Дзёньнік літоўскіх паслоў
«Дзёньнік літоўскіх паслоў» — умоўная назва алітаратуранай справаздачы віцебскага ваяводы Стафана Збараскага, складзеная ў 1556 годзе па вяртаньні на радзіму з пасольства да вялікага князя маскоўскага Івана IV Жахлівага. Мова іншаземцаў — маскоўскіх дваранаў — перадаецца аўтарам у перакладзе на старабеларускую.
Апісаньне
рэдагавацьАпісаньне падзеяў пачынаецца з моманту прыезду пасольства Вялікага Княства Літоўскага на землі Маскоўскага княства, паведамленьнем пра час — 7 студзеня 1556 году, і пералікам кіраўнікоў пасольскай місіі з указаньнем іх пасадаў. Сярод галоўных сюжэтна-кампазыцыйных кампанэнтаў — сцэна аўдыенцыі ў Крамлі, якая ўключае наступныя топікі: прыезд прыставаў да вялікіх паслоў і запрашэньне ў Крэмль, праезд брамы (сцэна ля слупоў), сустрэча ў сенцах перад палацам князя зь пералікам баяраў, якія выйшлі насустрач, рытуальнае прадстаўленьне вялікаму князю паслоў, ветлівае запрашэньне ад манарха заняць адпаведнае месца на лаве насупраць ад яго, нарэшце, прапанова баярына-дыплямата Івана Віскаватага ад імя манарха перайсьці ў палату для вядзеньня перамоваў.
У «Дзёньніку» некалькі сцэнаў перамоваў паміж пасламі Літвы і маскоўскімі баярамі. Аўтар фіксуе ўдзельнікаў дыскусіяў з абодвух бакоў, перадае асноўныя прамовы, зьмест пытаньняў, якія абмяркоўваліся. Галоўны прадмет перамоваў — падпісаньне артыкулаў замірэньня паміж дзьвюма краінамі. У якасьці прадмета абмеркаваньня ў творы выступаюць і другасныя зьявы, што былі зьвязаныя зь бясьпекай і побытам вялікіх паслоў у Маскве.
Усяго ў «Дзёньніку» дзесяць прамоваў паслоў, пяць маналёгаў вялікага князя маскоўскага, 12 прамоваў прыставаў, восем маналёгаў маскоўскіх баяраў, зь якіх шэсьць — безасабовыя і дзьве — пэрсаніфікаваныя, найбольш значная зь якіх — прамова Якава Салтыкова-Марозава ў час першай аўдыенцыі паслоў у вялікага князя.
Аповед завяршаецца прыездам «у сваю зямлю» 23 лютага 1556 году.
Асобы
рэдагавацьУ «Дзёньніку» фігуруюць больш за дзесяць пэрсанажаў, прычым усе яны — гістарычныя асобы: маскоўскі князь Іван IV Жахлівы, баяры Якаў Салтыкоў-Марозаў, Міхайла Марозаў, Іван Варанцоў, Фёдар Сукін, пісар Іван Віскаваты.
Літаратура
рэдагаваць- Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — С. 174—177. — 608 с.
- Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 686