Устаўныя граматы Беларускай Народнай Рэспублікі — дакумэнты, прынятыя Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага зьезду і Радай БНР у лютым і сакавіку 1918 году, у якіх абвяшчалася воля беларускага народу датычна сваёй нацыянальна-дзяржаўнай будучыні.

Трэцяя Ўстаўная грамата

Першая Ўстаўная грамата

рэдагаваць

Прынятая Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага зьезду 21 лютага 1918 году ў Менску.

Першая Ўстаўная грамата заклікала беларускі народ зьдзейсьніць сваё права на «поўнае самавызначэньне», а нацыянальныя меншасьці — на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэньне, аўтары граматы сьцьвярджалі, што ўлада ў Беларусі павінна фармавацца згодна з воляю народаў, якія насяляюць краіну. Гэты прынцып мусіць ажыцьцяўляцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Ўсебеларускі Ўстаноўчы Сойм.

Другая Ўстаўная грамата

рэдагаваць

Прынятая Выканаўчым камітэтам Ўсебеларускага зьезду 9 сакавіка 1918 году ў Менску.

У межах расьсяленьня й колькаснай перавагі беларускага народу абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка.

Абвяшчаліся правы й вольнасьці грамадзянаў і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі: вольнасьць слова‚ друку‚ сходаў‚ страйкаў‚ хаўрусаў; вольнасьць сумленьня‚ незачэпнасьць асобы й памяшканьня; права народаў на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; роўнасьць усіх моваў народаў Беларусі. Скасоўвалася прыватная ўласнасьць на зямлю, абвяшчалася пра перадачу зямлі бяз выкупу тым‚ хто на ёй працуе; лясы‚ азёры й нетры зямлі абвяшчаліся дзяржаўнай уласнасьцю. Уводзілася найбольшая працягласьць працоўнага дню ў 8 гадзінаў.

Трэцяя Ўстаўная грамата

рэдагаваць

Прынятая Радай БНР 25 сакавіка 1918 году ў Менску.

Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай.

Рада БНР выступіла з патрабаваньнем перагледзець Берасьцейскую мірную дамову. На землях былой Расейскай імпэрыі, дзе жыве й мае колькасную перавагу беларускі народ, абвяшчалася вольная, незалежная дзяржава; у склад яе ўвайшлі Магілёўская, Мінская, Віцебская, беларускія часткі Гарадзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і суседніх губэрняў. Пацьвярджаліся таксама правы й вольнасьці грамадзянаў і народаў Беларусі, абвешчаныя Другой Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 году.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць