Транзытны лягер 125

нямецкі канцлягер для савецкіх ваеннапалонных, які са жніўня 1941 году да 5 траўня 1943 году месьціўся ў Полацку

Транзытны лягер 125 — нямецкі канцэнтрацыйны лягер для савецкіх ваеннапалонных, які са жніўня 1941 году да 5 траўня 1943 году месьціўся ў Полацку.

Транзытны лягер 125
ням. Durchgangslager 125
Помнік ва ўрочышчы Пяскі (2013 г.)
Помнік ва ўрочышчы Пяскі (2013 г.)
Разьмяшчэньне Полацак
Каардынаты: 55°30′23″ пн. ш. 28°46′58″ у. д. / 55.50639° пн. ш. 28.78278° у. д. / 55.50639; 28.78278
Дата зьяўленьня жнівень 1941
Дата зьнікненьня 5 траўня 1943 (81 год таму)
Тып канцэнтрацыйны лягер
Іншыя назвы Полацкі перасыльны лягер, «Дуляг-125»
Выканаўцы 201-я ахоўная дывізія (зь ліпеня 1942 г.)
Удзельнікі палкоўнік Гэнзэль
Арганізатары 403-я ахоўная дывізія
Зьнішчэньне урочышча Пяскі
Колькасьць ахвяраў 36,2 тыс. савецкіх ваеннапалонных
Колькасьць ацалелых 1800 пераведзеных у іншы лягер
Колькасьць вязьняў 38 тыс. савецкіх ваеннапалонных
Колькасьць сьведкаў 6 вяскоўцаў Спаскай Слабады, 18 уцеклых ваеннапалонных
Дакумэнты Акт расьсьледаваньня злачынстваў нямецкіх захопнікаў у Полацку ад 7 траўня 1945 г.
Помнікі Абэліск (1965 г.), помнік (1985 г.), Сьцяна памяці (2011 г.)

Гісторыя

рэдагаваць

У жніўні 1941 году 403-я ахоўная дывізія Нямеччыны разгарнула ў Полацку транзытны лягер № 125 на месцы вайсковага гарадка імя Фрунзэ (цяпер Спаскі гарадок на поўначы гораду, в/ч 5530), што знаходзіўся на правым беразе ракі Палаты. Савецкіх ваеннапалонных утрымлівалі ў трох казармах з падзелам паводле народнасьці. Бліжэй да Палаты стаяла «расейская» казарма, дзе ўтрымлівалі жаўнераў і сяржантаў зь ліку расейцаў, а таксама каля 100 камандзіраў Чырвонай арміі. У «агульнай» казарме пражывалі беларусы і ваеннапалонныя іншых народнасьцяў. Ва «ўкраінскай» казарме, агароджанай калючым дротам, знаходзіўся будынак кухні. У памяшканьнях, разьлічаных на 4500 чалавек, разьмясьцілі каля 20 000 палонных. Цягам жніўня нямецкае камандаваньне адпусьціла дадому палонных беларусаў, латышоў, летувісаў і ўкраінцаў. Увосень беларусаў і ўкраінцаў перасталі адпускаць. У кастрычніку прывезьлі звыш 15 000 ваеннапалонных, што зрабіла лягер найбольшым у горадзе. Сярод вязьняў пераважалі вайскоўцы 214-й стралковай дывізіі, закліканыя ва Ўкраінскай ССР (Варашылаўградзкая вобласьць), і 62-га стралковага корпуса(ru), дасланага з Урала, у тым ліку з Башкірскай і Ўдмурцкай Аўтаномных ССР[1]. Таксама ў лягеры знаходзіліся польскія ваеннапалонныя і 846 італьянскіх жаўнераў[2].

Узімку пачалася эпідэмія сыпнога тыфу, ад якога сьмяротнасьць вырасла да 200 чалавек штодня. Пахавальная каманда звозіла памерлых ад хваробаў і закатаваных вязьняў у ямы і траншэі на былым вайсковым стрэльбішчы, што месьцілася за 300 мэтраў на ўсход на левым беразе Палаты. Там рос сасновы бор, што атрымаў назву ўрочышча Пяскі. Тамсама штодня расстрэльвалі сотні людзей. Сьведкамі расстрэлаў былі вяскоўцы Спаскай Слабады, што на захад ад урочышча. Да вясны 1942 году загінула каля 80 % вязьняў[3]. З 1942 году ў лягер сталі завозіць арыштаваных савецкіх падпольнікаў і партызанаў, якіх расстрэльвалі ў Пясках пасьля катаваньня. Некалькі разоў на тыдзень з гарадзкой турмы і турмы службы бясьпекі ў Полацку прывозілі вязьняў, якіх ставілі каля выкапаных ямаў і расстрэльвалі. Папярэдне ўрочышча ачэплівала паліцыя, бо Пяскі месьцяцца на поўнач ад Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра. Ахвярамі расстрэлаў ва ўрочышчы сталі і цывільныя жыхары зь лягера каля чыгуначнай станцыі Грамы на ўсходзе Полацка[1].

Увесну 1942 году здаровых палонных групамі па 100 чалавек пачалі адпраўляць у Нямеччыну на прымусовую працу. У траўні 1943 году ў лягеры засталося 1800 чалавек. 5 траўня 1943 год перасыльны лягер № 125 зачынілі[4]. Паводле нямецкіх дакумэнтаў, ва ўрочышчы Пяскі пахавалі звыш 38 000 савецкіх ваеннапалонных зь перасыльнага лягера № 125[5].

У 1949 годзе вяскоўцы Спаскай Слабады напісалі скаргу ў Полацкі раённы выканаўчы камітэт, бо ва ўрочышчы пасеялі жыта. Пасьля звароту ў Полацкі абласны выканкам заворваньне Пяскоў спынілі. У 1949 годзе Полацкі абласны Савет дэпутатаў зрабіў запыт у Савет міністраў БССР аб выдаткоўваньні сродкаў на ўсталяваньне помніка. Тым часам Пяскі перадалі Міністэрству абароны СССР, якое ўладкавала ва ўрочышчы палігон. У выніку зямлю здратавалі вайсковай тэхнікай[1]. 9 траўня 1965 году ўсталявалі абэліск па-за межамі ўрочышча. У 1985 годзе адкрылі помнік на правым беразе Палаты, бо праз раку адсутнічаў мост. У жніўні 1992 году скаўты правялі ў Пясках міжнародны летнік. У выніку скаўты знайшлі і перапахавалі парэшткі 482 савецкіх ваеннапалонных. Пагатоў удалося аднавіць 5 прозьвішчаў. Тады Полацкі гарвыканкам вырашыў зрабіць ва ўрочышчы ахоўную зону. Увесну 1993 году школьнікі з Наваполацкага клюбу «Выведнікі вайсковай славы», якім кіравала Яўгенія Трапезьнікава, вызначылі межы пахаваньня памерам 200 на 160 мэтраў і аднавілі яшчэ 6 прозьвішчаў. У 2005 годзе 52-і пошукавы батальён пры Міністэрстве абароны Беларусі абазначыў межы пахаваньня, раскапаў парэшткі 356 савецкіх ваеннапалонных і аднавіў яшчэ 9 імёнаў па надпісах на мэдальёнах[2]. У 2010 годзе полацкія сябры ГА «Беларускі фонд міру» напісалі запыт у Полацкі гарадзкі Савет дэпутатаў аб стварэньні помніка ў Пясках. Полацкі гарсавет ухваліў стварэньне мэмарыялу. У 2011 годзе за сабраныя 600 млн рублёў ($107 тыс.) пабудавалі Сьцяну памяці. Загаднік полацкага Музэю баявой славы Сяргей Копыл выдаў кнігу «Урочышча Пяскі — тэрыторыя сьмерці. 1941—1944» накладам у 600 асобнікаў. На 2013 год вызначылі 102 прозьвішчы загінулых, большасьць якіх дзякуючы былому вязьню Міхаілу Скрабіну[3].

  1. ^ а б в Вольга Мядзьведзева. Тэрыторыя памяці // Зьвязда : газэта. — 11 кастрычніка 2013. — № 192 (27557). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б Вольга Мядзьведзева, Надзея Юшкевіч. Абавязак сыноў // Зьвязда. — 10 траўня 2014. — № 85 (27695). — С. 5.
  3. ^ а б Вольга Мядзьведзева. Зямля памятае // Зьвязда. — 8 кастрычніка 2013. — № 189 (27554). — С. 1, 5.
  4. ^ Вольга Мядзьведзева. Вязень Дуляга-125 (Заканчэньне) // Зьвязда. — 11 лютага 2014. — № 25 (27635). — С. 5.
  5. ^ Вольга Мядзьведзева. Сьведкі // Зьвязда. — 13 лістапада 2013. — № 213 (27578). — С. 1, 5.