Яраслава Бандэра

украінская палітычная дзяячка

Ярасла́ва Васі́льеўна Бандэ́ра (па-ўкраінску: Ярослава Василівна Бандера, у дзявоцтве Апарыўская; 14 верасьня 1917, Сянік, Львоўскае ваяводзтва, Польская Рэспубліка — 17 жніўня 1977, Таронта, Канада) — украінская палітычная дзяячка, кіраўніца жаночай і моладзевай сеткі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Жонка Сьцяпана Бандэры. Сяброўка Асацыяцыі ўкраінскіх студэнцкіх арганізацыяў Польшчы да 1939.

Яраслава Бандэра
Дата нараджэньня 14 верасьня 1917(1917-09-14)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 17 жніўня 1977(1977-08-17) (59 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Грамадзянства Канада
Месца вучобы Тэхнічны ўнівэрсытэт, Львоў
Занятак палітык
Муж Сьцяпан Бандэра
Дзеці Andrii Bandera[d]

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзілася ў Сяніку[1].

Бацька кс. Васіль Апарыўскі (Апароўскі) нарадзіўся ў вёсцы Банараўка, быў грэка-каталіцкім сьвятаром, капэлянам Украінскай Галіцкай Арміі (УГА). Загінуў у баях падчас польска-ўкраінскай вайны. Пахаваны на вайсковых могілках у Падгайцах[2].

Маці, Юля з Ганькоўскіх, была дачкой школьнага інспэктара, працавала настаўніцай і была расстраляная 26 ліпеня 1944 году, верагодна, байцамі Людовай Арміі. Пахаваная ў вёсцы Банараўка[3].

Брат Леў быў расстраляны немцамі ў 1942 годзе ў Жоўкве[4].

У 1936 г. скончыла жаночую гімназію імя Эміліі Плятэр у Сяніку, потым гімназію ў Каламыі. У школе яна называлася прозьвішчам маці — Яраслава Ганькоўская. Паступіла ў вышэйшую навучальную ўстанову Львоўскага тэхнічнага ўнівэрсытэту, дзе ў 1936 годзе ўступіла ў АУН[5].

Арыштаваная ў красавіку 1939 г. у Львове за ўдзел у студэнцкіх дэманстрацыях. З сваім будучым мужам Сьцяпанам Бандэрам яна пазнаёмілася ў 1940 годзе ў Кракаве. Яны пабраліся шлюбам у касьцёле сьв. Норбэрта ў Кракаве. Абрад вянчаньня зьдзейсьніў ксёндз Сьцяпан Граб, сьведкамі былі Люба Лемык і малодшы брат Сьцяпана Бандэры Васіль Бандэра (загінуў у 1942 г. у нацысцкім лягеры сьмерці Асьвенцым)[6].

Пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны разам з дачкой і сынам апынулася ў савецкай акупацыйнай зоне Нямеччыны, дзе жылі пад псэўданімамі. У 1948—1950 гадах сям’я жыла ў Баварыі ў лягеры для бежанцаў, а з пачатку 1950-х гадоў — у вёсцы Брайтбрун (Breitbrunn, Баварыя, амэрыканская зона). У 1954 годзе Яраслава Бандэра зь дзецьмі пераехала ў Мюнхэн, дзе на той момант ужо жыў Сьцяпан Бандэра[7].

Пасьля забойства Сьцяпана Бандэры ў 1959 годзе агентам КДБ Багданам Сташынскім Яраслава зь дзецьмі восеньню 1960 году пераехала зь Мюнхэну ў Таронта, дзе працавала ў розных украінскіх арганізацыях[8].

Яраслава выгадавала траіх дзяцей:

  • Натальля (26.05.1941, Сянік — 13.01.1985, Мюнхэн);
  • Андрэй (16 мая 1946, Мюнхэн — 19 ліпеня 1984, Таронта);
  • Леся (27.08.1947, Рэгенсбург — 16.08.2011, Таронта).

Яна памерла і пахаваная ў Таронта[9].

  1. ^ Michaiło H. Marunchak. Biographical dictionary to the history of Ukrainian Canadians 1986. — P. 39.
  2. ^ Michaiło H. Marunchak. Biographical dictionary to the history of Ukrainian Canadians 1986. — P. 39.
  3. ^ Посівнич, Микола. Степан Бандера — життя, присвячене свободі. — Торонто — Львів: Літопис УПА, 2008. — Т. 3. — С. 66-67.
  4. ^ Життя і діяльність Степана Бандери: документи й матеріали / Редактор і упорядник Микола Посівнич. — Тернопіль: Астон, 2008. — С. 379—380
  5. ^ Життя і діяльність Степана Бандери: документи й матеріали / Редактор і упорядник Микола Посівнич. — Тернопіль: Астон, 2008. — С. 379—380
  6. ^ Посівнич, Микола. Степан Бандера — життя, присвячене свободі. — Торонто — Львів: Літопис УПА, 2008. — Т. 3. — С. 66-67.
  7. ^ Життя і діяльність Степана Бандери: документи і матеріали. 2008.
  8. ^ Енциклопедія сучасної України. Національна академія наук України. B-Bio, 2001. с. 318.
  9. ^ Український тижневик «Свобода». 24.07.1984, https://web.archive.org/web/20140407080656/http://www.svoboda-news.com/arxiv/pdf/1984/Svoboda-1984-139.pdf