жэнэва, Швайцарыя). У 1952 г. на «БВК» распрацавалі электронны апарат відэазапісу, які дазваляў запісаць да 15 хвілінаў відэа. У красавіку 1958 г. у лёнданскім раёне Пэдзінгтан заснавалі Радыёгукавую майстэрню БВК(en) для вытворчасьці гукавых эфэктаў і электронай музыкі. 16 кастрычніка 1958 г. пачаўся выпуск дзіцячай тэлеперадачы «Сіні Пётар»(en) (сьцяг адплыцьця), якая працягвала выходзіць на 2016 год. 29 чэрвеня 1960 г. у лёнданскім раёне Гэмэрсьміт адчынілі Тэлевізійны цэнтар БВК(en), які выкарыстоўваўся да 31 сакавіка 2013 году. 20 красавіка 1964 г. заснавалі тэлеканал «БВК2»(en) (анг. BBC2), які першым у Эўропе 1 ліпеня 1967 году перайшоў на каляровае вяшчаньне. У чэрвені 1967 г. «БВК» упершыню ажыцьцявіла жывое тэлевяшчаньне праз амэрыканскі спадарожнік «Тэлстар»(en) (бел. Тэлезорка).
У студзені 1970 г. «БВК» заключыла дамову аб супрацы з Адчыненым ўнівэрсытэтам(en) (Мілтан-Кінз(en), графства Бэкінгэмшыр(en)), што дазволіла стварыць ранішнія і вечаровыя перадачы на аснове пісьмовых падручнікаў для дыстанцыйнага навучаньня. У верасьні 1974 г. на тэлебачаньні «БВК» запусьцілі першы тэлетэкст Сіфэкс(en), які працягваў выкарыстоўвацца да 23 кастрычніка 2012 году. 9 лістапада 1997 г. запусьцілі кругласодневы тэлеканал «БВК Навіны 24»(en). У сьнежні 1997 г. запусьцілі ўласны вэб-сайт. 23 верасьня 1998 г. адчынілі першы лічбавы тэлеканал «БВК Выбар», які 9 лютага 2003 г. стаў называцца «БВК Тры»(en). 11 сакавіка 2008 г. заснавалі тэлеканал «Арабскае тэлебачаньне БВК»(en) на арабскай мове для замежнага вяшчаньня. 14 студзеня 2009 г. адчыніўся адпаведны тэлеканал «Пэрсыдзкае тэлебачаньне БВК»(en) для вяшчаньня на Аўганістан, Іран, Таджыкістан і Ўзбэкістан. 20 чэрвеня 2011 г. упершыню ажыцьцявілі жывы трохвымерны паказ 125-га Ўімбэлданскага турніра па тэнісе, што праводзіўся ў Лёндане да 3 ліпеня.
У 2015 г. даход «Брытанскай вяшчальнай карпарацыі» склаў 4805,1 млн фунтаў стэрлінгаў, зь іх £3735,4 млн (78%) склалі падатковыя адлічэньні з прыватных вытворцаў жывых тэлеперадачаў і адпаведных тэлепадпісчыкаў у Брытаніі. Рэшту (£1069,7 млн; 22%) склалі продажы ўласных перадачаў за мяжой. Выдаткі на дзейнасьць склалі £4914,3 млн, што прывяло да апэрацыйных стратаў у £109,2 млн. За 2015 г. на 9 тэлеканалаў «БВК» выдаткавала £2367,8 млн (48%), зь іх на тэлеканал «БВК Адзін» (анг. BBC One) пайшлі £1433,6 млн (29%; 61% выдаткаў на тэлеканалы). На 55 унутрыдзяржаўных радыёстанцыяў (10 агульнадзяржаўных, 5 краёвых і 40 мясцовых у Ангельшчыне) выдаткавалі 652,5 млн (13%), зь іх найбольш пайшло на «БВК Радыё 4»(en) — £115,7 млн (2%; 18% выдаткаў на радыё). На вэб-сайт у 2015 г. выдаткавалі £201 млн (4%). Радыё «Сусьветная служба Бі-Бі-Сі» атрымала £253,6 млн (5%)[2].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Джон Рэйт(en) (14 сьнежня 1922 — 19 ліпеня 1938)
- Фрэдэрык Оджылві(en) (19 ліпеня 1938 — 26 студзеня 1942)
- Сэсіл Грэйвз(en) (26 студзеня 1942 — 6 верасьня 1943)
- Робэрт Фут(en) (6 верасьня 1943 — 31 сакавіка 1944)
- Ўільям Гэйлі(en) (31 сакавіка 1944 — чэрвень 1952)
- Базіль Нікалз (выканаўца абавязкаў; чэрвень — 1 сьнежня 1952)
- Гью-Карлтан Грын(en) (1 студзеня 1960 — 1 красавіка 1969)
- Чарлз-Джон Каран(en) (1 красавіка 1969 — 30 верасьня 1977)
- Ян Трэтаван(en) (1 кастрычніка 1977 — 31 ліпеня 1982)
- Алісдэр Мілн(en) (31 ліпеня 1982 — 29 студзенz 1987)
- Майкл Чэклэнд(en) (29 студзенz 1987 — 31 сьнежня 1992)
- Джон Бірт(en) (31 сьнежня 1992 — 28 студзеня 2000)
- Грэгары Дзюк(en) (28 студзеня 2000 — 29 студзеня 2004)
- Марк Байфорд(en) (в.а.; 29 студзеня — 22 чэрвеня 2004)
- Марк-Джон Томсан(en) (22 чэрвеня 2004 — 17 верасьня 2012)
- Джордж Энтвісл(en) (17 верасьня — 10 лістапада 2012)
- Тымаці Дэйві(en) (в.а.; 11 лістапада 2012 — 2 красавіка 2013)
- Энтані Хол(en) (з 2 красавіка 2013 г.)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Абменны курс даляра да фунта 31 сакавіка 2015 г. (1,4847) (анг.) // Банк Англіі, 31 сакавіка 2015 г. Праверана 3 ліпеня 2016 г.
- ^ а б Энтані Хол, Рычард Ўілсан. Поўная фінансавая справаздача за 2014-15 год // Брытанская вяшчальная карпарацыя, 14 ліпеня 2015 г. Праверана 3 ліпеня 2016 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сайт для замежнага вяшчаньня (анг.)