Эльфійскія мовы (Міжзем’е)
Эльфі́йскія мовы ў Міжзе́м'і — мовы, створаныя Дж. Р. Р. Толкінам як мовы, на якіх размаўляюць эльфы ў выдуманым сусьвеце твораў Толкіна. Толкін быў філёлягам паводле прафэсіі і праз гэта правёў шмат часу над іх распрацоўкай. Эльфійскія мовы былі першымі мовамі, якія Толкін распрацаваў для сусьвету сваіх твораў; паводле словаў пісьменьніка, гэтыя мовы сталі адным з падмуркам для будучых твораў.
Разам з гэтымі мовамі Толкінам былі створаныя пісьмовасьці для гэтых моваў: сараці, тэнгвар і кірт.
Гісторыя стварэньня
рэдагавацьСтварэньне першае эльфійскае мовы Толкін распачаў у пэрыяд 1910—1911 гадоў падчас свайго навучаньня ў школе караля Эдўарда, Бірмінггэм. Пазьней праект гэтае мовы атрымаў назву Qenya. Ужо ў гэты пэрыяд пісьменьнік быў знаёмы з лацінай, грэцкай і гішпанскай мовамі, а таксама зь некалькімі сярэднявечнымі германскімі мовамі — гоцкай, старажытнаскандынаўскай і стараангельскай мовамі. У прыватнасьці, у гэты час Толкін распрацаваў адзін крыптаграфічны код і дзьве штучныя мовы. Аднак пазьней Толкін сутыкнуўся зь фінскай мовай, што надало яму вызначанае натхненьне. Паводле словаў Толкіна, ён «быццам бы знайшоў поўны вінны склеп, напоўнены бутэлькамі дзіўнага віна і смак якога ня быў мне вядомы раней. Гэта прывяло мяне нібы ў стан ап’яненьня»[1]. Толкін пачаў вывучаць фінскую мову з мэтай прачытаньня фінска-карэльскага эпасу Калевала. Паводле пісьменьніка, пры стварэньні мовы квэнья Толкін кіраваўся менавіта сваім досьведам вывучэньня фінскае мовы: напрыклад, у квэнья трапілі такія фанэтычныя рысы фінскай мовы як адсутнасьць клястэраў зычных у пачатку слова, адсутнасьць выбухных b, d, g (за выняткам спалучэньняў mb, nd, ng, ld, rd). Зь фінскае граматыкі ў квэнья патрапілі частае ўжываньне фіналяў -inen, -ainen, -oinen, канчаткі -sse, -nna, -llo; выражэньне прыналежнасьці шляхам суфіксаў і адсутнасьць роду[2].
Стварэньне мовы Толкінам перасьледавала ня толькі эстэтычныя цікаўнасьці, але й імкненьне стварэньня адпаведнай міталёгіі для легендарыюму ягоных твораў. На думку пісьменьніка, апрача стварэньня мовы было патрэбным яшчэ і апісаньне гісторыі яе носьбітаў, што стварыла б адпаведны фон для гісторыі эльфаў і іхных моваў[3].
Між тым, эльфійскія мовы зазналі шмат зьменаў у галінах спражэньня ды займеньнікаў. Эльфійская лексыка не падвергнулася значным зьменам, акрамя пэрыяду з 1910 па 1920 гады. Толкін захапляўся, у прыватнасьці, распрацоўкай этымалёгіі для сваіх штучных моваў.
У якасьці асноўных шляхоў для стварэньня штучных моваў Толкін з самога пачатку выкарыстоўваў параўнальна-гістарычную лінгвістыку і г.зв. дрэвавую мадэль. Так, напрыклад, спачатку пісьменьнік распрацоўваў фанэтычную сыстэму мовы, потым пачынаў працаваць над законамі яе гістарычнага зьмяненьня.
На пачатку 30-х гадоў ХХ ст. Толкін вырашыў, што паводле задумы легендарыюму твораў Толкіна протамовай (мовай-продкам) эльфаў мусіць стаць валарын — мова багоў Валару: паводле словаў пісьменьніка, эльфы атрымалі гэтую мову з Валару і паступова, цягам гісторыі, зьмянялі яе і ўзбагачалі ўласнымі інавацыямі[4]. На сваіх параўнальных табліцах Толкін здолеў апісаць фанэтычныя зьмены наступных моваў[5]: квэнья, ліндарын (дыялект квэнья), тэлерыну, старой нолдарын, нолдарын, ілкарын, данійскай, усходнеданійскай, таліска, заходняй лембэрын, паўночнай лембэрын і ўсходняй лембэрын.
За сваё жыцьцё Толкін не спыняў экспэрымэнты над сваімі штучнымі мовамі, яны цярпелі шмат зьменаў і некаторыя з моваў мелі розныя граматычныя лады ў розных пэрыядах іх стварэньня. Аднак пасьля выхаду Ўладару Пярсьцёнкаў у 1954—1955 гадох граматычны лад найгалоўных эльфійскіх моваў (сындарын, тэлерын, квэнья) зьмяніўся невялікім чынам.
