Каўкаскія горы
Каўкаскія горы, Каўка́з — абшар на памежжы Эўропы і Азіі, паміж Чорным, Касьпійскім ды Азоўскім морамі. Складаецца з Галоўнага Каўкаскага хрыбта і прылеглых раёнаў Паўночнага і Паўднёвага Каўказу. Паўночны Каўказ, што разьмешчаны паўночней хрыбта, уключае раўнінныя (Кубань), и перадгорныя (Перадкаўказ) землі ды цалкам уваходзіць у склад Расейскай Фэдэрацыі. Паўднёвей хрыбта ляжыць Паўднёвы Каўказ, дзе разьмешчаныя Грузія, Азэрбайджан, Армэнія. Абсалютная вышыня 5642 м (гара Эльбрус). Ёсьць радовішчы нафты.
Межы
рэдагавацьВыразнымі межамі на захадзе і ўсходзе зьяўляюцца Чорнае, Азоўскае і Касьпійскае моры. На поўначы фізыка-геаграфічнай мяжой зазвычай лічыцца Кума-Маныцкая ўпадзіна, сучаснай адміністрацыйнай — паўночныя межы Краснадарскага і Стаўрапольскага краёў ды Дагестану. Часам да Каўказу адносяць і Калмыкію. У гісторыка-этнаграфічным пляне мяжу Каўказу можна правесьці па рэках Кубань, вярхоўях Кумы, Малцы і Цераку. Гэта ахоплівае поўдзень Краснадарскага краю, Адыгею, Карачаева-Чаркесію, Кабардзіна-Балкарыю, Паўночную Асетыю, Інгушэтыя, Чачню і большую частку Дагестану.
Больш складана з паўднёвай мяжой Каўказу. Палітычна яна праводзіцца цяпер па межах Турэччыны і Ірану з аднаго боку і Грузіі, Армэніі і Азэрбайджану, з другога. У такім выглядзе гэтая мяжа канчаткова сфармавалася толькі ў 1921 годзе (пасьля перадачы Турэччыне Артвіна, Карса і Ардагана). Правесьці гісторыка-этнаграфічную і моўную мяжу Каўказу шмат цяжэй: гістарычныя землі армянаў цягнуцца далёка на захад і поўдзень, а азэрбайджанцы і цяпер насяляюць большую частку паўночна-заходняга Ірану. Найбольш апраўданае ўключэньне ў Каўказ паўночна-ўсходніх раёнаў Турэччыны, дзе і цяпер жывуць картвэламоўныя лазы і грузіны і армянамоўныя хемшылы.