Савецкі нэаклясыцызм

кірунак у савецкім дойлідзтве, што панаваў з 1932 па 1955 год
(Перанакіравана з «Сталінскі ампір»)

Савецкі нэаклясыцызм — кірунак у савецкім дойлідзтве, што панаваў з 1932 па 1955 год. Пазьней зьявілася назва сталінскі нэаклясыцызм. Часта сустракаецца памылковая назва сталінскі ампір[1].

Нэаклясычны будынак КДБ Беларусі зь вежай і калёнамі (2010 г.)

Вызначаўся набліжанасьцю да старажытнарымскага дойлідзтва, складнікамі клясыцызму і рэнэсансу. У аздабленьні будынкаў выкарыстоўвалі калёны, расьлінны рэльеф і капітэлі зь фігурамі калектыву працоўных і сялянаў[1].

Гісторыя

рэдагаваць

У лютым 1931 году Ёсіф Сталін абвясьціў конкурс праектаў Палаца саветаў у Маскве (Расейская СФСР), што мусіў мець рысы вяртаньня да Старажытнасьці. 5 сьнежня 1931 году для будаўніцтва палацу двойчы падарвалі храм Хрыста Збаўцы, абломкі якога разьбіралі наступныя 1,5 году. У жніўні 1932 году Сталін напісаў памятку, у якой выбраў праект Барыса Іяфана, які афіцыйна ўхвалілі ў траўні 1933 году. Будынак меў скласьці 315 мэтраў у вышыню са 100-мэтровай статуяй Уладзімера Леніна на даху ў дадатак. Аднак да 1939 году заклалі толькі падмурак, пасьля чаго падрыхтаваныя мэталаканструкцыі пайшлі на выраб супрацьтанкавых перашкодаў і мастоў у ходзе Нямецка-савецкай вайны. У 1930-я гады, калі вера ў Бога апынулася пад забаронай з боку Ўсесаюзнай камуністычнай партыі, на месцы зьнесеных храмаў сталі будаваць палацы ў падобным стылі нэаклясыцызму для правядзеньня канцэртаў, паседжаньняў і чытаньняў. У нэаклясычным стылі таксама ўзводзілі жылыя і кіраўнічыя будынкі, праекты якіх ухваляла вышэйшае кіраўніцтва Ўсесаюзнай кампартыі. У выніку аднолькавыя будынкі зьявіліся ў сталіцах большасьці савецкіх рэспублік, у тым ліку Беларускай ССР. Прыкладам беларускі дойлід Ян Жаўтоўскі зь Пінску ўзьвёў на Махавой вуліцы ў Маскве будынак з калёнамі і паземным падзелам, копіяй якога ёсьць цяперашні будынак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь. Кватэры ў нэаклясычных дамах мелі высокую столю і пакой для прыслугі. Засялялі ў такое жытло вышэйшых чыноўнікаў і набліжаных да іх адмыслоўцаў за заслугі. Веліч савецкага нэаклясыцызму выкарыстоўвалі ў якасьці прадстаўнічай шыльды для замежнікаў. Тым часам, большасьць гарадзкога жытла ў Савецкім Саюзе ўзводзілі ў выглядзе баракаў на некалькі сем’яў, дзе даводзілася сталавацца разам (камунальная кватэра). 4 лістапада 1955 году Савет міністраў СССР ухваліў Пастанову № 1871 «Аб прыбіраньні празьмернасьцяў у праектаваньні і архітэктуры»(ru), паводле якой нэаклясыцызм замянілі на функцыяналізм, бо будынкі мелі быць больш зручнымі, чым прыгожымі[1].

 
Палац культуры прафсаюзаў (2005 г.)

У 1946 годзе на праспэкце Сталіна ў Менску заклалі падмурак будынка Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі БССР, які стаў першым ў стылі савецкага нэаклясыцызму на праспэкце. Яго архітэктарам выступіў Уладзімер Кароль, які ўсталяваў на даху вежу са шпілем. Каб ураўнаважыць ансамбль праспэкту, падобную вежу паставілі на будынку насупраць. Надалей праспэкт забудоўвалі ў стылі нэаклясыцызму ў тры чаргі: 1) ад Менскага чыгуначнага вакзалу да Кастрычніцкай плошчы, 2) ад Кастрычніцкай да плошчы Перамогі, 3) ад плошчы Перамогі да плошчы Калініна. Вышыня дамоў суадносілася з шырынёй праспэкту як 2:1. Прасьветамі сярод забудовы служылі аркі і бульварыкі. Да ліку нэаклясычных будынкаў на праспэкце належыць «Цэнтральны» ўнівэрсам каля плошчы Якуба Коласа, што першапачаткова ўзводзілі ў якасьці жытла для супрацоўнікоў Міністэрства энэргетыкі. Будынак ГУМу адпаведна стылю аздобілі калёнамі і вялізнымі вітрынамі. Вакол круглых акенцаў ГУМу разьмясьцілі фігуру жанчыны з каласамі і сярпом ды фігуру мужчыны з кнігай. Абедзьве фігуры пакрылі бліскучай пералівістай эмальлю. Апошнім будынкам, узьведзеным у стылі савецкага нэаклясыцызму, стаў Палац культуры прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы. Таксама нэаклясычныя рысы маюць аркі на ўваходзе ў стадыён «Дынама», які пабудавалі на месцы жыдоўскіх могілак, дзе перасталі хаваць у канцы ХІХ стагодзьдзя. Пагатоў надмагільлі выкарысталі ў падмурку арак і стадыёну. У 2006 годзе мастак Артур Клінаў прысьвяціў фотаальбом «Горад Сонца» нэаклясычнаму ансамблю будынкаў на праспэкце Незалежнасьці. У 2008 годзе Клінаў выдаў раман «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца»[1].

  1. ^ а б в г Дыяна Серадзюк. Як будавалі эпоху: сталінскі ампір // Ігуменскі тракт. — 1 кастрычніка 2013. — № 32 (47). — С. 6.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Савецкі нэаклясыцызмсховішча мультымэдыйных матэрыялаў