Паўль фон Летаў-Форбэк

Паўль Эмі́ль фон Ле́таў-Фо́рбэк (ням. Paul Emil von Lettow-Vorbeck; 20 сакавіка 1870, Саарлюі — 9 сакавіка 1964, Гамбург) — генэрал нямецкай імпэрскай арміі, даводца нямецкіх войскаў падчас усходнеафрыканскай кампаніі. Цягам чатырох гадоў зь сіламі, якія не перавышалі 14 000 чалавек (3000 немцаў і 11 000 афрыканцаў) ён стрымліваў 300-тысячнае войска брытанцаў, бэльгійцаў і партугальцаў. Не зазнаўшы ніводнай паразы на полі бітвы, фон Летаў-Форбэк стаў адзіным нямецкім вайскаводам у Першай сусьветнай вайне, які пасьпяхова дзейнічаў у імпэрскіх уладаньнях Брытаніі. Ягоныя подзьвігі ў гэтай кампаніі былі ахарактарызаваныя «як найвялікшая адзінкавая партызанская і найбольш пасьпяховая апэрацыя ў гісторыі»[1]. Крытыкі фон Летаў-Форбэка заўважаюць на гэта, што ён заваёўваў адданасьць сваіх падначаленых, закрываючы вочы на іхнія рабаўніцтвы і гвалт[2].

Паўль фон Летаў-Форбэк
Paul von Lettow-Vorbeck
20 сакавіка 18709 сакавіка 1964
Паўль фон Летаў-Форбэк
Мянушка Der Löwe von Afrika
Месца нараджэньня Саарлюі
Месца сьмерці Гамбург
Прыналежнасьць Нямецкая імпэрыя
Род войскаў Шуцтрупэн, Крыгсмарынэ
Гады службы 1890—1920
Званьне генэрал-маёр
Бітвы/войны Ватэрбэрг, Тавэта, Танга, Рэата, Конда Ірынга, Морагора, Ліндзі, Магіва
Узнагароды Pour le Mérite mit Eichenlaub

Жыцьцяпіс

рэдагаваць
 
Дом, дзе нарадзіўся фон Летаў-Форбэк

Маладыя гады

рэдагаваць

Паўль Эміль фон Летаў-Форбэк нарадзіўся ў шляхецкай памяранскай сям’і. Навучаўся ў пансіёнах у Бэрліне, у кадэцкім корпусе ў Патсдаме і Бэрліне-Ліхтэрфэльдэ. У 1890 пайшоў лейтэнантам у кайзэраўскае войска.

У 1900 у складзе міжнародных сілаў быў накіраваны ў Кітай на здушэньне паўстаньня баксэраў. У 1901 вярнуўся і служыў у Генэральным штабе.

У 1904 накіраваны ў Нямецкую Ўсходнюю Афрыку (цяперашняя Намібія) падчас паўстаньня намаў і герэраў.

У 1907 атрымаў званьне маёра і пераведзены ў штаб 11-й арміі. Ад сакавіка 1909 да студзеня 1913 камандаваў 2-м батальёнам марпэхаў у Вільгельсгафэне (Ніжняя Саксонія).

У кастрычніку 1913 року павышаны да падпалкоўніка і пастаўлены камандзірам каляніяльных войскаў (Schutztruppe) у Нямецкім Камэруне (цяпер Камэрун і часткова Нігерыя). Аднак не пасьпеў ён прыступіць да камандаваньня, як атрымаў другое прызначэньне — у Нямецкай Усходняй Афрыцы (Танганьіка, цяпер Танзанія).

Першая сусьветная вайна

рэдагаваць
 
Плякат часу Першай сусьветнай вайны. Фон Летаў-Форбэк перад афрыканскімі жаўнерамі. Тэкст зьверху: «унёсак каляніяльных жаўнераў»; унізе факсыміле подпісу фон Летаў-Форбэка

Плян вайны, складзены фон Летаў-Форбэкам, быў просты: ведаючы, што Ўсходняя Афрыка будзе далёка не асноўным фронтам вайны, ён вырашыў проста адцягнуць на сабе як мага большую колькасьць брытанскіх войскаў, каб забясьпечыць нямецкую перавагу на Заходнім фронце.

На пачатку вайны фон Летаў-Форбэк меў у распараджэньні маленькі гарнізон з 2600 немцаў і 2472 афрыканцаў[3] з аскары. Праігнараваўшы загады з Бэрліну і ад губэрнатара калёніі Гайнрыха Шнэе захоўваць нэўтралітэт, у лістападе 1914 ён адбіў дэсантную высадку брытанцаў ля Тангі, пасьля чаго вырашыў атакаваць брытанскую чыгунку. Перамогай пад Ясінам ягоныя войскі здабылі неабходнае сучаснае ўзбраеньне і абсталяваньне, а таксама паднялі маральны дух. Аднак фон Летаў-Форбэк страціў і шмат спрактыкаваных вояў.

 
Форбэк і Шнэе, губэрнатар Нямецкай Усходняй Афрыкі

Schutztruppe арганізавала фармаваньне дабраахвотных аддзелаў, у выніку іхняя колькасьць павялічылася да 14 000 жаўнераў, большасьць зь якіх былі добра падрыхтаваныя і дысцыплінаваныя афрыканцы. Вольнае валоданьне моваю суахілі дазволіла фон Летаў-Форбэку заваяваць пашану і гонар у чорных вайскоўцаў; ён прызначаў іх на афіцэрскія пасады і «называў і лічыў усіх разам з сабою афрыканцамі»[4]. З гэтымі войскамі ён зьдзяйсьняў рэйды ў Брытанскі пратэктарат (пазьнейшыя Кенія, Уганда і Радэзія), атакуючы форты, чыгункі і камунікацыі, змушаючы Антанту адцягваць усё большыя сілу з асноўнага тэатру вайсковых дзеяньняў у Эўропе.

 
Аддзел Schutztruppe з аскары (1914)

У сакавіку 1916 року брытанскі генэрал Ян Смутс з 45-тысячным войскам падтрымкай бэльгійцаў распачаў глябальны наступ на Табару. Войскі фон Летаў-Форбэка, да гэтага часу ўзмоцненыя камандай і гарматамі з затанулага ў дэльце ракі Руфіджы нямецкага крэйсэру «SMS Königsberg», пасьпяхова супрацьстаялі, карыстаючыся перавагамі клімату і рэльефу. Брытанцы працягвалі павялічваць свой кантынгэнт, змушаючы фон Летаў-Форбэка саступіць тэрыторыю, аднак той уступаў у супрацьстаяньне. Так, у значнай бітве пад Магівай у кастрычніку 1917 року нямецкія войскі страцілі 519 чалавек супраць 2700 брытанцаў[5]. Пасьля таго, як гэтая навіна дасягнула Нямеччыны, фон Летаў-Форбэк быў павышаны да генэрал-маёра[a].

Брытанцы, тым ня меней, працягнулі наступ са значнай перавагай у жывой сіле, у той час як Паўль фон Форбэк ня меў рэзэрваў. Пад націскам ён пачаў адступленьне на поўдзень, і 25 лістапада ягоныя войскі перайшлі мяжу з партугальскім Мазамбікам па рацэ Равума[b]. У гэты час Schutztruppe адчувалі недахоп правіянту і ў першы ж дзень атакавалі партугальскі гарнізон у Нэгамана, захапіўшы вялікую колькасьць харчоў. Пасьля яны перахапілі рачны параход з мэдыкамэнтамі і амаль год правялі на ім, харчуючыся захопленаю ў брытанцаў і партугальцаў ежай. У ліпені 1918 року, напаўшы на Намакуру, займелі яшчэ й новае ўзбраеньне[6] ў колькасьці большай, чым маглі ўзяць з сабой.

 
Капітуляцыя аддзелу фон Летаў-Любэка брытанцам пад Абэркорнам. Малюнак афрыканскага мастака

28 верасьня 1918 року фон Летаў-Робэк ізноў перайшоў раку Равума, вярнуўшыся ў Нямецкую Ўсходнюю Афрыку. Усё яшчэ перасьледаваны брытанцамі, ён збочыў на захад у Паўночную Радэзію, пазьбягаючы пасткі, падрыхтаванай для яго брытанцамі ў Нямецкай Усходняй Афрыцы. 13 лістапада 1918, праз два дні пасьля замірэньня, ён захапіў Касаму і рушыў далей на паўднёвы захад, у правінцыю Катанга. 14 лістапада, атрымаўшы паведамленьне пра спыненьне агню[7], ён склаў зброю ў месцы, дзе цяпер знаходзіцца Мэмарыял фон Летаў-Форбэка (тэрыторыя сучаснай Замбіі).

Паваенная кар’ера

рэдагаваць
 
На парадзе ў Бэрліне (1919)

Па вяртаньні дадому ў сакавіку 1919 року фон Летаў-Форбэк быў сустрэты зь вялікай пашанаю. Быў зладжаны парад ля Брандэнбурскае брамы, на якім ён праехаў на чорным кані са строем сваіх 120 афіцэраў у паходных падраных уніформах[8]. Хоць у рэшце рэшт ён здаўся, аднак астаўся адзіным нямецкім вайскаводам вайны, што здолеў уварвацца на падкантрольную брытанскую тэрыторыю.

У тым самым року фон Летаў-Форбэк ажаніўся з Мартаю Ўалрот, зь якой мелі двух сыноў і двух дачок. Працягнуў вайсковую службу, удзельнічаў у спыненьні (без ужываньня сілы) Спартакісцкага паўстаньня ў Гамбургу[9]. Улетку 1920 року ўзяў удзел у Капаўскім путчы, пасьля чаго быў вымушаны сысьці ў адстаўку[10][11].

 
Паўль і Марта фон Летаў-Форбэкі

Пасьля гэтага працаваў у Брэмэне мэнэджарам па экспарце-імпарце. З траўня 1928 да ліпеня 1930 быў дэпутатам Райхстагу Ваймарскай рэспублікі ад манархісцкай Нямецкай народнай нацыянальнай партыі. Прапанаваў свайму сваяку Гансу-Юргену фон Блюмэнталю сфармаваць разам са «Стальным шаломам» кааліцыю супраць нацыстаў.

Гітлер спрабаваў перацягнуць фон Летаў-Форбэка на свой бок, прапанаваўшы ў 1935 року пасаду амбасадара пры Сэнт-Джэймскім двары, аднак генэрал адмовіў Гітлеру. Пасьля гэтага за фон Летаў-Форбэкам было ўсталяванае сачэньне, зладжаны ператрус у ягонай хаце[9], аднак надзвычайная папулярнасьць генэрала ў народзе ўратавала яго ад сур’ёзных наступстваў. У 1938 року ён нават быў прызначаны генэралам па асаблівых даручэньнях, аднак фактычна так і не прыступіў да выкананьня абавязкаў.

Абодва сыны фон Летаў-Форбэка, якія служылі ў Вэрмахце, загінулі на вайне, а ягоны дом у Брэмэне быў зруйнаваны падчас бамбаваньняў. Да гэтае пары ён ужо зьбяднеў і вымушаны быў карыстацца дапамогаю сваіх брытанскіх сяброў. З пачаткам аднаўленьня эканомікі Нямеччыны ягоны дабрабыт палепшыўся, і ў 1953 року ён наведаў Усходнюю Афрыку, дзе яго ўсё яшчэ памяталі і шанавалі як аскары, так і брытанскія калянізатары.

Памёр у 1964 року ў Гамбургу. На ягонае пахаваньне былі адмыслова дастаўленыя два былыя аскары зь ягонага аддзелу[12], ганаровая варта складалася з афіцэраў Бундэсвэру, а прамову сказаў міністар абароны Кай-Увэ фон Гасэль, які падкрэсьліў, што памерлы быў непераможны на полі бою. Пахаваны Паўль фон Летаў-Форбэк у Пронстарфе (Шлезьвіг-Гальштайн).

Аўтар мэмуараў «Мае ўспаміны пра Ўсходнюю Афрыку» (1921) і іншых.

 
Помнік фон Летаў-Форбэку ў Аўмюле

У год Форбэкавай сьмерці заходненямецкі Бундэстаг прыняў рашэньне сплаціць кампэнсацыі ўсім выжылым аскары. Часовы разьліковы пункт быў усталяваны ў Мўанзе на возеры Вікторыя. Для атрыманьня кампэнсацыі неабходна было прад’явіць пасьведчаньне, якое выдаваў Паўль фон Летаў-Форбэк у 1918 року, аднак з 350 вэтэранаў яно захавалася толькі ў некаторых. Астатнія маглі прад’явіць у якасьці доказу службы толькі старую ўніформу або яе кавалкі. Тады нямецкі банкір, які прадастаўляў сродкі, прапанаваў кожнаму з заяўнікаў узяць у рукі мяцёлку (замест зброі) і выканаць загады, прамоўленыя па-нямецку[13]. Усе прыбылыя выканалі тэст[14].

У гонар генэрала названыя вуліцы ў Вупэрталі, Куксгафэне, Мёнхэнглядбаху, Гальле і Радальфцэлі. У некаторых іншых местах зь цягам часу такія вуліцы былі перайменаваныя.

Адзін зь відаў дрыязаўрыдаў мае назву Dysalotosaurus lettowvorbecki.

  1. ^ Hoyt, p. 229.
  2. ^ World War One: The Global Revolution. Lawrence Sondhaus, Cambridge University Press
  3. ^ Farwell, p. 109.
  4. ^ Garfield, The Meinertzhagen Mystery, p. 85.
  5. ^ Miller, p. 287.
  6. ^ Willmott, World War One, p. 93.
  7. ^ Gore-Browne, Sir Stewart (1954). "The Chambeshi Memorial". The Northern Rhodesia Journal, 2 (5) pp. 81–84 (1954). Retrieved 18 May 2007.
  8. ^ Farwell, pp. 355–356.
  9. ^ а б Miller, p. 331
  10. ^ Lettow Vorbeck. My Life pp. 142ff
  11. ^ Farwell, p. 356.
  12. ^ Uwe Schulte-Varendorff: Kolonialheld für Kaiser und Führer. General Lettow-Vorbeck – Mythos und Wirklichkeit. Ch. Links, Berlin 2006, p. 125.
  13. ^ Farwell, p. 357.
  14. ^ Miller, p. 333.
  1. ^ паводле брытанскай клясыфікацыі гэтае званьне адпавядала брыгаднаму генэралу, то бок найніжэйшаму генэральскаму чыну.
  2. ^ Нямеччына і Партугалія знаходзіліся ў стане вайны зь 9 сакавіка 1916 року пасьля таго, як нэўтральная Партугалія пагадзілася на патрабаваньне Вялікабрытаніі сканфіскаваць нямецкія караблі, інтэрнаваныя ў партугальскіх портах.

Літаратура

рэдагаваць
  • Anderson, Ross. The Forgotten Front: The East African Campaign, 1914—1918. London: Tempus Publishing, 2004. ISBN 0-7524-2344-4.
  • Crowson, Thomas A. When Elephants clash. A critical analysis of Major General Paul Emil von Lettow-Vorbeck in the East African Theatre of the Great War. (Fort Leavenworth, Kansas. Faculty of the US Army Command and General Staff College, Masterarbeit, 2003). Washington, DC: Storming Media, 2003. NTIS, Springfield, VA. 2003. Microform-Edition.
  • Garfield, Brian. The Meinertzhagen Mystery. Washington, DC: Potomac Books, Inc. 2007. ISBN 1-59797-041-7
  • Haupt, Werner. Deutschlands Schutzgebiete in Übersee 1884—1918 [Germany’s Overseas Protectorates 1884—1918]. Friedberg: Podzun-Pallas Verlag. 1984. ISBN 3-7909-0204-7
  • Hoyt, Edwin P. Guerilla: Colonel von Lettow-Vorbeck and Germany’s East African Empire. New York: MacMillan Publishing Co., Inc. 1981; and London: Collier MacMillan Publishers. 1981. ISBN 0-02-555210-4.
  • Miller, Charles. Battle for the Bundu: The First World War in German East Africa. London: Macdonald & Jane’s, 1974; and New York: MacMillan Publishing Co., Inc. 1974. ISBN 0-02-584930-1.
  • Mosley, Leonard. Duel for Kilimanjaro. New York: Ballantine Books, 1963.
  • Paice, Edward. Tip and Run. The untold tragedy of the Great War in Africa. London: Weidenfeld & Nicolson, 2007. ISBN 0-297-84709-0.
  • Schulte-Varendorff, Uwe. Kolonialheld für Kaiser und Führer. General Lettow-Vorbeck — Eine Biographie. Berlin: Ch. Links Verlag, 2006. ISBN 3-86153-412-6.
  • Sibley, J. R. Tanganyikan Guerrilla. New York: Ballantine Books, 1973. ISBN 0-345-09801-3.
  • Stephenson, William. Der Löwe von Afrika. Der legendäre General Paul von Lettow-Vorbeck und sein Kampf um Ostafrika [Леў з Афрыкі. Легендарны генэрал Паўль фон Летаў-Форбэк і ягоная кампанія за Ўсходнюю Афрыку]. Munich: Goldmann, 1984. ISBN 3-442-06719-7.
  • Strachan, Hew. The First World War 1914—1918. New York & Oxford: Oxford University Press. 2001. ISBN 0-19-926191-1.
  • Stratis, John C. A Case Study in Leadership. Colonel Paul Emil von Lettow-Vorbeck. Springfield, VA.: NTIS, 2002. Microform-Edition.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Паўль фон Летаў-Форбэксховішча мультымэдыйных матэрыялаў