Сьвятое (Менская вобласьць)
Сьвято́е[1] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 1 км на паўднёвы ўсход ад Зялёнага Бору Смалявіцкага раёну. Сьвятое ўваходзіць у склад Глівінскага сельсавету.
Сьвятое | |
трансьліт. Śviatoje | |
Першыя згадкі: | 1849 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Барысаўскі |
Сельсавет: | Глівінскі |
Вышыня: | 170 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 1 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 177 |
Паштовы індэкс: | 222117 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°0′19.7″ пн. ш. 28°30′22.0″ у. д. / 54.005472° пн. ш. 28.506111° у. д.Каардынаты: 54°0′19.7″ пн. ш. 28°30′22.0″ у. д. / 54.005472° пн. ш. 28.506111° у. д. |
± Сьвятое |
Месцазнаходжаньне
рэдагавацьТак склалася, што вёска ня мае добрай дарогі зь ніводным пасяленьнем на Барысаўшчыне. Затое мае добрыя шляхі з населенымі пунктамі Смалявіцкага раёну і амаль што зьяўляецца прадмесьцем мястэчка Зялёны Бор.
Месца, дзе знаходзіцца Сьвятое, да нядаўняга часу было вельмі ціхім, адарваным ад больш ці менш вялікіх пасяленьняў, ад «цывілізацыі» наогул. Яшчэ гадоў 80 таму тут з поўдня і асабліва з поўначы былі вялікія, амаль непраходныя балоты. Празь іх не было ніякіх дарог. Празь мясьціны, дзе цяпер знаходзіцца Сьвятое, праходзіла толькі адна лясная дарога. На паўночны ўсход яна ішла да Слабодкі, Забашэўкі, Забашавічаў. Далей можна было трапіць у Барысаў. У адваротным кірунку — на паўднёвы захад яна ішла на Забалацьце, Кляньнік, Ігумен.
Гісторыя
рэдагавацьЗаснаваньне вёскі, узьнікненьне назвы
рэдагавацьКалі ўважліва паглядзець на мапу, то ў навакольлях Сьвятога можна ўбачыць некалькі вадаёмаў. Найбольш імаверна, што сваю назву вёска атрымала ад аднайменнага возера. Гэтае возера знаходзілася за 1,45 км на паўднёвы ўсход ад вёскі і амаль цалкам высахла ў выніку буйных торфараспрацовак 1960-х гадоў. Зараз за 150 метраў на праўднёвы ўсход ад вёскі знаходзьдзяцца штучныя вадаёмы, якія ўзьніклі пасьля правядзеньня торфараспрацовак.
Можна выказаць меркаваньне, што ў тамтэйшых навакольлях існавала нейкая крынічка, якой пакланяліся, або іншае месца (камяні ці інш.), якое маглі б людзі лічыць сьвятым. Аднак нічога падобнага ў навакольлях вёскі няма, як і няма ніякай падставы лічыць, што яно магло быць у ранейшыя часы. Такім чынам, здаецца зусім незразумелым, дзе можа быць адказ на пытаньне пра незвычайнае паходжаньне назвы вёскі.
Мясцовыя жыхары распавядаюць пра паходжаньне іх вёскі цікавае паданьне. У ім гаворыцца, што восеньню 1812 году, пасьля вядомых падзеяў на Барысаўшчыне праз гэтыя мясьціны прабіраліся дадому на захад пяцёра францускіх салдат. Усе яны былі братамі. Адзін зь іх быў паранены, таму браты вымушаны былі яго несьці. Гэта рабіла значна больш цяжкім і небясьпечным іх шлях і амаль немагчымым пераход мяжы. Таму, каб не перашкаджаць выратавацца братам, паранены вырашыў застацца ў гэтых вельмі ціхіх, «забытых Богам» мясьцінах.
Ён падлячыўся, ажаніўся, раскарчаваў лес і пачаў жыць. Зь сям’і былога жаўнера і распачалася вёска. Ад яго нашчадкаў пайшлі ўсе жыхары Сьвятога. А паколькі ўсё ў яго пасьля падзеяў 1812 году завяршылася так добра, яго як былога салдата варожай арміі ніхто тут не адшукаў, ён пачаў лічыць гэта месца (ці возера) сьвятым. Адсюль і ўтварылася назва вёскі, якая паўстала на гэтым месцы празь яго нашчадкаў, — Сьвятое.
Тое, што было
рэдагавацьВёска Сьвятое заўсёды была малой, знаходзілася ўбаку ад шляхоў, падзеяў. Таму пра яе практычна не захавалася ніякіх дакумэнтаў, якія б сьведчылі пра яе мінуўшчыну. Аднак тыя, што дайшлі да нашага часу, вельмі добра стасуюцца са старым паданьнем.
Найбольш старое дакумэнтальнае сьведчаньне пра Сьвятое можа быць аднесена да 1849 году. У гэтым годзе зямлёй тут па закладному праву сталі валодаць браты Юшкевічы: Вікенцій, Сьцяпан, Іасафат і Якаў. На той момант яны былі, відаць, яшчэ досыць маладымі. Ва ўсякім разе па стану на 1876 год яны працягвалі супольна валодаць і кіраваць агульнай гаспадаркай.
Хутчэй за ўсё яны і былі сынамі таго жаўнера, які змагаўся на баку францускай арміі. Пра гэта сьведчыць магчымы год сьмерці жаўнера — 1849. На карысьць паданьня ўскосна сьведчыць і яшчэ адзін факт. На той час зямлёй валодала амаль выключна шляхта або тыя асобы, што займалі высокія пасады на дзяржаўнай службе. Юшкевічы ж у сьпісах землеўладальнікаў згадваюцца як мяшчане. Гэта — вельмі рэдкая зьява ў гэтым краі на той час.
Яшчэ адным ускосным фактарам, які сьведчыць на карысьць паданьня, зьяўляецца і тое, што вёска Сьвятое раней ўвесь час была выключна каталіцкай.
Пра бацьку братоў-землеўладальнікаў амаль нічога невядома. Да нас дайшло толькі тое, што яго звалі Станіслаў. Такім чынам, вельмі верагодным зьяўляецца тое, што Станіслаў Юшкевіч і ёсьць той салдат, які змагаўся на баку францускага войска і пра якога распавядае паданьне. Можна выказаць меркаваньне, што ён, хутчэй за ўсё, зьяўляўся жаўнерам войск Вялікага Княства Літоўскага або Каралеўства Польскага (а не францускага або іншых саюзных ёй краін), якія змагаліся на баку Напалеона і якія ўдзельнічалі ў падзеях восеньню 1812 году на Барысаўшчыне. Гэта і дазволіла яму так проста «асімілявацца» на Барысаўшчыне.
Па ўсяму відаць, што да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя Сьвятое становіцца звычайнай невялікай тутэйшай вёскай.
Напярэдадні падзеяў 1917 году сюды прыязджаў і агітаваў мясцовых жыхароў за перамены Дзербалыск. Яшчэ нядаўна існавала думка, што яму неабходна паставіць помнік у вёсцы. Аднак яна так і не была рэалізавана.
Капліца
рэдагавацьЛя вёскі на могілках існавала каталіцкая капліца. Самі могілкі, хоць і адносіліся да Сьвятога, былі агульнымі і для жыхароў яшчэ некалькіх навакольных невялікіх каталіцкіх вёсак. Пахаваньняў там хоць і ня шмат, але, безумоўна, утвораны былі яны даўно. Кажуць, што на іх ёсьць камень, на якім высечаны 1305 год. Могілкі разьмешчаны на баку Смалявіцкага раёну ля самай мяжы з Барысаўскім раёнам.
Пра капліцу ля Сьвятога амаль не захавалася ніякіх зьвестак. Узгадваецца яна толькі пры апісаньні прыхода барысаўскага касьцёла ў 1907 годзе. Пра яе тады казалася, што яна драўляная, малая, патрабуе рамонту. Вядома, што капліца мела свой звон. Спалена яна была немцамі падчас аблогі партызан у 1942 годзе.
Перамены
рэдагавацьЗьмены ў ціхім жыцьці вёскі адбыліся пасьля падзеяў 1917 году і іх наступстваў, у гады апошняй вайны. Напярэдадні яе ў Сьвятым было 13 хат. На Вялікдзень 4 красавіка 1943 году вёску акружылі немцы і спалілі яе. Засталася толькі адна зямлянка і адна студня. У далейшым вёска была адноўлена.
У вайну, каб яна хутчэй скончылася, на ўскрайку вёскі (цяпер там стаіць хата) ставілі крыж, вешалі на яго саматканыя рэчы.
Вялікія пераўтварэньні ў навакольлях вёскі распачаліся ў пасьляваенны час. У 1947 годзе распачынаецца пабудова мястэчка Зялёны Бор і маштабных торфараспрацовак у тамтэйшых навакольлях (хаця, калі быць больш дакладнымі, першыя працы па торфараспрацоўках на поўначы ад Сьвятога распачаліся яшчэ ў даваенны час). Была пабудавана вузкакалейка. Яна хоць не займалася перавозкай пасажыраў, але неафіцыйна магла «падкінуць» людзей на матавозе да Жодзіна. Вёска перастала быць адрэзанай ад «цывілізацыі».
Торфараспрацоўкі ўжо даўно ў навакольлях Сьвятога спынены. Няма ўжо той вузкакалейкі. Аднак дарогі, якіх не было тут у мінулыя стагодзьдзі, засталіся.
Вёска цяпер
рэдагавацьЦяпер Сьвятое — вёска Забашавіцкага сельсавету Барысаўскага раёну. Але дабрацца адсюль да цэнтра сельсавету можна толькі пятляючы каля дзесяці кілямэтраў па лясных дарогах. Мястэчка ж Зялёны Бор — усяго за кілямэтар. Адтуль па асфальце ня так далёка і да Жодзіна. Таму мясцовыя жыхары звыкліся вырашаць свае праблемы менавіта там, а не на Барысаўшчыне.
Яшчэ да адносна нядаўняга часу ў вёсцы жылі выключна Юшкевічы. Аднак потым дочкі тутэйшых жыхароў павыходзілі замуж за не мясцовых жыхароў, пачалі тут жыць сваім сем’ямі. Так узьніклі жыхары вёскі зь іншымі прозьвішчамі.
Калі казаць строга, то Сьвятое вёскай ужо назваць можна досыць умоўна. Цяпер тут хоць і маецца 23 хаты, пастаянна жывуць толькі ў трох. Прычым пераважна людзі сталага веку. Старэйшая жыхарка вёскі мае 87 гадоў.
Астатнія былыя вясковыя гаспадаркі практычна пераўтварыліся ў дачныя ўчасткі. На іх нашчадкі былых жыхароў праводзяць толькі выхадныя, а пэнсіянэры — лета і часткова вясну і восень. Зімой яны жывуць у сваіх кватэрах у Жодзіне і ў іншых месцах. Відаць па ўсім, што ў хуткім часе Сьвятое цалкам пераўтворыцца ў яшчэ адзін у гэтым краі дачны пасёлак.
Толькі незвычайная мінуўшчына вёскі і незвычайная назва, якую яна змагла пранесьці праз часы свайго існаваньня, назаўсёды пакінуць яе ў гісторыі Барысаўшчыны.
28 траўня 2013 году разам зь іншымі населенымі пунктамі ліквідаванага Забашавіцкага сельсавету перададзеная ў склад Глівінскага сельсавету[2].
Насельніцтва
рэдагаваць- 2010 год — 1 чалавек
- 1999 год — 8 чалавек
Інфармацыя для турыстаў
рэдагавацьСтрачаная спадчына
рэдагаваць- Царква
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 69
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Міхась Мацельскі. Сьвятое — тутэйшая вёска незвычайнага паходжаньня(недаступная спасылка) // Гоман Барысаўшчыны №11(104), 2007 г.