Эбсторфская карта
Эбсторфская ка́рта створаная каля 1284 году (паводле іншых зьвестак, у 1240 годзе) круглая (дыямэтар каля 3,5 м) каляровая карта вядомага сьвету на пэргамэнтным аркушы агульнай плошчай 13 м².
Аўтарства прыпісваюць ці то ангельскаму схалясту Гэрвазу з Тыльбэры (памёр у 1235 годзе), ці то Гэрвазу фон Тыльбурну — высокаадукаванаму нямецкаму рыцару, які шмат падарожнічаў па розных краінах, а ў канцы жыцьця прыняў манаства і атрымаў у валоданьне бэнэдыктынскі кляштар у ніжнесаксонскім горадзе Эбсторфена поўдзень ад Гамбургу (адкуль назва), дзе з дапамогай манахаў пачаў ствараць Эбсторфскую мапу. Знаходзілася ў алтары царквы кляштара, у XVI стагодзьдзі закінутая, знойдзена і ўведзена ў навуковы абарот у 1830-х гадах. У 1943 годзе арыгінал загінуў, захаваліся 4 копіі XIX—XX стагодзьдзяў.
Такія тыповыя для сярэднявечча карты, арыентаваныя, у адрозьненьне ад сучасных, не на поўнач, а на ўсход, служылі ілюстрацыяй да біблейскага апавяданьня аб расьсяленьні сыноў Ноя пасьля патопу. Традыцыйна мелі выгляд круга, у які ўпісвалася літара «T», утвараючы манаграму «O-T», што расшыфроўвалася як Orbis Terrarum (круг зямны). Верхні сэктар круга адпавядаў Азіі, заселенай нашчадкамі Сіма; левы ніжні — Эўропе (Яфета); правы ніжні — Афрыцы (Хама). Вэртыкальнай рысай «T» служыла Міжземнае мора, гарызантальнай — Дон, Чорнае, Мармуровае, Эгейскае мора і Ніл (ці Чырвонае мора). У цэнтры знаходзіўся Ерусалім.
Эбсторфская карта — самая славутая з картаў гэтага тыпу і першая зь вядомых эўрапейскіх картаў, на якой адлюстраваная тэрыторыя Беларусі: рэкі Нёман (Memela) і Дзьвіна (Duna); над апошняй разьмешчаныя Смаленск (Smalentike) і Полацак (Plosceke civitas), апошні далей ад вусьця Дзьвіны, чым першы. Выдуманая выява Полацку — адна зь першых у заходнеэўрапейскай іканаграфіі. Эбсторфская карта сьведчыць пра важнасьць гандлёвага шляху па Дзьвіне і разнастайныя сувязі, якія існавалі паміж Полацкам, Віцебскам, Смаленскам і нямецкімі гарадамі Інфлянтаў і Готлянду ў XIII стагодзьдзі.
Літаратура
рэдагаваць- Алесь Белы // . — Мн.: .
- Journeys to the Promised Land: maps, diaries, and journals of travellers to Israel in ancient days and the present. London, 1989.
- Alexandrowicz S. Rozwoj kartografii Wielkiego Ksiestwa Litewskiego od XV do polowy XVIII w. Poznan, 1989.
- Дитмар А. Б. От Птолемея до Колумба. М., 1989.
- Белы А. Беларусь на Эбсторфскай карце XIII ст. // Спадчына. 1999. № 2.(недаступная спасылка)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Арыгінальны артыкул(недаступная спасылка)
- Старонка, прысьвечаная Эбсторфскай мапе з магчымасьцю прагляду фрагмэнтаў і пошуку (ням.)