Чорная бяроза
«Чо́рная бяро́за» — 2-сэрыйная кінадрама 1977 году аб беларускім чырвонаармейцы падчас (1-я частка) і пасьля (2-я частка) Нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гг. у Беларусі[2]. Фільм зьнялі ў шырокім фармаце з 6-канальным стэрэагукам. У 1978 г. фільм атрымаў расейскі пераклад, у якім яго ў кінатэатрах СССР паглядзелі 33,3 млн кінагледачоў (12,7% насельніцтва СССР; 11-е месца ў савецкім кінапракаце за 1978 год). Таксама ў 1978 г. на кінафэстывалі ў Ерэване (Армянская ССР) Натальля Бражнікава атрымала 2-ю ўзнагароду за жаночую ролю ў фільме.
«Чорная бяроза» | |
Жанр | Драма |
---|---|
Рэжысэр | Віталь Чацьвярыкоў(ru) |
Сцэнарыст | Барыс Архіпавец, Міхаіл Бярозка, Самсон Палякоў(ru) |
Прадусар | Валянціна Булавіна |
У ролях | Яўген Карэльскіх(ru), Уладзімер Куляшоў(be) |
Кампазытар | Аляксей Мураўлёў(ru) |
Апэратар | Зьміцер Зайцаў(ru) |
Мантаж | Любоў Рэніч |
Вытворчасьць | «Беларусьфільм» |
Дата выхаду | 1977[1] |
Працягласьць | 136 хвілінаў (67+69) |
Краіна | Беларуская ССР (СССР) |
Мова | Беларуская |
Папярэдні | «Час не чакае»(ru) (1975) |
Наступны | «Разводзьдзе» (1980) |
Старонка на IMDb |
10 кастрычніка 2013 г., 27 лютага 2016 г. і 17 ліпеня 2017 г. паказ фільму ажыцьцяўляўся на беларускай мове на тэлеканале «Беларусь 3».
Дзея
рэдагаваць1-я частка
рэдагавацьЛейтэнант Андрэй Хмара спыняе танк падчас адступленьня Чырвонай арміі зь Менску (Беларуская ССР) пры канцы чэрвеня 1941 году. Андрэй сядае ў танк на месца параненага кіроўцы і вяртаецца ў Менск. На руінах дома Вера Іванаўна паведамляе Андрэю аб сьмерці яго жонкі Ніны і дачкі Каці. У вулічным баі экіпаж танка Андрэя Хмары гіне. Пасьля баявой кантузіі Надзея даставіла Андрэя ў партызанскі лягер. Там лекарка Антаніна Іванаўна зрабіла яму апэрацыю. 7 жніўня 1941 г. за дапамогу Андрэю нямецкія акупанты расстралялі лекарку з 5-гадовай дачкой Воляй, пакінуўшы яе сына Васіля сіратой.
Пры канцы жніўня партызаны Макар Журавель і Павал здабылі аўтамабіль, утапіўшы нямецкага афіцэра ў рацэ. Узімку партызанскі атрад падарваў чыгуначныя рэйкі, чым пусьціў пад адхон нямецкі цягнік. У самую сьцюжу нямецкі зьнішчальнік зьбіў чаканы партызанамі самалёт. Пілётка выскачыла з парашутам і павісла на дрэве, адкуль яе зьняў Андрэй. Павал застаўся прыкрываць адступленьне атрада і загінуў, пакінуўшы жонку ўдавой. Увечары Надзея падарыла Тацяне свой кажух. Тацяна сказала Надзеі аб закаханасьці ў Андрэя. Наступным днём Тацяна мылася на рацэ. Пілёт нямецкага зьнішчальніка пры аблёце леса заўважыў Тацяну і спрабаваў пацэліць у яе. Тацяна ратавалася ўцёкамі і спаткала ў бярэзьніку Андрэя. Макар паведамляе Надзеі аб сваім ад’езьдзе на «вялікую зямлю» (у франтавы тыл, у Расею) і спаленьні карнікамі роднай для Надзеі вёскі Крыніцы (Менскі раён).
Пасьля вызваленьня Менску 3 ліпеня 1944 г., 16 ліпеня ў горадзе праходзіць партызанскі парад з удзелам атрада. Тацяна паведамляе Андрэю: «Сёньня ноччу мяне закінуць ва Ўсходнюю Прусію», і кажа: «Забудзь пра мяне».
2-я частка
рэдагавацьРаньняй вясной 1945 г. Макар Журавель сустрэў Андрэя Хмару ў Менску. Макар згадаў аб сваім прызначэньні ў той дзень кіраўніком Менскага аўтамабільнага заводу (МАЗ) і наняў Андрэя на завод. На самым пачатку траўня Ганна Фёдараўна сказала Макару аб атрыманьні 17 красавіка паведамленьня пра сьмерць мужа Алеся, які быў лётчыкам. Таксама Ганна згадала аб забойстве падчас вайны нямецкім жаўнерам яе дзіцяці, якім яна была цяжарная ад мужа.
Маёр запатрабаваў праверыць хадавыя якасьці сабранага на МАЗе танка для пасылкі на Бэрлін, з чым Андрэй справіўся. Тады маёр загадаў старшаму лейтэнанту прыняць танк на ўзбраньне. Увечары Андрэй сустрэў на вуліцы хлопца Пятра, у якога спытаў аб месцы пражываньня Надзеі Сташонак. Пятро назваў Надзею сваёй прыёмнай маці і згадаў, што родных бацькоў спалілі карнікі. Таксама Пятро прадставіў сваіх малодшых сясьцёр Зою і Ліду. Андрэй зрабіў прапанову Надзеі выйсьці за яго замуж. Надзея спытала аб Тацяне. Андрэй прапанаваў аб ёй не ўспамінаць і паведаміў аб намеры перавезьці Надзею зь дзецьмі з Крыніцаў у Менск.
Увечары 8 траўня Макар завітаў да Андрэя, якога застаў за дапамогай прыёмнаму сыну Пятру ў рашэньні задачы з падручніка за 2-і кляс. Макар паведаміў аб прыбыцьці чыгуначнага эшэлёна з абсталяваньнем для завода і заклікаў Андрэя сабраць супрацоўнікаў для разгрузкі эшэлёна. Апоўначы на 9 траўня, падчас разгрузкі супрацоўнікамі цягніка ў небе загарэліся фаервэркі, якія распачалі сьвяткаваньне перамогі ў Нямецка-савецкай вайне. Пад дажджом Макар павіншаваў супрацоўнікаў завода зь перамогай у вайне і згадаў аб будучым будаўніцтве побач з заводам праспэкта, які назавуць Партызанскім.
На трамвайным шляху Ганна нагадала Макару Жураўлю, як яны пазнаёміліся перад вайной: «Я трамвай вяла, а ты мне ў кабіну ахапак рамонкаў паклаў». Макар узгадаў той трамвай № 3 «Вакзал—Старажоўка». Ганна спытала аб яго перажываньнях, калі яна выйшла замуж за лётчыка-героя Алеся. Макар згадаў аб мажлівай памылковасьці паведамленьня аб сьмерці яе мужа. Ганна згадала, што пражыла з мужам менш за месяц да яго накіраваньня на фронт.
Каля замінаванага будынка Тацяна сустрэла Андрэя Хмару. Андрэй паведаміў Тацяне, што мае жонку з трыма дзецьмі. Тацяна падзякавала за праўду і сышла на сустрэчу наконт дамоўленага жытла. На будоўлі Надзея сказала Макару Жураўлю, што Андрэй любіць іншую і застаўся зь ёй праз жаласьць да дзяцей. Наступным днём Макар сустрэўся ў Ганны зь яе мужам Алесем, які вярнуўся з войска. Макар паведаміў, што атрымаў кватэру і сышоў.
Андрэй паўшчуваў на аўтазаводзе работніка за выраб чарнільніцы для вячэрняй школы. Іншы работнік у адказ паскардзіўся на холад на заводзе. Іван Клімаў папрасіў у Макара Жураўля пакой у сувязі з намерам ажаніцца і згадаў страту нагі ў баі пад Варшавай. Андрэй забраў Івана да сябе ў госьці, дзе зладзіў яму сустрэчу з Палінай. Андрэй прапанаваў Івану і Паліне застацца ў іх жыць. Наступным днём Андрэй знайшоў асірацелага Васіля каля вясковай хаты бабулі Аляксеіхі, якая яго схавала ад нямецкіх карнікаў.
На Рэвалюцыйнай вуліцы Тацяна сустрэла Надзею, у якой запытала аб жонцы Андрэя. Надзея сказала, што яна і ёсьць жонкай Андрэя. Увечары Андрэй вярнуўся ў кватэру з Васілём і знайшоў на стале ліст ад Надзеі з паведамленьнем аб яе сыходзе разам зь дзецьмі. Андрэй разам з Васілём знайшоў Надзею зь дзецьмі на чыгуначным вакзале і сказаў: «Хадзем дадому».
Ролі
рэдагаваць- Макар Пятровіч Журавель, партызан і кіраўнік МАЗа — Уладзімер Куляшоў(be)
- Андрэй Рыгоравіч Хмара, лейтэнант — Яўген Карэльскіх(ru)
- Надзея Сташонак, 2-я жонка Андрэя — Натальля Бражнікава
- Тацяна, пілётка — Ірына Алфёрава(ru)
- Павал, цыган у партызанах — Алег Хабалаў(ru)
- Ганна Фёдараўна, жонка Алеся — Эгле Габрынайтэ
- Антаніна Іванаўна, лекарка — Джэма Фірсава(ru)
- Цыганка, жонка Паўла — Соф'я Цімафеева
- Аляксеіха, бабуля — Любоў Маліноўская(ru)
- Васіль, сын Антаніны — Уладзь Кавалёў
- Махнач — Леанід Данчышын
- Генадзь, супрацоўнік МАЗа — Уладзімер Дзічкоўскі(ru)
- Супрацоўнік МАЗа — Андрэй Васілеўскі(ru)
- Паліна, нявеста Івана Клімава — Антаніна Бендава
- Іван Клімаў, савецкі вайсковец і супрацоўнік МАЗа — Валянцін Белахвосьцік
- Партызан у цяльняшцы — Пётар Юрчанкаў(ru)
- Вера Іванаўна — Марыя Захарэвіч
- Нямецкі жаўнер — Аляксандар Кашпераў(ru)
- Ігнат, дзядзька Надзеі — Уладзімер Воўчык(ru)
- Нямецкі афіцэр — Уладзімер Січкар
- Алесь, лётчык і муж Ганны — Уладзімер Грыцэўскі
- Маёр — Усевалад Платаў(ru)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Лана Пятроўская. Час, калі будуецца вобраз // Культура : газэта. — 4 кастрычніка 2014. — № 40 (1166).
- ^ Чорная бяроза // Мова нанова, 17 чэрвеня 2015 г. Праверана 1 сакавіка 2016 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Віталь Чацьвярыкоў. Чорная бяроза // Мова нанова, 23 сьнежня 2014 г. Праверана 1 сакавіка 2016 г.
Гэта — накід артыкула пра кінафільм. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |