Чарнобыльскі шлях
Чарно́́быльскі шлях — штогадовае шэсьце беларускай апазыцыі 26 красавіка, прымеркаванае да ўгодкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС) у 1986 годзе.
Упершыню прайшоў 30 верасьня 1989 году і меў вынікам «Чарнобыльскі трыбунал» 25 лістапада 1989 году, рашэньні якога сталі апорай дзейнасьці Апазыцыя Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» ў Вярхоўны Савет Беларусі 12-га скліканьня ў 1990—1995 гадах.
Гісторыя
рэдагаваць30 верасьня 1989 году ў Менску адбыўся 1-ы «Чарнобыльскі шлях», які зладзіў Беларускі народны фронт «Адраджэньне» дзеля адкрыцьця праўды пра Чарнобыльскую катастрофу. Папярэдне з Гомля ў Менск адправілася пешая калёна лікам каля 1000 чалавек, як і са шмат якіх іншых гарадоў Беларусі. У сквэры на вуліцы Таўбухіна каля «Менскага гадзіньнікавага заводу» сабралося каля 30 000 дэманстрантаў, якія рушылі шэсьцем па Ленінскім праспэкце да Дому ўраду. Вядоўцам мітынгу выступіў старшыня Беларускага народнага фронту Зянон Пазьняк. Таксама на плошчы Леніна выступілі чалец-карэспандэнт Акадэміі навук БССР Алесь Адамовіч і намесьнік старшыні Акадэміі навук СССР Яўген Веліхаў. Пасьля мітынгу ў Доме кіно адбылася прэс-нарада, на якой ухвалілі рашэньне аб правядзеньні ў Менску «Асамблеі народаў» дзеля стварэньня «Чарнобыльскага трыбуналу». 25 лістапада 1989 году ў Доме кіно на плошчы Леніна адбылася «Асамблея народаў» з удзелам навукоўцаў з Латвійскай і Летувіскай, Малдаўскай і Ўкраінскай ССР. На Асамблеі абралі склад «Чарнобыльскага трыбуналу», які вынес вэрдыкт аб дзеяньнях Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу і рашэньні аб вінаватасьці савецкіх чыноўнікаў у стварэньні радыяцыйнай пагрозы для жыцьця беларусаў. Вэрдыкт і рашэньні «Чарнобыльскага трыбуналу» паслужылі апорай для дзейнасьці Апазыцыя Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» ў Вярхоўны Савет Беларусі 12-га скліканьня ў 1990—1995 гадах[1].
26 красавіка 1996 году адбыўся першы ў гады кіраваньня Лукашэнкі «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваны да 10-годзьдзя катастрофы на ЧАЭС. Дэманстранты былі лякалізаваныя цьвёрдымі дзеяньнямі АМАПу, было затрымана вельмі шмат удзельнікаў. Сярод арыштаваных былі актывісты БНФ — Юры Хадыка, Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык, Вінцук Вячорка, журналісты А. Трызна, У. Дзюба. У гэтым мерапрыемстве бралі ўдзел таксама сябры ўкраінскае УНА-УНСО.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Зянон Пазьняк. Першы «Чарнобыльскі шлях» у рэчышчы беларускай барацьбы за свабоду // Беларускі нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь», 30 верасьня 2021 г. Архіўная копія ад 30 верасьня 2021 г. Праверана 1 кастрычніка 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Чарнобыль і Шлях. 1989 і 1996. Рэтраспэктыва. (відэа) Беларуская Свабода. 26.04.2011
- «Чарнобыльскі Шлях-2008», Хартыя'97
- «Чарнобыльскі шлях» ды іншыя акцыі пратэсту 1996-га (ч.2) / Сведкі на YouTube
Гэта — накід артыкула пра палітыку. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |