Гіндзі

(Перанакіравана з «Хіндзі»)

Гі́ндзі (саманазва: हिन्दी, трансьл. hindī) — адна з моваў Індыі, на якой гавораць у большасьці паўночных і цэнтральных рэгіёнаў краіны, адносіцца да цэнтральнае зоны індаарыйскае групы індаіранскае галіны індаэўрапейскай моўнай сям’і. З 1965 — адна з афіцыйных моваў Індыі, таксама мае афіцыйны статус у шэрагу штатаў поўначы й цэнтру Індыі. Паводле колькасьці носьбітаў (каля 480 млн чал.) займае пятае месца ў сьвеце пасьля арабскай, кітайскай, ангельскай і гішпанскай моваў. На гіндзі створана багатая літаратура.

Гіндзі
हिन्दी
Гіндзі (кгарыболі) у вузейшым сэнсе (гл. далей)
Ужываецца ў Індыі, Фіджы, Маўрыцыі, дыяспара
Рэгіён Індастан
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Індыі
(фэдэральны ўзровень, а таксама шэраг штатаў поўначы краіны)
Рэгулюецца Цэнтральным дырэктаратам гіндзі[2]
Статус: 1 дзяржаўная[d][1]
Пісьмо дэванагары[d]
Коды мовы
ISO 639-1 hi
ISO 639-2(Б) hin
ISO 639-2(Т) hin
ISO 639-3 hin

Клясыфікацыя

рэдагаваць

У найбольш вузкім разуменьні гіндзі прадстаўляе сабою адзін з рэгістраў (літаратурную норму) дыялекту карыболі мовы гіндустані, адрозьніваючыся ад іншага рэгістру — урду — большай колькасьцю санскрытызмаў і адначасова значна меншай колькасьцю араба-пэрсыдзкіх лексэмаў (якія, зрэшты, часам выдаляліся штучна), а таксама выкарыстаньнем традыцыйнага індыйскага пісьма дэванагары. Акрамя таго, шэраг дробных адрозьненьняў між гіндзі й урду палягае ў фанэтыцы й марфалёгіі, але наогул усе адрозьненьні між двума літаратурнымі рэгістрамі не перашкаджаюць узаемаразуменьню дзьвюх літаратурных моваў на ўзроўні гутарковага стылю.

Больш шырэйшае азначэньне гіндзі (г.зв. пояс гіндзі) ўключае ў сябе вялікую колькасьць ідыёмаў паўночнай Індыі індаарыйскага паходжаньня, якія часта традыцыйна клясыфікуюцца ў якасьці дыялектаў гіндзі, але структурна могуць уяўляць сабой асобныя мовы (напрыклад, раджастгані, бігары, чгатысгаргі і да т.п.). Усе гэтыя ідыёмы, у тым ліку ўласна дыялект кгарыболі, утвараюць дыялектны кантынуўм, ідыёмы якога дзеляцца на дзьве групы — усходні й заходні гіндзі. Некаторыя ідыёмы ў складзе поясу гіндзі распаўсюджаныя, у прыватнасьці, на востраве Маўрыцы й Фіджы, на якіх пражываюць значныя індыйскія грамады, якія зьяўляюцца нашчадкамі працоўных мігрантаў пэрыяду ХІХ ст., дыялекты гэтых рэгіёнаў звычайна маюць уласную літаратурную норму.

Дыялект карыболі належыць да клястэру заходняга гіндзі, зыходзячы з пашыранага азначэньня, дыялект карыболі (на якім заснаваныя як літаратурная гіндзі, так і літаратурная ўрду) належыць да мовы гіндустані, які належыць да г.зв. поясу гіндзі[3].

Гісторыя

рэдагаваць

Утварэньне

рэдагаваць

Сучасны дыялект кгарыболі, як і ўсе сучасныя індаарыйскія мовы й дыялекты, аб’яднаныя пад тэрмінам новаіндыйскія мовы, паходзяць ад дыялектаў апабгранша, якія распаліся блізу на мяжы першага й другога тысячагодзьдзяў н.э.

Сярэднявечча

рэдагаваць

Мова гіндзі мінула доўгі шлях разьвіцьця, які падпадзяляецца на некалькі этапаў, наклалі адбітак на фанэтычны і граматычны лад мовы, а таксама на яе лексыку:

  1. Раньні пэрыяд (з X да XII стст.), падчас якога ў Паўночнай Індыі уладарылі князі-індусы.
  2. Раньні сярэдні пэрыяд (з XII да XVI стст.), або пэрыяд кіраваньня цюрак.
  3. Позьні сярэдні пэрыяд (з XVI да XIX стст.), або пэрыяд кіраваньня Вялікіх маголаў, у сярэдзіне якога пачалася заваёва Індыі эўрапейцамі.
  4. Сучасны пэрыяд, які падзяляецца на два падпэрыяды:
  • з пачатку XIX ст. да атрыманьня Індыяй незалежнасьці ў 1947 г.;
  • з моманту атрыманьня дагэтуль.

Сучасная літаратурная мова гіндзі як размоўная мова зарадзілася ў гістарычнай вобласьці Куру, у раёне Дэлі-Мэратга (Мірута). Гэтая мова атрымала назву каўраві, г.зн. мова, якая адносіцца да рэгіёну Куру. Знаходзячыся на сутыку некалькіх моваў гіндзі, каўраві увабрала ў сябе элемэнты такіх моваў, як брадж, бангару, панджабі. Стаўшы мовай бытавых зносінаў вялікага і палітычна важнага арэалу, каўраві атрымала сучасна вядомы тэрмін — кгарыболі, г.зн. «унармаваная», або «правільная гаворка».

Пэрсіянізацыя

рэдагаваць

З XI ст. у Індыю пачалі пранікаць заваёўнікі-мусульмане, якія заснавалі ў XIII у. Дэлійскі султанат. Іслам стаў дзяржаўнай рэлігіяй, а пэрсыдзкая мова, якая зьяўлялася роднай (але не этнічнай) мовай дынастыі — афіцыйнай мовай султанату. Сярод мусульманскіх кіраўнікоў і мусульманскай знаці былі вельмі адукаваныя людзі, якія стваралі розныя літаратурныя творы ня толькі на пэрсыдзкай мове, але і на мясцовай мове кгарыболі. Найбольшым паэтам таго часу быў Амір Гасроў (1253—1325), які назваў мясцовую мову тэрмінам гіндаві, г.зн. мовай людзей, якія жывуць на ўсход ад ракі Інд. На санскрыце назоў гэтай ракі гучаў як Сындгу, што ў выніку фанэтычных зьмяненьняў трансфармавалася ў слова «гінду». Гэтым словам сталі называць мясцовасьць, што ляжыць на ўсход ад ракі Інд, а затым — і ўсю тэрыторыю Індыі. Самое слова зь цягам часу стала прамаўляцца як [гінд]. Празь некаторы час на канцы слова зьявіўся доўгі галосны, праз што слова набыло рэалізацыю як гіндзі, г.зн. Індыя. Мясцовая мова, на якой размаўлялі ў Дэлі і ваколіцах, атрымала назву «забан-э-гіндзі», г.зн. «мова Індыі». Урэшце слова забан перастала ўжывацца, і мову пачалі называць проста гіндзі.

У пачатку сярэдняга пэрыяду разьвіцьця сучаснай літаратурнай мовы гіндзі пачынае складвацца своеасаблівая гаворка, што ўяўляе сабой пэўную мешаніну гіндзі/кгарыболі і пэрсыдзкай лексыкі. Зьяўленьне гэтай гаворкі было зьвязанае з узьніклым сынтэзам індускай і мусульманскай культураў. Захоўваючы асноўны слоўнікавы запас і граматычны лад кгарыболі, новая гаворка прыкметна папоўніла свой слоўнік за кошт як адмысловай пэрсыдзкай лексыкі, гэтак і лексыкі, якая адлюстроўвала бытавыя і рэлігійныя рэаліі мусульманскай дзяржавы. Гэтая гаворка спачатку называлася, як і мясцовая мова, — гіндаві.

Зь цягам часу гіндаві пачынае распаўсюджвацца на іншыя рэгіёны Індыі, чаму спрыяла палітыка мусульманскіх уладароў, што пашыралі сфэру свайго ўплыву. Зь іншага боку распаўсюджаньне гіндаві зьвязанае з агульнаіндыйскім рухам бгакці (рухам «адданых Богу»), прапаведнікі якога, побач зь мясцовымі мовамі выкарыстоўвалі і гіндаві. Пэрсыянізаваная форма гіндаві паступова засвойвалася як прыбышамі, гэтак і мясцовымі мусульманамі, г.зн. індыйцамі, што прынялі іслам.

На мяжы раньняга і позьняга пэрыяду разьвіцьця паэзія на гіндаві (кгарыболі) перамяшчаецца на поўнач Паўднёвай Індыі, што зьвязана з заваявальнымі паходамі мусульманскіх уладароў у Дэкане. Тут гіндаві (кгарыболі) атрымлівае далейшае разьвіцьцё, пашыраючы свой слоўнік за кошт арабскай і пэрсыдзкай лексікі. Пры гэтым гіндаві пачынае сыстэматычна пісацца арабскім пісьмом. У адрозьненьне ад паўночнага гіндаві (кгарыболі), які выкарыстоўваў старажытны індыйскі альфабэт дэванагары, гэтая мова зь яе арабскай графікай атрымала назоў дакгіні («паўднёвая мова»). Зь цягам часу дакгіні становіцца прызнанай мовай зносінаў і асноўнай літаратурнай мовай паўночных раёнаў Дэкану.

Гіндаві працягвае разьвівацца і ў Паўночнай Індыі, асабліва пры двары Вялікіх маголаў. Ён увабраў у сябе дастатковую колькасьць арабскай і пэрсыдзкай лексікі, якая стала неаддзельнай часткай яго слоўніку. Пры гэтым творы ствараліся з выкарыстаньнем абедзьвюх графік — дэванагары і арабскай.

Падчас заваявальных выправаў у Дэкан у XVII ст. гіндаві зноў пранікае на поўдзень. Каб адрозьніваць гэтую «прышлую» мову і мясцовую мову дакгіні, гіндаві пачалі называць «забан-э-ўрду-э-муала», г. зв. мовай «шаскага лягеру». Праз пэўны час гэтая мова атрымала скарочаную назву — урду. Паўночны гіндаві, або ўрду, паводле шматлікіх чыньнікаў выцясьніў дакгіні і стаў адзінай літаратурнай мовай Дэкану. Паколькі паўночны гіндаві (урду) і дакгіні былі літаратурнымі нормамі аднаго дыялекту, пераход у літаратурнай творчасьці з аднае мовы на іншую не ўяўляў асаблівай цяжкасьці. Таму празь нязначны прамежак часу пасьля заваёвы Дэкану тамака зьявіліся паэты, што стваралі творы на паўночным гіндаві (урду).

Такім чынам, на зьмену пэрсыдзкай мове, якая адыйшла на другі плян, прыйшла ўласна індыйская мова ў дзьвюх пісьмовых формах. Да канца XVIII ст. пэрсыянізаваная форма гіндзі, то бок урду, становіцца адзінай мовай зносінаў індыйскіх мусульманаў Паўночнай Індыі (акрамя Бэнгаліі) і займае месца другой афіцыйнай мовы Магольскай Імпэрыі. Ангельцы, што да сярэдзіны XVIII ст. трывала замацаваліся ў Індыі, пачалі ў гэты час праводзіць сваю моўную палітыку, скасавалі ў 1835 годзе афіцыйны статус пэрсыдзкай мовы у адміністрацыі Ост-Індзкай кампаніі, перайшоўшы да выкарыстаньня гіндзі/урду і ангельскай. Распад імпэрыі Вялікіх маголаў і ўмацаваньне пазыцыяў брытанцаў паклалі пачатак сучаснаму пэрыяду разьвіцьця літаратурнай мовы гіндзі. Імкнучыся заручыцца падтрымкай ня толькі мусульманскай, але і індускай супольнасьці, брытанцы, побач з урду, пачалі ўсялякім чынам заахвочваць і гіндзі. Да таго ж яны лічылі, што гіндзі больш падыходзіць для прапаганды ў Індыі хрысьціянскага вучэньня.

Пачатак сучаснага пэрыяду ў станаўленьні сучаснай літаратурнай мовы гіндзі звычайна зьвязваюць зь дзейнасьцю хрысьціянскага каледжу ў форце Ўільяма ў Калкаце (Калькуце), якая да пачатку XIX стагодзьдзя стала палітычным і эканамічным цэнтрам брытанскай экспансіі ў Індыі. Менавіта там былі створаныя некалькі твораў (у абедзьвюх графіках), зь якіх найбольш вядомымі зьяўляюцца «Прэмсагар» («Акіян каханьня») Лалу джы Лала (1803 г.) і «Баг аб багар» («Сад і вясна») Мір Амана (1802 г.). Пасьлядоўна слова «гіндзі» для абазначэньня сучаснай літаратурнай мовы пачалі ўжываць брытанцы, пра што сьведчаць назовы розных работаў, якія зьявіліся ў пачатку XIX стагодзьдзя.

Сучасны пэрыяд разьвіцьця гіндзі характарызуецца ўмацаваньнем яго пэрсыянізаванай формы, то бок урду. У 1837 г. урду быў прызнаны мовай судовых установаў, г.зн фактычна стаў афіцыйнай мовай, выцясьніўшы канчаткова пэрсыдзкую мову. У той час гіндзі з шрыфтам дэванагары ня быў гатовы стаць афіцыйнай мовай, бо ў краіне да 1859 г. панавала мусульманская адміністрацыя імпэрыі Вялікіх маголаў, і ўся спэцыялізаваная тэрміналёгія запазычвалася з арабскай і пэрсыдзкай моваў.

Найноўшая гісторыя

рэдагаваць

Інтэнсіўнае разьвіцьцё гіндзі пачынаецца пасьля дасягнення Індыяй незалежнасьці, то бок у другой палове XX ст. Канстытуцыя Індыі (1950 г.) абвяшчае гіндзі з шрыфтам дэванагары адной зь дзяржаўных моваў Індыйскага Зьвязу. Літаратурная ўрду, у сваю чаргу, нягледзячы на атрыманьне афіцыйнага статусу ў некаторых штатах, імкліва страчвае свой уплыў, аднак становіцца дзяржаўнай і міжнацыянальнай мовай суседняга Пакістану — дзяржавы, узьніклай у выніку мусульманскага сэпаратысцкага руху, у якой у якасьці мовы міжэтнічнае камунікацыі была прынятая параўнальна нэўтральная (то бок, непрыналежная будзь-якому этнасу Пакістану) урду.

У XX ст. сучасная літаратурная мова гіндзі становіцца прадметам выкладаньня і навучаньня ў Індыі. Першае аддзяленьне гіндзі было адчыненае ў 1919 году ў Калькуце. Першапачатковая палітыка Індыі падразумявала пад сабою паступовую замену ангельскае мовы на карысьць гіндзі, супраць чаго, тым ня менш, выступілі паўднёвыя дравідыйскія штаты, якія бачылі ў ангельскай мове мову, якая не зьяўляецца нацыянальнай мовай будзь-якога этнасу Індыі. Літаратурная гіндзі зьяўляецца афіцыйнай мовай бізнэс-зносінаў усіх дзесяці гіндзімоўных штатаў Індыі, а таксама адной зь дзьвюх моваў Індыі (поруч з ангельскай), што маюць афіцыйны статус на фэдэральным узроўні.

Агульныя рысы

рэдагаваць

Агульны характар мовы збліжаецца зь іншымі новаіндыйскімі мовамі. У фанэтыцы адрозная яе рыса — зьнікненьне цэлага шэрагу фінальных зычных і галосных, у марфалёгіі — падзеньне сынтэтычнага скланеньня і спражэньня. Гіндзі — мова зь вельмі выразнымі аналітычнымі рысамі. Ад васьмі склонаў санскрыту ў гіндзі засталіся толькі прамы й ускосны (тым ня менш, гіндзі, як і іншыя новаіндыйскія мовы нельга разглядаць як мовы, што непасрэдна паходзяць ад санскрыту). Гіндзі мае двучленную іменную катэгорыю роду — мужчынскі і жаночы.

Узоры лексэмаў

рэдагаваць
  • प्यार (pyār) — каханьне
  • नमस्ते (namastē) — добры дзень! / да пабачэньня!
  • नमस्कार (namaskār) — вітаю!
  • हाँ (hām̐) (альбо ji haan, haan ji) — так, але
  • नहीं (nahīṁ) (альбо ji nahin, nahin ji) — не
  • धन्यवाद, शुक्रिया (dhan’yavād, śukriyā) — дзякуй
  • आप कैसे हैं (āp kaisē haiṁ) — як маецеся?
  • तुम कैसे हो (tum kaisē hō) — як маесься?
  • ठीक ठाक हुं (ṭhīk ṭhāk huṁ) — добра.
  1. ^ а б Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ Central Hindi Directorate. About Us (анг.)
  3. ^ Keith Brown. Hindustani // Encyclopedia of Language and Linguistics. — 2 ed. — Elsevier, 2005. — ISBN 0-08-044299-4

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць