Радоўка
Радоўка — род шапкавых базыдыяльных грыбоў сямейства радоўкавых.
Радоўка | |
Зялёнка (2007 год) | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Поўнаядравыя |
Царства | Грыбы |
Аддзел | Базыдыяльныя грыбы |
Кляса | Печурыцападобныя |
Атрад | Печурыцавыя |
Сямейства | Радоўкавыя |
Бінамінальная намэнклятура | |
Tricholoma Эліяс Фрыс | |
На 1984 год было вядома звыш 80 відаў радовак, пашыраных амаль па ўсім зямным шары. У Беларусі сустракалася 36 відаў. Большасьць відаў была сапратрофамі, а некаторыя ўтваралі грыбакорань. Растуць адзіночна і скапленьнямі пераважна ў хвойных лясах. Пладаносяць у верасьні—кастрычніку. Ёсьць ядомыя і неядомыя віды[1]. На 2001 год налічвалася каля 100 відаў[2]. Назва паходзіла ад разьмяшчэньня пладовых целаў радкамі[3].
Выгляд
рэдагавацьПаўшарападобная шапка радоўкі была з падагнутым уніз або адагнутым і хвалістым, зрэдку лопасьцепадобным расьсечаным краем. Пазьней шапка станавілася распасьцёртай. Лускаватая, зярністая і няяркая скурка бывала сьлізкай або сухой, гладкай або валакністай. Прырослыя або выемчатыя пласьцінкі часам мелі вышчарлены край. Шчыльная ножка была цыліндрычнай або крыху патоўшчанай зьнізу. Гладкія і эліпсоідныя споры былі ў масе белыя, радзей крэмавыя[1].
Беларусь
рэдагавацьНайбольшае пашырэньне сярод радовак у Беларусі мелі зялёнка, падзялёнка (шэрая радоўка) і сівуха (сухая радоўка). Таксама часта сустракаліся яшчэ 4 віды, зь якіх 3 былі малавядомымі ядомымі[1].
- Лашанка[4] (бела-карычневая або бела-рудая радоўка). Шарападобная, каштанава-карычневая і крыху ліпкая шапка з прыціснутай радыяльнай валакністасьцю мае прамер 4—9 см. Пазьней шапка становіцца пляскатай. Добра разьвітая і белая мякаць была крыху чырванавата-карычневатай пад скуркай. Белыя пласьцінкі былі з чырванавата-бурымі дробнымі плямамі. Суцэльная ножка мае белы колер або аднолькавае з шапкай адценьне[1]. Пладаносіла ў жніўні—верасьні. Спажывалася пасьля адварваньня без адвару[4].
- Жоўта-рудая радоўка[4] (жоўта-карычневая радоўка). Пукатая шапка мела прамер 5—8 см і рыжа- або жоўта-бурае адценьне. Пасярэдзіне шапка была крыху ліпкая і валакністая, а таксама мела больш цёмнае адценьне. Пазьней шапка станавілася пляскатай. Жаўтаватыя пласьцінкі з узростам бурэлі, асабліва па краі. Полая ножка была крыху ліпкай і валакністай, а таксама мела аднолькавае з шапкай адценьне[1]. Расьце ў ігліцавых і бярозавых лясах. Пладаносіла ў жніўні—верасьні. Спажывалася як папярэдні грыб[4].
- Дахоўкавая радоўка[4] (карычневая радоўка). Шырокакаўпакападобная і валакніста-лускаватая шапка з падагнутым краем мела прамер 3—8 см і цагельна-бурае адценьне. Пазьней шапка станавілася пукатай. Белая мякаць з часам станавілася крыху бураватай. Слабапрырослыя і белаватыя пласьцінкі з узростам станавіліся іржава-плямістымі. Слабаапушчаная і падоўжана-валакністая ножка была белаватай і пабурэлай унізе, а таксама часам крыху завужанай унізе[1]. Пладаносіла ў жніўні—верасьні. Спажывалася пасьля адварваньня без адвару[4].
- Мыльная радоўка. Паўшарападобная і гладкая або дробна-лускаватая шапка з шырокім бугром і зьвілістым краем мела прамер 4—8 см і аліўкава-шараватае або жаўтавата-бураватае адценьне. З часам шапка станавілася пукатай. Белаватая мякаць ружавела на зломе і пры націсканьні. Белыя пласьцінкі з цагельна-ружовымі плямамі пазьней станавіліся жаўтаватымі або блакітна-зеленаватымі. Сьветла-жоўтая ножка была гладкай або пакрытай дробнымі лускавінкамі, якія паступова чарнелі, а таксама часам мела аранжава-ружовае адценьне. Была неядомай[1]. Расла ў ігліцавых і мяшаных лясах. Пладаносіла ў жніўні—верасьні[4].
У харчаваньні
рэдагавацьНайперш зьбіраюць маладыя радоўкі, бо сьпелыя маюць горкі прысмак. Гэтыя рыбы ўтрымліваюць багата вітамінаў Б1 і Б2, а таксама марган, медзь і цынк. Таксама радоўкі валодаюць супрацьбактэрыяльнымі ўласьцівасьцямі і высокай каштоўнасьцю для хворы на сухоты. Яны маюць вельмі прыемны смак. Пасьля папярэдняй апрацоўкі іх марынуюць, смажаць і соляць. У выніку цеплавой апрацоўкі становяцца сьветла-шэрымі і набываюць насычаны смак. Радоўкі найлепш спалучаюцца з бульбай і мясам, а таксама цыбуляй[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е ё Вольга Гапіенка. Радоўка // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1985. — Т. 4. Недалька — Стаўраліт. — С. 340. — 599 с. — 10 000 ас.
- ^ Радоўка // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 223. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
- ^ Галіна Сяржаніна. Тлумачэньні навуковых родавых найменьняў // Грыбы і грыбная кулінарыя: энцыкл. даведнік / адказн. В.М. Радзевіч. — Менск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — С. 56. — 392 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6081-34-3
- ^ а б в г д е ё Галіна Сяржаніна, Іван Яшкін. Агульны сьпіс вышэйшых грыбоў на Беларусі // Грыбы і грыбная кулінарыя. — Менск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — С. 206—207. — 392 с.
- ^ Юлія Ваўчок. Што шукаць у лесе // Партал «Слушна», 21 верасьня 2022 г. Праверана 12 лістапада 2022 г.
Гэта — накід артыкула па біялёгіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |