Сэрафін Міхалеўскі

беларускі і польскі філёляг, філёзаф, паэт
(Перанакіравана з «Сэрафін Корчак-Міхалеўскі»)

Сэрафі́н (Ко́рчак-)Міхале́ўскі (па-польску: Serafin Korczak-Michalewski; 18 траўня 1923, Брэст-над-Бугам — 15 студзеня 2006, Варшава) — беларускі[1] і польскі філёзаф, філёляг, паэт.

Сэрафін Корчак-Міхалеўскі
Serafin Michalewski
Дата нараджэньня 18 траўня 1923(1923-05-18)
Месца нараджэньня Берасьце, Польская Рэспубліка
Дата сьмерці 15 студзеня 2006(2006-01-15) (82 гады)
Месца сьмерці Варшава, Польшча
Месца вучобы
Занятак філёляг, філёзаф, рэлігіязнаўца, пісьменьнік, паэт, перакладнік, архівіст, бібліятэкар
Навуковая сфэра філязофія, філялёгія
Узнагароды
Ордэн Virtuti Militari
Ордэн Virtuti Militari

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і прадстаўнікоў старога шляхецкага роду. Дзяцінства правёў у вёсцы Росахі (цяпер у Пружанскім раёне). Скончыў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча (1939), беларускую сярэднюю школу №1 (1941) у Пружане.

У 1941 сям’я вывезеная ў Сыбір, дзе Сэрафін паступіў у Новасыбірскі пэдагагічны інстытут, займаўся германскімі мовамі. З 1943 — на службе ў Войску Польскім, скончыў афіцэрскую артылярыйскую школу ў Кастраме. Камандаваў батарэяй у складзе 3-га Бэрлінскага палку(pl) I дывізіі пяхоты імя Тадэвуша Касьцюшкі(pl). Удзельнічаў у вызваленьні Варшавы, баях пад Бэрлінам. Тройчы быў паранены, стаў інвалідам. Узнагароджаны ордэнам Віртуці Мілітары[2], мэдалямі[3].

Па вайне навучаўся ва ўнівэрсытэтах Лодзі, Уроцлава, Варшавы. Атрымаў дыплёмы магістра па філязофіі і ангельскай філялёгіі. Працаваў навуковым супрацоўнікам у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, у Інстытуце матэматычных лічбавых машын, у бібліятэцы Акадэміі навук, у рэдакцыі футуралёгіі.

Рукапакладзены ў дыяканы[4], парафіянін варшаўскае праваслаўнае царквы сьв. Яна Клімака(pl).

Дзейнасьць

рэдагаваць

Займаўся навукова-дасьледчай дзейнасьцю ў галіне філязофіі, рэлігіі, філялёгіі.

Напісаў тэарэтычную працу «Ўводзіны да трансцэндэнтальнай мэдытацыі» і каля дзесяці навуковых рэфэратаў, прысьвечаных рэлігійна-філязофскаму вучэньню старажытнай Індыі — ёзе. У Варшаўскім унівэрсытэце наладзіў дзьве першыя ў Эўропе выставы, прысьвечаныя вучэньню ёгі.

Яму належыць тлумачэньне дагмату пра Сьвятую Тройцу і тэадыцэю, устанаўленьне сапраўднага аблічча Багародзіцы і Збавіцеля. Сэрафін Міхалеўскі пераклаў на польскую мову праваслаўную імшу сьвятога Яна Златавуснага.

Аўтар шматлікіх працаў па лінгвістыцы. Склаў два санскрыцка-польскія слоўнікі, сэлектыўную біяграфію па 900 мовах (слоўнікі і граматыкі), бібліяграфію караімскіх кніг. Распрацаваў праект рэформы кітайскага герагліфічнага пісьма. Афіцыйна засьведчанае ягонае валоданьне 17 мовамі[3].

Выдаў некалькі зборнікаў уласных афарызмаў на польскай мове. Болей, аднак, вядомы ў Польшчы як паэт. Уваходзіў у Міжнароднае таварыства паэтаў (анг. International Society of Poets). Паэтычныя творы друкаваліся на ангельскай, беларускай, польскай мовах у пэрыядычных выданьнях Варшавы, штотыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва», самвыдаце («Бельскі гостінэць»[5], «Białowieżanin»[6]) і на радзіме паэта, у пружанскай газэце «Раённыя будні». У Музэі славутых паэтаў (анг. The International Poetry Hall of Fame) адна з экспазыцыяў прысьвечаная Сэрафіну Міхалеўскаму.

Меў брата Ежы (? — 1989, Польшча) і сястру Варвару (жыла і памерла ў Пружанах)[7].

  1. ^ Корчак-Міхалеўскі, Сэрафін (нар. 1923) Сводный электронный каталог. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 17 красавіка 2012 г.
  2. ^ Polish Order of the Virtuti Militari Recipients 1792-1992 - M2 (анг.) Poland Genealogy Resources. The Federation of East European Family History Societies. Праверана 21 красавіка 2012 г.
  3. ^ а б Ірына Тамільчык. Міхалеўскі Серафін (Корчак-) Беларусы ў сьвеце. Кантакты і дыялогі. Праверана 17 красавіка 2012 г.
  4. ^ Ślub Nowosielskiego (пол.) Don’t Shoot the Prophet Праверана 21 красавіка 2012 г.
  5. ^ Materiał dostępny za lata 1988-2000 (пол.). Polska Biblioteka Literacka. Праверана 17 красавіка 2012 г.
  6. ^ Białowieżanin (pismo, Białowieża) (пол.) Encyklopedia Puszczy Białowieskiej Праверана 17 красавіка 2012 г.
  7. ^ Ірына Сядова. «Польскія» Пружаны // Раённыя будні. — 19 чэрвеня 1993. — № 47 (7084). — С. 3.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць