Інстэрбург

места ў Калінінградзкай вобласьці Расеі
(Перанакіравана з «Чарняхоўск»)

І́нстэрбург[1], Вы́струч[2] (ням. Insterburg; афіцыйная расейская назва з 1946 году — Чарняхоўск, рас. Черняховск) — места ў Расеі, на сутоках Анграпы і Інстручы, якія ўтвараюць раку Прэголу. Адміністрацыйны цэнтар Чарняхоўскага раёну Калінінґрадзкае вобласьці. Трэцяе паводле колькасьці насельніцтва места ў вобласьці пасьля Караляўцу (Калініграду) і Тыльзыту.

Інстэрбург
лац. Insterburg
рас. Черняховск
Герб Інстэрбургу Сьцяг Інстэрбургу
Дата заснаваньня: 1336
Горад з: 10 кастрычніка 1583
Краіна: Расея
Суб’ект фэдэрацыі: Калінінградзкая вобласьць
Плошча: 58 км²
Вышыня: 30 м н. у. м.
Нацыянальны склад: расейцы — 86,4 %

беларусы - 6,7% украінцы - 6,1%

Тэлефонны код: 40141
Паштовы індэкс: 238150–238169
Геаграфічныя каардынаты: 54°38′0″ пн. ш. 21°49′0″ у. д. / 54.63333° пн. ш. 21.81667° у. д. / 54.63333; 21.81667Каардынаты: 54°38′0″ пн. ш. 21°49′0″ у. д. / 54.63333° пн. ш. 21.81667° у. д. / 54.63333; 21.81667
Інстэрбург на мапе Расеі
Інстэрбург
Інстэрбург
Інстэрбург
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://inster39.ru

Назва места паходзіць ад ракі Інстручы (Інстры) (ням. Inster).

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Instirburg (1336 год)[3].

Гісторыя

рэдагаваць

У 1337 годзе з ініцыятывы вялікага маґістра Дытрыха фон Альтэнбурґа і баварскага прынца Генрыха XIV крыжакі збудавалі замак пад назвай Інстэрбурґ на месцы захопленае прускае крэпасьці Unsatrapis[4]. У 1376 годзе ліцьвіны спалілі паселішча пад замкам, але замак, відаць, не захапілі. За часамі Трынаццацігадовае вайны ў 1457 годзе замак захапілі палякі. Ля падножжа замка ўтварылася паселішча, якое 10 кастрычніка 1583 году атрымала мескія правы. 9 чэрвеня 1590 году места зьнішчыў пажар, у якім ацалелі 9 з 149 дамоў, касьцёл і школа.

Нямецкі энцыкляпэдыст XVII ст. Марцін Цайлер(ru), які карыстаўся шматлікімі гістарычнымі працамі і геаграфічнымі апісаньнямі, у сваім дапоўненым і перапрацаваным «Іншым апісаньні Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага» пры выкладаньні гісторыі і геаграфіі Прусіі (як васала Рэчы Паспалітай) адзначаў, што ў Інстэрбургу «у часы Генэнбэргера(en), жылі амаль толькі літоўцы, і звыш 15 тысячаў былі шаўцамі»[5]. Паводле гісторыка Вацлава Пануцэвіча, у гэты час у Прусіі захоўвалася славянскае насельніцтва на поўдзень і паўднёвы ўсход ад ракі Прэголы — старажытнай мяжы з жамойтамі[6].

У 1601 годзе ў Інстэрбурґу пачалася чума, аднак пазьней надышоў добры пэрыяд для места, калі ў 1632 годзе курфюрст Ґеорґ Вільгельм перанёс сваю рэзыдэнцыю з Караляўцу ў Інстэрбурґ. У 1643—1648 гадох у замку жыла ўдава караля Густава Адольфа, каралева Швэцыі Марыя Элеанора. У XVII стагодзьдзі места цярпела ад шматлікіх вайсковых паходаў і ўварваньняў. Калі Брандэнбурґ уступіў у зьвяз з Швэцыяй, татары ў 1657 годзе напалі на Інстэрбурґ і часткова спалілі яго, а таксама сагналі шмат яго жыхароў. У 1679 годзе места занялі швэды. У 1680 годзе Інстэрбурґ атрымаў сваю першую ўласную залогу. У 1690 годзе зноў адбыўся вялікі пажар. У 1709 годзе ў выніку чарговае чумы места апусьцела. Дзеля аднаўленьня жыхарства туды перывезьлі перасяленцаў з Жамойці й Швайцарыі. Першы рэфармацкі касьцёл збудавалі ў 1736 годзе. За часамі Сямігадовае вайны 1758—1762 гадоў места занялі расейцы.

Па адміністрацыйнай рэформе Прусіі ў 1815 годзе Інстэрбурґ стаў цэнтрам акругі (Kreis) і ўвайшоў у склад Gumbinnen Regierungs. У пачатку XIX стагоддзя ў месьце было 5 тысяч жыхароў. У 1818 годзе тут загінуў расейскі фэльдмаршал Міхаіл Барклай дэ Толі. У адпаведнасьці з важнасьцю Інстэрбургу як месца знаходжаньня апэляцыйнага суду, паміж 1833 і 1835 гадамі тут збудавалі вялікую турму. З 1860 года места стала важным чыгуначным вузлом, дзе скрыжоўваліся чыгуначныя лініі Каралявец — Коўна і Тыльзыт — Торунь, а таксама лінія на Элк. Дзякуючы добрым транспартным зносінам у месьце атрымалі развіцьцё машынная, тэкстыльная і мэталургічная (завод жалеза), ювэлірная, хімічная (завод аміяку), будаўнічая (цэмэнтавы завод) і броварная прамысловасьць. У 1885 годзе ў Інстэрбургу было 20 914 жыхароў. У 1886 годзе збудавалі мескую бойню, а ў 1889 годзе — каналізацыйныя каналы, вадаправод і электрастанцыю.

За часамі Першае сусьветнае вайны Інстэрбурґ ненадоўга знаходзіўся пад расейскай акупацыяй, але не атрымаў сур’ёзных пашкоджаньняў. У месьце дзеяў сельскагаспадарчы клюб верхавое язды, які меў вялікае значэньне ў акрузе. Па вайны быў адкрыты іпадром, дзе праводзіліся шматлікія спаборніцтвы ў конным спорце, у тым ліку міжнародныя. На гэтым іпадроме трэнавалася, між іншым, каманда Нямеччыны на Алімпійскія гульні ў Бэрліне. Існавала таксама Ліванская ложа жыдоўскай арганізацыі Бнай Брыт. У 1927 годзе ў месьце пачаў працаваць тралейбусны транспарт. У міжваенны час дзеялі няпоўная гімназія з гімназіяй, жаночая гімназія, настаўніцкая сэмінарыя, падрыхтоўчая ўстанова, дзьве сярэднія, чатыры пачатковыя школы і рамесныя школы. Што тычыцца банкаўскае справы, то ў Інстэрбурґу дзеялі філіялы Рэйхсбанку, Усходнепрускага сельскага банку і Банку ўсходняга гандлю й прамысловасьці. Мескі банк пачаў працаваць 1 красавіка 1922 годзе. У 1939 годзе ў месьце было 49 тыс. жыхароў.

За часамі Другое сусветнае вайны 27 ліпеня 1944 года Інтэрбург стаў аб’ектам брытанскага бамбаваньня, якое ўчыніла велізарную шкоду. 22 студзеня 1945 году места запілі войскі 3-га Беларускага фронту.

Па вайне Інтэрбург улучылі ў склад Кёніґсбэрскае вобласьці СССР, а ўжо ў 1946 годзе савецкія ўлады перайменавалі яго ў Чарняхоўск у гонар генэрала Івана Чарняхоўскага, які камандаваў савецкім наступленьнем ва Ўсходняе Прусіі і загінуў пад Мельцакам 18 лютага 1945 году. Па вайне сюды зьбегліся ўцекачы, у асноўным з Беларусі й Курскае вобласьці Расеі. За савецкім часам места было цэнтрам машынабудаўнічае, керамічнае й мэблевае прамысловасьці, а таксама цэнтрам конегадоўлі. З 2016 году ў Інтэрбургу месьціцца цэнтар япархіі Расейскае праваслаўнае царквы.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Славутасьці

рэдагаваць
 
Руіны замка
 
Былая Эвангелічна-рэфармацкая царква
  • Забудова гістарычная мяжы XIX—XX стагодзьдзяў
  • Замак (заснаваны ў 1336 годзе; руіны)
  • Касьцёл Сьвятога Бруна (цяпер тут служаць францішканы з Польшчы) — помнік архітэктуры нэаготыкі пачатку XX ст. (архітэктар Фрыц Хайтман з Караляўцу)
  • Царква Мэлянхтона (эвангельская) — помнік архітэктуры нэаготыкі, збудаваны ў 1909—1911 гадох, цалкам перабудаваная пад прамысловыя патрэбы
  • Шпіталь
  • Эвангелічна-рэфармацкая царква (цяпер у будынку дзее сабор Сьвятога Міхаіла Расейскай праваслаўнай царквы) — помнік архітэктуры нэараманскага стылю канца ХІХ ст.

Побач, у мястэчку Ёргенбургу (Маёўка) добра захаваўся гатычны замак Георґенбурґ, збудаваны самбійскімі біскупамі (цяпер належыць Расейскай праваслаўнай царкве). Побач з замкам знаходзіцца конезавод (цяпер прыватная ўласнасьць).

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  • Ратуша (1610 год, перабудаваная ў 1809 годзе)
  • Забудовая гістарычная XVII—XVIII стагодзьдзяў
  • Царква Лютэра (эвангельская), збудаваная ў 1610—1612 гадох у формах, якія нагадваюць сярэднявечныя з высокай вежай і барокавым інтэр’ерам
  1. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 194, 202, 239, 242.
  2. ^ Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 142—143.
  3. ^ Палмайтис Л. Предложение по научной русификации исконных наименований перешедшей в состав России северной части бывшей Восточной Пруссии. — Европейский институт рассеянных этнических меньшинств, 2003. С. 53.
  4. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 194.
  5. ^ Іншае апісаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага… у перакладзе Алега (Давіда) Лісоўскага, Беларуская Палічка
  6. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 129, 169, 196, 272.