Публікацыя ў лінгвістычных выданьнях
рэдагавацьДва часопісы, Vinyar Tengwar (ад выпуску 39 ў ліпені 1998 року) і Parma Eldalamberon (ад нумару 11, 1995 год) прысьвячалі свае нумары рэдакцыі й публікацыі неапублікаваных лінгвістычных працаў Дж. Р. Р. Толкіна — амаль штогод публікуюцца новыя словы з эльфійскіх моваў і граматычныя правілы. Між тым, доступ да неапублікаваных працаў абмежаваны і рэдактары яшчэ не публікуюць працы, над якімі яны яшчэ працягваюць сваю працу.
Гісторыя ў легендарыюме
рэдагавацьПаводле легендарыюму твораў Дж. Р. Р. Толкіна, эльфійскія мовы ўтвараюць зь сябе моўную сям’ю, якая складаецца зь некалькіх роднасных моваў, а таксама іх дыялектаў. Паводле Толкіна ўсе яны маюць наступнае храналягічнае паходжаньне:
- Квэндэрын — протамова эльфаў, якая пачала разьвівацца ў Куівіенэне. Усе мовы эльфійскае моўнае сям’і лічацца нашчадкамі гэтае мовы (протамова звычайна дае пачатак некалькім роднасным мовам). Разам з гэтым, Толкін падзяліў эльфійскія мовы на дзьве галіны[6], кожная зь якой запачаткаваная дзьвюма эльфійскімі мовамі:
- Аварын — мова другога й трэцяга клянаў эльфаў, якія адмовіліся сысьці ў Валінар.
- Разьвіліся ў ня менш як шэсьць роднасных моваў.
- Агульны элдарын — мова эпохі трох клянаў Элдару падчас вялікае выправы на Валінар. Эвалюцыянавала ў:
- Квэнья — мова эльфаў Аману. Мае два дыялекты:
- Ваньярынскі — мова першага кляну эльфаў.
- Нолдарынскі — мова эльфаў другога кляну.
- Тэлерын — мова эльфаў трэцяга кляну.
- Нандарын — мова Нандару, часткі трэцяга кляну эльфаў.
- Разьвілася ў некалькі нандарынскіх моваў.
- Сындарын — мова Сындару, адной з частак трэцяга кляну эльфаў, якая жыла ў Бэлерыяндзе. Мае наступныя дыялекты:
- Дарыятрын
- Фалатрын
- Паўночны
- Нолдарынскі дыялекты.
- Квэнья — мова эльфаў Аману. Мае два дыялекты:
- Аварын — мова другога й трэцяга клянаў эльфаў, якія адмовіліся сысьці ў Валінар.
Датычна эльфійскіх моваў выкарыстоўваецца шэраг дыякрытычных знакаў. Сярод іх адзначаюцца акут (á, é, í, ó, ú) і цыркумфлекс (â, ê, î, ô, û, ŷ), якімі пазначаецца даўжыня галоснага гуку. Таксама адзначаецца й знак макрон (гарызантальная рыса над літарай), якую Толкін выкарыстоўваў для пазначэньня доўгіх галосных у агульным элдарыне. Знак умляўту (ä, ë, ö) пазначае асобнае вымаўленьне кароткага галоснага гуку і адсутнасьць дыфтонгу (напрыклад, словы Ainulindalë і Eärendil, дзе літары з умляўтам пазначаюць асобны гук).
Параўнаньне
рэдагавацьНіжэй прыведзены прыклад храналягічнага зьмяненьня эльфійскае моўнае сям’і на прыкладзе слова kwendī («народ», пазьнейшае значэньне — «эльфы») у мовах розных пэрыядаў[7]:
Пэрыяд | Мовы | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Абуджэньне | Квэндэрын Мова ўсіх эльфаў у Куйвіенэне kwendī | |||||
Заходняя выправа | Квэнья Ваньяр і нолдар Quendi |
Агульны элдарын Мова эльфаў у пэрыяд г.зв. выправы Kwendī |
Аварын Мова эльфаў, якія засталіся ля Куйвіенэну, потым расьсяліўшыся па ўсім Міжзем’і (праз што мова распалася на некалькі новых) Kindi, Cuind, Hwenti, Windan, Kinn-lai | |||
Першая эпоха Сонца | Тэлерын Мова кляну тэлеры Pendi |
Сындарын Эльфы трэцяга кляну ў Бэлерыяндзе не выкарыстоўвалі гэты панятак навогул[8]. Гэты панятак выкарыстоўваўся толькі ў дыялекце нолдар і гучаў на ім як Penedh, мн. лік. Penidh[9] |
Нандарын Мова эльфаў Асырыянду: адз. лік: Cwenda[9] |
|||
Мова лясных эльфаў[10] Penni |
Вымаўленьне ў сындарын і квэнья
рэдагавацьСындарын і квэнья маюць вельмі блізкія фанэтычныя лады. Ніжэй прыведзеныя прыклады галосных гукаў, якія пазначаюцца літарамі або іх спалучэньнямі (паводле IPA). С — сындарын, К — квэнья.
Літара (або дыграф) | Вымаўленьне |
---|---|
a | [ɑ] |
á | [ɑˑ] |
â | [ɑː] |
ae | [ɑɛ̯] |
ai | [ɑɪ̯] |
au | [ɑʊ̯] |
aw | [ɑʊ̯] |
e | [ɛ] |
é | С: [ɛˑ], К: [eˑ] |
ê | [ɛː] |
ei | [ɛɪ̯] |
eu | [ɛʊ̯] |
i | [i] |
í | [iˑ] |
î | [iː] |
iu | [iʊ̯] |
o | [ɔ] |
ó | С: [ɔˑ], К: [oˑ] |
ô | [ɔː] |
oi | [ɔɪ̯] |
oe | [ɔɛ̯] |
œ | [œ] |
u | [u] |
ú | [uˑ] |
û | [uː] |
y | [y] |
ý | [yˑ] |
ŷ | [yː] |
- Зычныя:
- У адрозьненьне ад моваў Заходняй Эўропы і, у прыватнасьці, ангельскай (мова арыгіналу твораў Толкіна) літара c пазначае гук [k] нават у пазыцыі перад літарамі i, e;
- Літара ɡ заўсёды пазначае гук [ɡ];
- r заўсёды пазначае альвэалярны дрыжачы [r] (а не ангельскае [ɾ]), які аналягічны беларускаму р;
- Дыграф dh пазначае гук [ð] (як «th» у ангельскім this);
- Дыграф ch пазначае не ангельскае [*t͡ʃ], а гук [x] (як «ch» у нямецкім ach);
- Дыграфам lh пазначаецца асаблівы гук [ɬ], які можна спаткаць у валійскай мове.
Пісьмовасьць
рэдагавацьБольшасьць узораў эльфійскіх моваў для зручнасьці запісваліся лацінскім альфабэтам (гл. вышэй), аднак у легендарыюме твораў Толкіна эльфійскія мовы запісваліся разнастайнымі ўласнымі пісьмовасьцямі. Найвядомай з такіх пісьмовасьцяў зьяўляецца тэнгвар Фэанору, аднак першай з гэтых пісьмовасьцяў зьяўляецца тэнгвар Румілу, створаны Толкінам у 1919 годзе.
Сьпіс вядомых пісьмовасьцяў, распрацаваных Толкінам (у храналягічным парадку):
- Тэнгвар Румілу (таксама вядомая як сараці)
- Руны Гондаліну
- пісьмовасьць Валмару
- Андыёквэнья
- Квэньінская
- Тэнгвар Фэанору
- Кірт.
Паводле легендарыюму Толкіна, першай пісьмовасьцю, выкарыстанай эльфамі для запісу Квэнья, сталася г.зв. сараці. Сындарын упершыню стаў запісвацца пісьмовасьцю кірт. У прыватнасьці, рунічныя надпісы выгравіраваныя на мячы Арагорна.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Ліст №214 лістоў Толкіна.
- ^ Зь ліста Ў. Мэт’юсу, які датуецца сярэдзінай чэрвеня 1964 году. Апублікаваны ў Parma Eldalamberon 17, ст. 135.
- ^ Tolkien, J. R. R. The Lord of the Rings „Foreword to the Second Edition”.
- ^ J.R.R. Tolkien. Lambion Ontale: Descent of Tongues. — Tengwesta Qenderinwa 1. — Parma Eldalamberon 18. — С. 23.
- ^ Parma Eldalamberon, 19, ст. 18-28
- ^ J.R.R. Tolkien, «Tengwesta Qenderinwa», Parma Eldalamberon 18, p. 72.
- ^ J.R.R. Tolkien, «Quendi and Eldar», The War of the Jewels, pp. 372—377.
- ^ J.R.R. Tolkien, «Quendi and Eldar», The War of the Jewels, p. 376
- ^ а б J.R.R. Tolkien, «The Etymologies», The Lost Road, p. 366.
- ^ Паходжаньне гэтае мовы зьяўляецца невядомым. Сьцьвярджаецца, што мова лясных эльфаў мела аварынскае або нандарынскае паходжаньне. Між тым, самі лясныя эльфы культурна спалучалі рысы як авары, так і нандару й сындару.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Learn Elvish (анг.)
- The Elvish Linguistic Fellowship (анг.)
- Эльфійскія шрыфты для TeX (анг.)
- Элфьійскія шрыфты для Windows (анг.)
- The Tolkienian Linguistics FAQ (анг.)