Сармацкі партрэт
Сарма́цкі партрэ́т — форма параднага рыцарскага партрэту, ўласьцівая выяўленчаму мастацтву ВКЛ пэрыяду XV—XVIII стагодзьдзяў.
Дадзены партрэтны жанр быў часткай агульнае ідэалёгіі сарматызму, што панавала ў той час на абшарах Рэчы Паспалітае. Паводле дадзенае ідэалёгіі ўся шляхта лічылася нашчадкамі плямёнаў сарматаў, што ў III ст. да н. э. — IV ст. н. э. насялялі прычарнаморскія стэпы. Сарматызм стаўся сьветапоглядам, культурай і ладам жыцьця шляхты. Гэтая ідэалёгія, лучачы найвышэйшы стан Кароны й Літвы, адначасова супрацьпастаўляла яго іншым станам краіны й навакольным народам, асабліва некаталіцкага веравызнаньня. Галоўным абавязкам шляхты лічылася вайсковая справа й абарона Бацькоўшчыны й каталіцтва.
Чалавек у такіх творах паказваўся па вызначанай схеме — у парадным адзеньні, у атачэньні прадметаў, што адлюстроўвалі ня толькі мадэль, яе ўнутраны сьвет, характар, але й перадавалі прыналежнасьць да тое ці іншае саслоўнае групы насельніцтва, дазвалялі даведацца пра становішча асобы ў грамадзтве. Сармацкі партрэт, як асобны стыль «жывапіснага натуралізму», быў арыентаваны ня толькі на выяву твару чалавека. Гэты жывапісны стыль нёс у сваёй аснове й новае разуменьне пэйзажу і асяродзьдзя пражываньня чалавека. Узрастала імкненьне да адлюстраваньня матэрыяльнасьці й аб’ёмнасьці твараў і фігураў, хоць сьвятлоценявая мадэліроўка заставалася яшчэ плоскаснай.
У гэты час на Беларусі працавала шмат іншаземных майстроў, сюды прывозіліся творы з розных эўрапейскіх краінаў. Разам гэта стварала спрыяльную глебу для росквіту партрэтнага жанру, для фармаваньня яго нацыянальных рысаў. У выніку сярод тыповых рысаў сармацкага партрэту можна знайсьці й элемэнты рэнэсансу і маньерызму, а таксама, у пазьнейшы час, і барока. Буйнымі цэнтрам партрэтнага жывапісу ў ВКЛ былі Вільня, Нясьвіж, Супрасьль, Слуцак.
Да ліку найбольш выдатных помнікаў адносіцца партрэт Юр’я Радзівіла. Мадэль у ім паказаная ў поўны рост у атачэньні шматлікіх дэталяў. Дзякуючы ім, а таксама надпісу, можна даведацца пра партрэтуемага, пра месца паказанае асобы ў тагачасным грамадзтве. Тыпова «сармацкім» ёсьць і партрэт Яна Сабескага, выкананы вядомым беларускім гравэрам Аляксандрам Тарасевічам з Глуску. Ён паказвае караля ў рыцарскіх дасьпехах, з гербамі абедзьвюх частак дзяржавы і панэгірыкам пераможцу, а над усім — Сьвяты Дух — белы голуб, які асьвятляе караля промнямі славы.
У XX стагодзьдзі ў выніку сумеснага праекту рыцарскага клюбу «Жалезны воўк» і мастакоў А. Елізарава, А. Міхайлава, А. Піскуна ды іншых адбылося адраджэньне жанру сармацкага партрэту. Сармацкі партрэт ня толькі адрадзіўся на глебе старых традыцыяў, але й атрымаў новае разьвіцьцё ў розных стылях сучаснага жывапісу.