Сьцяфан Кульчыцкі
Сьцяфан Кульчыцкі (7 лістапада 1879, в. Дамавіцк, Ігуменскі павет, Менская губэрня — 1 лістапада 1937, Менск) — беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч, протаярэй Менскай епархіі.
Сьцяфан Кульчыцкі | |
Дата нараджэньня | 7 лістапада 1879 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1 лістапада 1937 (57 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | сьвятар |
Месца працы | |
Сябра ў | Рада Беларускай Народнай Рэспублікі |
Бацька | Іван Кульчыцкі[d] |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 7 лістапада 1879 году ў в. Дамавіцк Ігуменскага павету Менскай губэрні (цяпер Чэрвеньскі раён Менскай вобласьці). Сын Іаана Кульчыцкага. Скончыў Менскую духоўную сэмінарыю, Санкт-Пецярбурскую духоўную акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя (1904). Выкладаў у мужчынскай гімназіі і рэальным вучылішчы ў Рэвелі.
7 чэрвеня 1904 году рукапакладзены ў іерэя. З 31 жніўня 1904 году служыў у царкве сьв. Марыі Магдаліны пры духоўным жаночым вучылішчы ў мястэчку Парычы Бабруйскага павету Менскай губэрні (цяпер Сьветлагорскага раёну Гомельскай вобласьці), выкладаў Закон Божы. З 1907 году — сьвятар Менскага Петра-Паўлаўскага катэдральнага сабору, выкладчык Менскай духоўнай сэмінарыі. З 6 кастрычніка 1908 году і да 1916 году — ключар сабора, член Менскага япархіяльнага рэвізійнага камітэту. Узнагароджаны санам протаіерэя (1914).
Удзельнік зьезду Беларускага праваслаўнага духавенства ў Маскве (1917). Прадстаўляў сьвятарства Менскай япархіі на Памесным саборы Расейскай праваслаўнай царквы ў 1917—18 гадах. З красавіка 1918 году ўвайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, працаваў у Камісіі па міжнародных справах. Абраны ў выканаўчы камітэт Менскага беларускага прадстаўніцтва. У 1926 годзе служыў у Петрапалаўскім саборы ў Менску. Удзельнік зьезду прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства і вернікаў Менскай япархіі 9—10 жніўня 1927 году. Адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (1927). У 1930-х гадах — сьвятар царквы Сьв. Марыі Магдаліны ў Менску.
Арыштаваны 28 ліпеня 1937 году ў Менску. Асуджаны 25 кастрычніка 1937 году тройкай НКУС за «антысавецкую дзейнасьць» да вышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці. Расстраляны 1 лістапада 1937 году у Менску ў турме НКУС Рэабілітаваны 25 сакавіка 1989 году пракуратурай БВА.
Літаратура
рэдагаваць- Кульчыцкі (Кульчицкий) Сцяфан // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.