Фёдар Коршунаў

беларускі фізык паўправаднікоў
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Коршунаў.

Фёдар Паўлавіч Коршунаў (нар. 1934, Траўна, Краснапольскі раён, цяпер Магілёўская вобласьць, Беларусь) — беларускі фізык паўправаднікоў.

Фёдар Коршунаў
Дата нараджэньня 15 траўня 1934 (90 гадоў)
Месца нараджэньня Траўна, Краснапольскі раён, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Месца вучобы Рыская найвышэйшая інжынэрна-авіяцыйная вайсковая вучэльня (1957)
Занятак фізык, прафэсар унівэрсытэту, вынаходнік
Навуковая сфэра радыяцыйная фізыка цьвёрдага цела
Месца працы Навукова-практычны цэнтар матэрыялазнаўства (з 1962 году)
Вядомы як распрацоўнік радыяцыйнай вытворчасьці паўправадніковых прыбораў, адкрывальнік упарадкавальнага ўплыву малых дозаў апраменьваньня ў высокаомным крэмні
Навуковая ступень доктар навук (1975)
Навуковы кіраўнік Мікалай Сірата
Узнагароды
Дзяржаўная прэмія Беларусі (1980)
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»

У 1970 годзе распрацаваў радыяцыйны спосаб стварэньня з дапамогай хуткіх электронаў і гама-квантаў паўправадніковых прыбораў і інтэгральных схемаў з радыяцыйнай трываласьцю для касьмічных прыладаў і ўзбраеньня[2], што дазволіла панізіць кошт вытворчасьці праз адмову ад выкарыстаньня каштоўных мэталаў. Доктар тэхнічных навук (1975) і ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980) за распрацоўку вытворчасьці паўправадніковых прыбораў. Прафэсар (1981) і сябар-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1984)[3]. Кавалер ордэну «Знак Пашаны» (1986) і 3-х мэдалёў[4].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

У 5—10 клясаў вучыўся ў школе Краснапольля, куды хадзіў пешшу 6 км. У 1957 годзе скончыў электратэхнічны факультэт Рыскай найвышэйшай інжынэрна-авіяцыйнай вайсковай вучэльні (Латвійская ССР) Вайскова-паветраных сілаў СССР. Пазьней працаваў інжынэрам-выпрабавальнікам у Навукова-дасьледчым інстытуце Міністэрства абароны СССР і браў удзел у выпрабаваньні ядзернай зброі на востраве Новая Зямля (цар-бомба ў 1961 годзе). У 1962 годзе працаўладкаваўся ў толькі заснаваны Інстытут фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў Акадэміі навук Беларускай ССР (АН БССР). Адначасна пачаў працаваць у Менскім радыётэхнічным інстытуце (МРТІ)[3].

У 1966 годзе абараніў дысэртацыю ў Інстытуце фізыкі АН БССР і стаў кандыдатам фізыка-матэматычных навук. У 1968 годзе стаў загаднікам лябараторыі радыяцыйных узьдзеяньняў Інстытуту фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў. У 1978 годзе выпусьціў сумесную манаграфію «Радыяцыйныя эфэкты ў паўправадніковых прыборах». У 1979 годзе заняў пасаду прафэсара МРТІ, дзе да 1995 году працягваў выкладаць на катэдры мікраэлектронікі. У 1985—1994 гадох адначасна займаў пасаду намесьніка кіраўніка па навуковай працы Інстытуту фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў. У 1986 годзе выдаў супольную манаграфію «Узьдзеяньне радыяцыі на інтэгральныя мікрасхемы»[4]. У 2011 годзе перайшоў на пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка ў Навукова-практычным цэнтры матэрыялазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[5].

Да 2014 году напісаў звыш 460 навуковых працаў у галіне радыяцыйнай фізыкі цьвёрдага цела, фізыкі паўправаднікоў, мікраэлектронікі і радыяцыйнай тэхналёгіі паўправадніковых прыбораў[3]. Стварыў 3 манаграфіі і 69 вынаходак. Устанавіў прычыны дэградацыі ўласьцівасьцяў паўправадніковых р-n-структураў пад узьдзеяньнем іянізавальнага выпраменьваньня. Выявіў радыяцыйны ўплыў на пашырэньне і зрушэньне р-n-пераходу, тэрмастабілізацыі напругі лавіннага прабою р-n-пераходу, уплыў малых дозаў апраменьваньня ў высокаомным крэмні, эпітаксіяльных плёнках і МДП-структурах, якія прыводзяць да ўпарадкаваньня нераўнаважнасьці структуры. Досьледна запісаў рэнтгенаўскае выпраменьваньне ў крышталях крэмну пры каналяваньні электронаў з энэргіяй 4—5 МэВ[4]. Да 2014 году падрыхтаваў 20 кандыдатаў навук, адзін зь якіх стаў доктарам навук.

  1. ^ Беларуская энцыклапедыя (белар.)Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 425. — ISBN 985-11-0144-3
  2. ^ Коршунаў Фёдар Паўлавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — С. 425. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  3. ^ а б в Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 15 траўня 2014. — № 88 (27698). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ а б в Коршунаў Фёдар Паўлавіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2023 г. Праверана 21 студзеня 2024 г.
  5. ^ Коршунаў, Фёдар Паўлавіч (доктар тэхнічных навук ; радыяцыйная фізыка ; нар. 1934) // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2023 г. Праверана 21 студзеня 2024 г.