Ян Клемэнс Браніцкі
Ян Клемэнс Браніцкі (21 верасьня 1689, Тыкоцін або Беласток — 9 кастрычніка 1771, Беласток) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Рэчы Паспалітай. Харунжы вялікі каронны (1724—1728), генэрал артылерыі кароннай (1728—1735), гетман польны (1735—1752) і вялікі каронны (з 1752), адначасна кракаўскі ваявода (1746—1762) і кашталян (з 1762).
Якуб Генрык Флемінг. Люі дэ Сыльвэстэр, 1735 | |
Герб «Грыф» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 21 верасьня 1689 Тыкоцін або Беласток |
Памёр | 9 кастрычніка 1771 Беласток |
Пахаваны | |
Род | Браніцкія |
Бацькі | Стэфан Мікалай Браніцкі Кацярына Схалястыка з Сапегаў |
Жонка | Кацярына Барбара з Радзівілаў Барбара з Шэмбэкаў Ізабэла з Панятоўскіх |
Дзейнасьць | дыплямат, вайсковец, палітык |
Подпіс |
Ян Клемэнс Браніцкі — адзін з набольш багатых і ўплывовых магнатаў Рэчы Паспалітай. Апошні з роду. Трымаў Бранскае (з 1709), Бельскае (з 1719), Кросьненскае (з 1720), Масьціцкае (з 1744) і Златарыйскае (з 1750) староствы.
Біяграфія
рэдагавацьПрадстаўнік шляхецкага роду Браніцкіх гербу «Грыф», сын Стэфана Мікалая, ваяводы падляскага, і Кацярыны Схалястыкі з Сапегаў. Другое імя Клемэнс пачаў ужываць у сталым веку замест хроснага імя Казімер.
У 1723 атрымаў ганаровы ўрад падчашага вялікага літоўскага, але не прыняў яго. У маладосьці служыў у францускім войску. Па вяртаньні ў 1709 далучыўся да групоўкі канцлера вялікага літоўскага К. С. Радзівіла і ажаніўся зь ягонай дачкой Кацярынай.
Імкнуўся адыгрываць ахоўную ролю ў палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай, не дазваляў рэформаў, і ў гэтым дзейнічаў разам з Радзівіламі. Падтрымліваў караля Аўгуста Моцнага, у 1733 выступіў за абраньне на сталец Аўгуста Саса.
Групоўка Чартарыйскіх, якая выпрацавала плян дзяржаўных рэформаў, імкнулася перацягнуць Я. К. Браніцкага на свой бок. Дзеля гэтага ў 1748 яна зладзіла шлюб Я. К. Браніцкага з Ізабэлай Панятоўскай (сястра будучага караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага). Аднак намаганьні «Фаміліі» ня далі плёну.
Быў платным агентам францускага ўраду, але з пачаткам Сямігадовай вайны (1756—1763) пераарыентаваўся на Прусію, зноў зблізіўся з рэфармісцкай групоўкай Чартарыйскіх. Па сьмерці Аўгуста Саса ў 1763 меркаваў выставіць сваю кандыдатуру на сталец Рэчы Паспалітай, што прывяло да разрыву з Чартарыйскімі. Па гэтым яго пазбавілі рэальнай улады над войскам і вымусілі эмігрыраваць у Вугоршчыну, потым паразумеўся з Чартарыйскімі і вярнуўся. З мэтай аднаўленьня ранейшага палітычнага ўплыву ўзяў удзел у арганізацыі Барскай канфэдэрацыі, якую падтрымліваў фінансава.
Збудаваў раскошны палац у Беластоку («Падляскі Вэрсаль»). У 1745 заснаваў у месьце Вайсковую школу будаўніцтва і інжынэрыі[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Браніцкі Ян Клеменс // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 82.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7