Станіслаў Шаптыцкі

Станісла́ў Шапты́цкі (па-польску: Stanisław Maria Jan Szeptycki[1], 3 лістапада 1867, в. Прылбычы, каля Яварава — 9 кастрычніка 1950, в. Карчына, Падкарпацкае ваяводзтва) — польскі вайсковец, граф, генэрал Аўстра-вугорскай арміі, генэрал броні Войска Польскага.

Станіслаў Шаптыцкі
Stanisław Maria Jan Teofil Szeptycki
3 лістапада 18679 кастрычніка 1950
Месца нараджэньня в. Прылбычы, каля Яварава
Месца сьмерці в. Карчына, Падкарпацкае ваяводзтва
Прыналежнасьць Аўстра-Вугоршчына,
Польшча
Род войскаў кавалерыя, артылерыя, пяхота
Гады службы 1885—1926, 1944—1946
Званьне генэрал броні
Камандаваў III Брыгада польскіх легіёнаў
Польскія легіёны
Генэральны штаб
Літоўска-беларуская дывізія
Фронт Літоўска-беларускі
4 Армія
Фронт ген. Шаптыцкага
Фронт паўночна-усходні
Інспэктар 4 Арміі
Міністэрства вайсковых справаў
Бітвы/войны Расейска-японская вайна
Першая сусьветная вайна
Савецка-польская вайна
Польскае войска на чале з ген. Шаптыцкага вяртаецца ў Катавіцы, 22 чэрвеня 1922 г.
Памятная табліца ген. Станіслава Шаптыцкага (1867—1950) на Пляцы Пілсудзкага ў Варшаве

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Сям’я і маладосьць

рэдагаваць

Быў сынам графа Яна Канты Шаптыцкага (1836—1912) і Соф’і Шаптыцкай (1837—1904). 7 чэрвеня 1906 ажаніўся з княжной Марыяй Языфінай Сапегай (1884—1917). Другі раз ажаніўся 4 студзеня 1925 са Станіславай Алізар (1899—1977)[2]. У 1885 годзе скончыў з адзнакай Гімназію імя Яна ІІІ Сабескага ў Кракаве.

Служба ў аўстра-вугорскай арміі

рэдагаваць

У 1885 годзе пачаў вучыцца ў аддзеле артылерыі Тэхнічнай вайсковай акадэміі ў Мёдлінгу. Скончыў Акадэмію ў 1888 годзе ў званьні падпаручніка. Распачаў службу ў 3-й дывізіі палявой артылерыі ў Ярославе. У 1890 годзе быў накіраваны ў Вышэйшую конную школу (Reitlehren institut) у Вене, па заканчэньні якой у 1892 годзе як выкладчык коннай язды быў накіраваны ў 10-ю брыгаду палявой артылерыі ў Прэмысьлі ў званьні паручніка. Служыў там да 1894, калі паступіў у Акадэмію Генэральнага штабу. Скончыў яе ў 1896 годзе і стаў ад’ютантам 53-й брыгады пяхоты ў Кошыцах.

У 1897 накіраваны ў 27-ю дывізію пяхоты ў Кошыцах. У 1898 атрымаў званьне капітана артылерыі і накіраваны ў 18 полк палявой артылерыі на пасаду камандзіра батарэі. У 1900 годзе атрымаў званьне капітана Генэральнага штабу і накіраваны ў 12-ю дывізію пяхоты ў Кракаве. у 1903 годзе пераведзены ў 1-ю дывізію кавалерыі ў Кракаве. У 1904—1905 вайсковы аташэ ў расейскім штабе ў Маньчжурыі. На расейска-японскай вайне быў 20 месяцаў. Пасьля вяртаньня здаў іспыт на званьне маёра генэральнага штабу і прызначаны камандзірам штаба 3-й дывізіі кавалерыі ў Вене. З 1909 камандаваў дывізіёнам у 1-м палку палявой артылерыі ў Кракаве. 1 траўня 1911 году стаў падпалкоўнікам генэральнага штабу. У 1911—1914 служыў вайсковым аташэ ў Рыме. 1 траўня 1914 стаў палкоўнікам генэральнага штабу.

Спачатку служыў у Апэрацыйным аддзеле Галоўнага камандаваньня, а з 24 верасьня 1914 да лістапада 1915 на пасадзе шэфа штабу II Корпусу аўстрыйскага на расейскім фронце. Тады сутыкаецца з Польскімі легіёнамі, якія ўваходзілі ў склад II Корпусу. Зь лістапада 1915 камандаваў XXX Брагадай палявой артылерыі, а ў чэрвені 1916 па ўласнай просьбе пераведзены ў Польскі Легіён. Зь ліпеня 1916 да кастрычніка 1916 камандуючы III Брагады Польскіх легіянэраў, пасьля да красавіка 1917 камэндант усіх Легіёнаў на чале якіх 1 сьнежня 1916 году ўвайшоў у Варшаву. Зьняты з пасады ў красавіку 1917 году з-за падтрымкі прапольскай пазыцыі, якая была прызнаная шкоднай для Цэнтральных дзяржаваў. Да лютага 1918 году любленскі генэральны губэрнатар (выступіў супраць адданьня Хэльмшчны Ўкраіне згодна Берасьцейскай дамовы). З чэрвеня а кастрычніка 1918, на італьянскім фронце, кіраваў 85 Брыгадай пяхоты ландвэру. З кастрычніка 1918 году кіраваў падначаленымі немцам Польскімі ўзброенымі сіламі. 5 лістапада 1918 звольнены з аўстрыйскай арміі.

Служба ў польскім войску

рэдагаваць

У Польскае войска ўступіў 1 лістапада 1918 году. 4 лістапада 1918 прызначаны генэралам дывізіі і генэральным збройным інспэктарам. Таксама яму перадалі камандаваньне ўсімі аддзеламі Войска Польскага на абшарах былой Аўстра-Вугоршчыны, а таксама той часткі Галіччыны, якая знаходзілася пад польскай уладай[3].

16 лістапада 1918 году Юзаф Пілсудзкі прызначыў яго кіраўніком Генэральнага штабу. Выконваў гэтыя функцыі да 13 сакавіка 1919 году, калі на яго ўласную просьбу ўзначаліў Літоўска-Беларускую дывізію. 28 красавіка 1919 году стаў камандуючым Літоўска-Беларускага фронту.

Згодна з загадам Пілсудзкага ад 7 сакавіка 1920 году збройныя сілы на ўсходзе былі падзеленыя на пяць арміяў. Генэрал Шаптыцкі перастаў быць камандуючым Літоўска-беларускага фронту, а ўзначаліў 4 армію, якая змагалася на ўчастку Палесься і Бярэзіны.

21 красавіка 1920 году Пілсудзкі зацьвердзіў яго ў званьні генэрала броні[4].

Падчас вайны 1920 г. камандаваў 4 Арімяй. з 17 траўня 1920 году абавязкі камандуючага арміяй сумяшчаў з функцыяй камандуючага «Фронту ген. Шаптыцкага» ў склад якога ўваходзілі тры арміі (1, 4 і 7). 5 ліпеня 1920 году стаў камандуючым Паўночна-усходняга фронту, а абавязкі камандуючага 4 Арміі перадаў генэралу Леанарду Скерскаму. На гэтай пасадзе кіраваў баямі да 30 ліпеня 1020 году. 1 жніўня вымушаны быў пакінуць пасаду з-за цяжкай хваробы (крываўка) ды непаразуменьня зь Пілсудзкім.

Пасьля замірэньня атрымаў пасаду Інспэктара 4 арміі ў Кракаве. У 1922 годзе Камандываў аддзеламі Войска Польскага, якія займалі частку Сылезіі, што была прызнаная за Польшчай.

31 траўня 1922 году ў Кракаве дэлегацыя віленскай гарадской Рады на чале з бурмістрам Вітольдам Банкоўскім надаў генэралу ганаровае грамадзянства гораду Вільня «з прызнаньня яго заслугаў, падчас вызваленьня г. Вільня ад бальшавіцкай навалы»[5].

13 чэрвеня 1923 году прэзыдэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі прызначыў яго Міністрам вайсковых справаў[6]. 4 жніўня 1923 году загадам № 126 прызначыў Сьвята польскага жаўнера.

15 сьнежня 1923 году прэзыдэнт Польшчы Станіслаў Вайцехоўскі, «прыслухоўваючыся да паданай яму просьбы аб адстаўцы, звольніў» Шаптыцкага з пасады кіраўніка Міністэрства вайсковых справаў і «адначасова паручыў далей выконваць ранейшыя функцыі ажно да часу прызначэньня наступніка». Гэта адбылося 19 сьнежня 1923 году, калі пасаду міністра заняў генэрал броні Казімер Сасноўскі[7]. Пасьля звальненьня Шаптыцкі вярнаўся на пасаду інспэктара 4 Арміі ў Кракаве. З 24 лістапада 1922 быў чальцом Капітулы ордэну Virtuti Militari. Падчас травеньскага перавароту названы прэзыдэнтам Вайцехоўскім камандуючым войскмі вернымі ўраду па-за сталіцай. 10 чэрвеня 1926 году Прэзыдэнт Польшчы Ігнацы Масьціцкі, «беручы пад увагу просьбу» генэрала, звольніў яго са становішча інспэктара 4 Арміі ў Кракаве[8]. Ад 30 чэрвеня 1926 пайшоў у адстаўку[9].

Па заканчэньні другой сусьветнай вайны ва ўзросьце 78 гадоў быў прыняты на службу ў Войска Польскае, пасьля адпраўлены ў адстаўку і прызначаны на пасаду старшыні Галоўнае ўправы Польскага Чырвонага крыжа. Займаў гэтую пасаду ў 1946—1950 гг.

Пахаваны на могілках у вёсцы Карчына каля Кросна, якой быў апошнім ўласьнікам.

Выдаў працу: Літоўска-беларускі фронт 10.3.1919-30.7.1920 (1925).

Шаптыцкі і беларускі рух

рэдагаваць

Пасьля заняцьця Менску польскім войскам у 1919 годзе ад імя Шаптыцкага па-беларуску і па-польску была выдадзеная адозва на насельніцтва[10].

У 1920 годзе Станіслаў Шаптыцкі выратаваў жыцьцё беларускаму палітыку Тамашу Грыбу, калі яго хацелі расстраляць на загад дэфэнзывы. Шаптыцкі пазваніў Люцыяну Красуцкаму, шэфу дэфэнзывы ІІ аддзелу Галоўнага камандаваньня, і сказаў, што за галаву Грыба той адказвае сваёй галавою. Красуцкі адказаў, што няхай заўтра расстраляюць яго, але сёньня ўночы ён расстраляе Грыба. Пасьля чаго быў зьняты з пасады загадам Шаптыцкага[11].

Янка Купала ў сваёй паэме «Барысаў» гэдак згадваў польскага генэрала:

  Генерал Шаптыцкі,

Праклятае славы –
Выпраўляў жалезам
Свой банкет крывавы.
Але да сканання
Яму не ўдалося
Спапяліць ідэю,
Як наша калоссе.
Генерал Шаптыцкі,
Найяснейшы пане!
Ўжо твой бот жандарскі
Болей тут не стане.

 

—Янка Купала, паэма «Барысаў»

У міжваенны час галоўная вуліца ў Баранавічах была названая ў гонар Шаптыцкага (цяпер Савецкая), які двойчы адбіваў горад ад бальшавікоў. У пінскай флятыліі адзін з караблёў меў назву «Генэрал Шаптыцкі»[12]

  1. ^ http://www.sejm-wielki.pl/b/cz.I007732
  2. ^ Станіслаў Лаза «Czy wiesz kto to jest?», Wydawnictwo Głównej Księgarni Wojskowej, Варшава, 1938, с. 720
  3. ^ Dziennik Rozporządzeń Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 3 z 04.11.1918 r.
  4. ^ Dziennik Personalny Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 16 z 3 maja 1920 roku, poz. 476.
  5. ^ Gen. Szeptycki honorowym obywatelem Wilna, «Polska Zbrojna» Nr 144 ад 31 траўян 1922, с. 1.
  6. ^ Dziennik Personalny Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 39 ад 20 чэрвеня 1923 году, s. 397.
  7. ^ Dziennik Personalny Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 1 ад 10 студзеня 1924 году, с. 707—708.
  8. ^ Dziennik Personalny Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 24 ад 23 чэрвеня 1926, ст. 187.
  9. ^ Dziennik Personalny Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 26 ад 6 ліпеня 1926, ст. 207.
  10. ^ Кароткі нарыс беларускага пытаньня, Менск, 2009, с.81
  11. ^ Паўліна Мядзёлка «Сьцежкамі жыцьця», Полымя, 1993 №5, с.194-195
  12. ^ Трагедыя пінскіх маракоў, Ігар Мельнікаў