Расейска-турэцкая вайна (1877—1878)
Расе́йска-турэ́цкая вайна́ — збройны канфлікт між Расеяй і Асманскай імпэрыяй у 1877–1878 роках за ўплыў над краінамі Дунайскага басэйну і Балканскага паўвострава.
Расейска-турэцкая вайна | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Маскоўскі помнік у гонар узяцьця Плеўны | |||||||||||||
| |||||||||||||
Супернікі | |||||||||||||
Асманская імпэрыя | |||||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||||
Перадумовы
рэдагавацьАсманская імпэрыя, якую тады называлі старым чалавекам Эўропы, паступова станавілася мэтай імпэрыялістычных замахаў Расеі й іншых эўрапейскіх манархіяў. У той жа час на Балканах уздымаўся нацыянальна-вызвольны рух. Паўстаньні супраць асманскага панаваньня ў Босьніі і Герцагавіне (1875—1878) да Баўгарыі (1876) выклікалі ў Расеі шырокі грамадзкі рух падтрымкі славянскіх народаў. Царскі ўрад з мэтаю ўмацаваньня свайго ўплыву на Балканах выступіў у падтрымку паўсталых.
Вялікая Брытанія прагнула сутыкнуць Расею з Асманскай імпэрыяй і скарыстацца ў сваіх інтарэсах аслабленьнем абедзьвюх дзяржаваў.
У чэрвені 1876 року пачалася сэрбска-асманская вайна, у якой Сэрбія атрымала паразу. Каб уратаваць яе ад поўнага разгрому, Расея 31 кастрычніка 1876 запатрабавала ад Турэччыны падпісаньня замірэньня, якую Асманская імпэрыя прыняла. У сьнежні пад уплывам Вялікабрытаніі Турэччына адмовілася падпісваць выпрацаваны ў Стамбуле праект дамовы мірнага разьвязаньня крызісу.
У студзені 1877 року Расея заключыла з Аўстра-Вугоршчынай дамову пра нэўтральнасьць апошняй у выпадку вайны Расеі з Турэччынай, за што Аўстра-Вугоршчына атрымала права акупацыі Босьніі і Герцагавіны. У красавіку Расея заключыла ўгоду з Румыніяй пра пропуск сваіх войскаў па ейнай тэрыторыі. Таксама ў красавіку султан адрынуў новы праект рэформаў для балканскіх славянаў, выпрацаваны з ініцыятывы Расеі.
Хада канфлікту
рэдагаваць24 красавіка 1877 Расея абвясьціла Турэччыне вайну. На расейскі бок стала Румынія, аднак ейныя войскі пачалі актыўныя дзеі толькі ў жніўні. На пачатку чэрвеня расейскія войскі лікам каля 185 тыс. жаўнераў пад даводзтвам вялікага князя Мікалая Мікалаевіча-старэйшага сканцэнтраваліся на левым беразе Дунаю, маючы галоўныя сілы ў раёне Зімнічы. Турэцкія сілы пад даводзтвам Абдулкерыма Надыр-пашы былі роўныя расейскім. На Каўказе сілы бакоў былі таксама прыкладна роўныя: расейская Каўкаская армія пад даводзтвам вялікага князя Міхаіла Мікалаевіча налічвала каля 100 тыс. жаўнераў, а турэцкая армія Мухтара-пашы — каля 90 тыс. жаўнераў. Расейскае войска мела лепшую баявую падрыхтоўку, але саступала турэцкай арміі па ўзбраеньні (туркі мелі найноўшыя ангельскія ды амэрыканскія вінтоўкі). Дзейную расейскую армію падтрымлівалі балканскія і закаўкаскія народы, што ўздымала ейны баявы дух. Дадаткова ў склад расейскай арміі ўваходзілі баўгарскае паспалітае рушэньне, армянская ды грузінская міліцыя.
22 чэрвеня [ст. ст. 10 чэрвеня] 1877 расейскі корпус (Ніжнедунайскі аддзел) пераправіўся цераз Дунай у раёне Галацу ды Брэілы і заняў Паўночную Дабруджу. Уночы на 27 чэрвеня [ст. ст. 15] расейскія войскі пад даводзтвам генэрала Міхаіла Драгамірава фарсавалі Дунай у раёне Зімнічы – Сістава, за імі ўвасьлед пераправіліся галоўныя сілы. Аднак расейцаў аказалася замала, каб зьдзейсьніць вырашальны наступ праз Балканы. З мэтай пераадоленьня балканскіх хрыбтоў быў выдзелены Перадавы аддзел генэрала Ёсіфа Гуркі (каля 12 тыс. жаўнераў). На абарону флянгаў былі накіраваныя Ўсходні (каля 35 тыс.) і Заходні (каля 45 тыс.) аддзелы. Рэшта сілаў сканцэнтравалася ў Дабруджы, на левым баку Дунаю ці на падыходах да раёнаў канцэнтрацыі.
Перадавы аддзел 7 ліпеня [ст. ст. 25 чэрвеня] заняў Тырнава, а 14 ліпеня [ст. ст. 2] перайшоў Балканы. Неўзабаве быў заняты Шыпкінскі перавал, куды быў накіраваны наваўтвораны Паўднёвы аддзел (20 тыс. жаўнераў, а ў жніўні — 45 тыс.). Шлях на Канстантынопаль быў адкрыты, аднак бракавала сілаў для далейшага наступу. Перадавы аддзел заняў Эскі-Загру (цяпер Стара-Загора), але неўзабаве сюды прыйшоў з Альбаніі 20-тысячны турэцкі корпус пад даводзтвам Сулеймана-пашы. Па жорсткай бітве пад Эскі-Загру расейцы адступлі ў кірунку Шыпкі. Расейскія войскі перайшлі да абароны. Заходні аддзел заняў Нікапаль, аднак ня здолеў захапіць Плеўну, да якой зь Відына падышоў 15-тысячны корпус Асман-пашы. Непадрыхтаваныя штурмы Плеўны 20 і 30 ліпеня скончыліся беспасьпяхова, аднак затрымалі расейскія войскі.
На Паўднёвым Каўказе расейскія войскі ў красавіку-траўні занялі Баязэт, Ардаган і блякавалі Карс. Аднак падзел войскаў на тры часткі, што дзеялі на асобных кірунках, не дазволілі ўтрымаць здабытага посьпеху. У выніку наступу на Баязэт пераважаючых турэцкіх войскаў расейцы былі вымушаныя адступіць на граніцу і перайсьці да абароны.
У жніўні турэцкае камандаваньне спрабавала распачаць контранаступ на Балканах, аднак не дасягнула посьпеху. Расейскія войскі ў зацятых бітвах утрымалі свае пазыцыі на Шыпцы, а Ўсходні аддзел адбіў напады турэцкага войска з усходу. На Каўказе наступ туркаў быў затрыманы, а 13–15 кастрычніка [ст. ст. 1-3] турэцкая армія была разьбітая каля Аладжы.
Расейскія войскі перайшлі ў наступ і ўночы на 18 лістапада [ст. ст. 6] штурмам узялі Карс, а пасьля падышлі да Эрзуруму. Новы штурм Плеўны 11-12 верасьня [ст. ст. 30-31 жніўня] скончыўся няўдала, і расейскія войскі распачалі блякаду Плеўны, якая скончылася 10 сьнежня [ст. ст. 28 лістапада] капітуляцыяй ейнага гарнізону. Пасьля гэтага расейская армія, што налічвала 314 тыс. жаўнераў супраць 183 тыс. туркаў, перайшла ў наступ.
Адначасна аднавіла баявыя дзеяньні супраць туркаў сэрбская армія. Заходні аддзел генэрала Ёсіфа Гуркі (71 тыс.) у выключна цяжкіх умовах прайшоў праз хрыбты Балканаў і 4 студзеня [ст. ст. 23 сьнежня 1877] 1878 заняў Сафію. У гэты ж дзень пачаў наступ Паўднёвы аддзел генэрала Фёдара Радзецкага, які ў бітве пад Шэйнавай 8–9 студзеня [ст. ст. 27-28 сьнежня 1877] 1878 атачыў і ўзяў у палон 30 тыс. турэцкіх жаўнераў арміі Вэсэль-пашы. 15–17 студзеня [ст. ст. 3-5] у бітве пад Філіпаполем (Плоўдзіў) была разьбітая армія Сулеймана-пашы, а 20 студзеня [ст. ст. 8] расейскія войскі занялі Адрыянопаль. Уваход у Мармуровае мора эскадры суднаў Вялікай Брытаніі змусіў Расею ўстрымацца ад заняцьця Канстантынопаля.
Мірная дамова
рэдагавацьПерамовы пра мір скончыліся падпісаньнем замірэньня 3 сакавіка [ст. ст. 19 лютага] 1878 ў Сан-Стэфана. Паводле ягоных умоваў:
- стваралася княства Баўгарыі („Вялікая Баўгарыя”)
- Румынія атрымлівала вобласьць Дабруджы
- Расея атрымлівала частку Бэсарабіі
- Расея атрымлівала каўкаскія цьвердзі Ардаган, Батумі і Карс
Трактат не набыў моцы праз супраціў вялікіх дзяржаваў. У тым самым року на кангрэсе ў Бэрліне ягоныя ўмовы былі моцна ўрэзаныя.
Наступствы
рэдагавацьВайна мела вялікае значэньня для вызваленьня балканскіх народаў з-пад турэцкага панаваньня.
Расея атрымала паўднёвую частку Бэсарабіі, страчаную пасьля Крымскай вайны, і далучыла Карскую вобласьць. Румынія атрымала Дабруджу.
Беларускі ўдзел
рэдагавацьУ вызваленьні Баўгарыі бралі ўдзел Беларускі гусарскі полк, а таксама Магілёўскі і Менскі пяхотныя палкі. Сярод герояў той вайны былі беларусы Ёсіф Гурка, Канстанцін Хруцкі, Мікалай Судзілоўскі і Міхаіл Скобелеў[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Арына Карповіч. Ніна Іванова: Менавіта грамадзтва павінна рабіць крокі насустрач // Газэта «Зьвязда», 26 траўня 2022 г. Праверана 30 траўня 2022 г.