Цьвярскія летапісы

Цьвярскія летапісы — рускія летапісы летапісы XV—XVI стагодзьдзяў, складзеныя ў Цьвяры. Зьмяшчаюць зьвесткі з гісторыі Цьвяры, Масквы, Ноўгарада, Пскова і пра дачыненьні гэтых зямель зь Вялікім Княствам Літоўскім.

Складаліся пры двары цьвярскіх князёў, якія ў XIII—XIV стагодзьдзях мелі шчыльныя кантакты зь Літвой (паводле Наўгародзкага Першага летапісу, у 1245 годзе на службе ў цьвярскіх князёў знаходзіліся князі-ліцьвіны Явід і Эрбэт, а ад 1289 году цьвярскім япіскапам быў сын колішняга полацкага князя Гердзеня Андрэй, і ўрэшце, вялікі князь Альгерд ажаніўся зь цьвярской князёўнай Ўльлянай[1]).

Гісторыя

рэдагаваць

Мяркуецца, што Першы цьвярскі летапісны збор склалі ў 1375 годзе, другі — у 1409 годзе. Беспасярэдне Цьвярскі летапіс не захаваліся (апроч фрагмэнту за 1314—1344 гады), значныя цьвярскія летапісныя матэрыялы ёсьць у Цьвярскім зборніку (Цьвярскім летапісу), Рагоскім летапісцы і «Пахвальным слове пра дабравернага князя Барыса Аляксандравіча» інака Фамы.

У Цьвярскі зборнік, які датуецца XVI стагодзьдзем, улучаюцца значныя фрагмэнты цьвярскога летапісаньня канца XIII — канца XV стагодзьдзяў. Ён захаваўся ў трох сьпісах XVII стагодзьдзях, напісаных на этнічных беларускіх або ўкранскіх землях (Пагодзінскі, Забелінскі і Талстоўскі). Утрымлівае зьвесткі зь Цьвярскога збору 1375 году і пазьнейшыя зьвесткі да 1486 году, калі Цьвер захапіла Маскоўская дзяржава.

Рагоскі летапісец, які датуецца першай паловай XV стагодзьдзя, захаваўся ў адным сьпісе. Яго зьвесткі за 1288—1327 гады маюць падабенства з тэкстам Цьвярскога зборніка, зьвесткі за 1328—1374 гады таксама ў значнай частцы паходзяць з крыніцы, блізкай да Цьвярскога зборніка[2].

Ліцьвіны і люцічы

рэдагаваць

Цьвярскі зборнік зьмяшчае сьведчаньне пра перасяленьне на ўсход часткі люцічаў[1], якія ўпамінаюцца ў пераліку славянскіх плямёнаў поруч зь літвой[3]

  …а ад Ляхаў празвашася Паляне, Ляхаве жа друзі Люціцы, а іныі Літва, іныі Мазаўшане, іныі Памаране  

Гісторык Павал Урбан зьвяртае ўвагу на іншую вытрымку з гэтага летапісу: «А Луцічы і Ціверычы прыседааху к Дунаеві, і бе множаства іх, седзяаху па Днястру <…> да мора» і што аналягічныя зьвесткі таксама зьмяшчаюцца ў Ніканаўскім летапісе. Тым часам у сярэдняй плыні Дунаю захаваліся гідронімы Літава, Літавіца і пэўныя сугучныя назвы, а ў Трансыльваніі або далей за Дунаем на Балканскім паўвостраве існавалі Літоўская княства (kenezat Lytwa) і Літоўская зямля (terra Lytwa)[4].

  1. ^ а б Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 62.
  2. ^ Пазднякоў В. Летапісы цвярскія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 195.
  3. ^ Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І. Крэнь, І. Коўкель, С. Марозава, С. Сяльверстава, І. Фёдараў. — Менск: РІВШ БДУ, 2000. С. 36.
  4. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 62.