Палітычны статус македонскай мовы
Паліты́чны ста́тус македонскай мовы — дыскусія вакол пытаньня існаваньня асобнай македонскай мовы, якая гістарычна разгортваецца сярод лінгвістаў розных пунктаў гледжаньня, а таксама грамадзка-палітычныя фактары, зьвязаныя з падобнымі спрэчкамі.
Усходнія паўднёваславянскія дыялекты, распаўсюджаныя ў сучаснай Паўночнай Македоніі, зьяўляюцца часткай дыялектнага кантынуўму, які распасьціраецца ад сэрбскахарвацкіх штакаўскіх дыялектаў праз тарлацкія дыялекты (на паўночны ўсход ад Македоніі) да заходніх і ўсходніх баўгарскіх дыялектаў. Македонская мова, як баўгарская, сэрбская, харвацкая, басьнійская мовы, прадстаўляе сабою стандартызаваную форму адных з гэтых дыялектаў.
У лінгвістычным дачыненьні адносіцца да ўсходняй падгрупы паўднёваславянскай групы славянскае галіны моваў. Дзяржаўная мова Паўночнай Македоніі.
Македонскі пункт гледжаньня
рэдагавацьПаводле македонскага пункту гледжаньня, прадстаўленага ў сучаснай македонскай навуковай літаратуры, македонская мова стала першай агульнаславянскай пісьмовай мовай дзякуючы ўвядзеньню Кірылам і Мятодам славянскай літаратурнай мовы, якая засноўвалася на паўднёвамакедонскіх дыялектах паблізу Тэсалёнікаў — роднага места асьветнікаў[1]. Пазьней Македонія патрапіла пад уладу баўгараў, а бізантыйцы сталі разглядаць усё славянскае насельніцтва Македоніі як баўгараў.
Крстэ Пэткаў Місіркаў, адзін зь першапраходцаў у станаўленьні літаратурнай македонскай мовы, нібыта сьцьвярджаў, што ягоныя суайчыньнікі працягваюць размаўляць па-баўгарску, а Баўгарыя зьяўляецца іх айчынай[2].
Баўгарскі пункт гледжаньня
рэдагавацьНезважаючы на тое, што Баўгарыя стала першай краінай, якая прызнала незалежнасьць Македоніі пасьля распаду Югаславіі, большасьць тамтэйшых навукоўцаў, а таксама пэўная частка грамадзтва лічыць македонскую мову адной з формаў баўгарскае мовы[3]. Між тым, пасьля дыпляматычных цяжкасьцяў, выкліканых акадэмічнымі дыскусіямі, урад Баўгарыі ў 1999 годзе прызнаў абцякальную фармулёўку: «афіцыйная мова Рэспублікі Македонія паводле ейнае Канстытуцыі»[4].
Баўгарская лінгвістыка звычайна кіруецца пунктам гледжаньня, у адпаведнасьці зь якім славянскае маўленьне Рэспублікі Македонія зьяўляецца складовай часткай баўгарскага дыялектнага арэалу, на карысьць чаго прыводзяцца агульныя падабенствы македонскіх дыялектаў з баўгарскімі[5][6][7]. Разам з гэтым, на думку баўгарскіх дасьледчыкаў насельніцтва Македоніі да 1945 году не разглядала ўласную мову як асобную ад баўгарскай, а македонскія й югаслаўскія лінгвісты, што працавалі над кадыфікацыяй новай літаратурнай мовы, асабіста канцэнтраваліся на павелічэньні адрозьненьняў новае мовы ад баўгарскай і набліжэньні яе да сэрбскай[8]. Таксама, як мяркуюць баўгарскія дасьледчыкі, македонскія дзеячы культуры зьвярталіся да фальсыфікацыяў і наўмысных няправільных тлумачэньняў гістарычных сьведчаньняў з мэтаю абгрунтаваньня існаваньня асобнай македонскай нацыянальнай сьвядомасьці да 1940-х гадоў[9]. Падобныя тэзісы дазваляюць шэрагу баўгарскіх навукоўцаў меркаваць, што македонская не зьяўляецца асобнай мовай, а іншай пісьмовай нормай, створанай на аснове баўгарскіх дыялектаў. У прыватнасьці, гэтая фармулёўка была падрабязна разгледжаная ў выданьні Баўгарскай Акадэміі Навук 1978 году пад назваю «Адзінства баўгарскае мовы ў сучаснасьці й мінулым»[2].
Як сьцьвярджаюць баўгарскія навукоўцы, славянскае насельніцтва Македоніі азначала сваю прыналежнасьць да баўгараў задоўга да першых увасабленьняў македонскага нацыянальнага руху; цягам усяго асманскага панаваньня славянамоўнае насельніцтва Мэзіі, Тракіі й Македоніі акрэсьлівала ўласную мову як баўгарскую, сваю нацыянальную прыналежнасьць — як баўгарскую[10][11]. Так, сэрбскі дасьледчык С. Вэркавіч, які на працягу доўгага часу працаваў у Македоніі, адзначаў, што македонцы лічаць сябе баўгарамі і лічаць уласнае славянскае маўленьне баўгарскай мовай; раньнія народныя творы Македоніі пэрыяду XVIII-ХІХ стагодзьдзяў, друкаваныя грэцкім альфабэтам, указвалі ўласную мову як баўгарскую, што рабілі таксама й аўтары гэтых выданьняў[12].
Між тым, першыя ўзоры баўгарскіх фанэтыкі ды граматыкі, складзеныя сэрбскім літаратарам Вукам Караджычам, засноўваліся на разлоскім дыялекце — адным з дыялектаў Македоніі[13], а тагачасная баўгарская літаратурная мова перажывала сваё паўторнае ўзьнікненьне і шмат у чым абапіралася на досьвед архаічнай царкоўнаславянскай артаграфіі, дзякуючы чаму адрозьненьні між дыялектамі Баўгарыі ды Македоніі зьмяншаліся.
Па нарастаньні баўгарскага нацыянальнага руху з другой паловы ХІХ стагодзьдзя некаторыя месты Македоніі сталі аднымі зь першых, хто высоўваў патрабаваньні па наданьні баўгарамоўнай адукацыі й сьвятароў[14]. Тым ня менш, да 1860-х гадоў цэнтральнабалканскі рэгіён Баўгарыі заняў пануючае месца ў мясцовых лінгвістычных і літаратурных рухах, да чаго спрычынілася лепшая адукацыя ў гэтай мясцовасьці ў параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі Баўгарыі. У выніку гэтага зь перамогай ідэі пра нацыянальную мову з асновай на народных дыялектах перавагу атрымалі дыялекты цэнтральнай Баўгарыі, якія былі найбольш прадстаўленыя ў падобных рухах.
Некаторыя іншыя баўгарскія нацыянальныя дзеячы сьцьвярджалі пра патрэбу большага прадстаўніцтва македонскіх дыялектаў у фармаваньні баўгарскай літаратурнай мовы, аднак гэтыя меркаваньні ігнараваліся або ўспрымаліся нэгатыўна[7]. У 1871 годзе ў артыкуле «Македонскае пытаньне» баўгарскага публіцыста Пэтка Славэйкава быў раскрытыкаваны македонскі нацыянальны рух (македанізм), а ў 1887 сэрбскі дасьледчык і дзеяч культуры Стаян Навакавіч апісваў македанізм як патэнцыйны хаўрусьнік пашырэньня Сэрбіі на поўдзень з уключэньнем Македоніі, насельніцтва якой тагачаснымі навукоўцамі амаль заўсёды лічылася баўгарамі. У пэўнай ступені на карысьць падобным сэрбскім ідэалёгіям адыгрывала боязь некаторых македонцаў перад стаўленьнем з боку баўгарскіх уладаў.
Да 1912-1918 гг. большасьць македонцаў вывучала літаратурную баўгарскую мову. Усе дзеячы македонскіх палітычных рухаў выкарыстоўвалі ў мэмуарах і карэспандэнцыі баўгарскую мову, не разглядаючы яе як замежную[15]. Падобныя пункты гледжаньня былі характэрныя нават для дзейнасьці Ўнутранай македонскай рэвалюцыйнай арганізацыі ў 1920-1930-х гг. падчас афармленьня ідэі асобнае македонскае нацыі[16].
Пачынаючы з 1930-х гадоў баўгарскія камуністы й Камінтэрн імкнуліся спрыяць македонскаму руху як аднаму з сродкаў дасягненьня аўтаноміі ў складзе тагачаснай Югаславіі, што такім чынам, стала фактарам разьвіцьця македонскай мовы, культуры й літаратуры[17][18]. Пры ўтварэньні македонскай рэспублікі ў складзе сацыялістычнай фэдэратыўнай Югаславіі ўзьнікнуў моўны канфлікт між прасэрбскімі й прабаўгарскімі македонскімі дзеячамі, аднак першыя атрымалі большы палітычны ўплыў, праз што іх погляды сталі ўплываць на тагачасную македонскую моўную палітыку[19].
Камуністычны ўрад Югаславіі імкнуўся да стварэньня фэдэрацыі з Баўгарыяй, што пацягнула стварэньне культурнай аўтаноміі на паўднёвым захадзе Баўгарыі, дыялекты якой досыць блізкія да македонскае мовы. Некаторыя дасьледчыкі разглядаюць гэтыя падзеі як прызнаньне македонскае мовы з боку баўгарскіх камуністаў[2], аднак пасьля расколу паміж Ціта й Сталіным падобныя праекты адышлі на другі плян, гэтая дата таксама зьяўляецца пачаткам першых сьцьвярджэньняў баўгарскіх лінгвістаў адносна нібыта сэрбізацыі македонскае мовы[20]. На афіцыйным узроўні Баўгарыя працягвала працэс уніфікацыі македонскае нацыі, але ў рамках выключна Балканскай фэдэрацыі[19]. Тым ня менш, ужо ў 1950-60-х гг. між кіраўніцтвамі Баўгарыі й Югаславіі пачаліся спрэчкі наконт палітыкі македанізацыі, што адлюстравалася нават на двухбаковых зносінах паміж краінамі[2][21].
Прэтэнзіі па сэрбізацыі
рэдагавацьНягледзячы на тое, што кадыфікацыя македонскай мовы накіроўвалася на стварэньне ўласнай літаратурнай мовы, асобнай як ад баўгарскай, так і сэрбскай, некаторыя баўгарскія дасьледчыкі разглядаюць македонскую мову як моцна сэрбаваную, асабліва ў галіне лексыкі[22]. На думку баўгарскага дасьледчыка Коста Царнушанава існавала некалькі спосабаў сэрбізацыі македонскае мовы[23].
Сэрбскі пункт гледжаньня
рэдагавацьСэрбія афіцыйна прызнае македонскую мову як асобную. Паводле зьвестак перапісу насельніцтва краіны 2002 году прыкладна 26 000 чалавек вызначылі сваю нацыянальную прыналежнасьць да македонцаў.
Грэцкі пункт гледжаньня
рэдагавацьПаводле грэцкага пункту гледжаньня, які, у тым ліку, прадстаўляецца й у афіцыйным асяродзьдзі, тэрмін Македонія мае дачыненьне толькі да старажытнай Македоніі ды аднайменнага рэгіёну ў складзе Грэцыі[24].
На думку Д. А. Флоўдаса сваю сучасную назву Рэспубліка Македонія атрымала толькі ў 1944 годзе з мэтаю падвышэньня ўплыву ў рэгіёне Ёсіпа Ціта, у выніку гэтага падобную назву з прыметнікам «македонская» атрымала й мясцовая мова, якая раней лічылася заходнімі дыялектамі баўгарскае мовы[25]. Грэцыя на афіцыйным узроўні не прымае назоў Рэспубліка Македонія, лічачы яго патэнцыйным сродкам тэрытарыяльных прэтэнзіяў на аднайменны рэгіён Грэцыі. У сучаснай Грэцыі публікуецца шэраг літаратуры, у якой высоўваюцца тэзісы пра штучны характар македонскае мовы[26].
У рэгіёнах Грэцыі, памежных з Македоніяй, існуе прыкметная дзеля славянскага насельніцтва зь ня вельмі вызначанай этнічнай самаідэнтыфікацыяй, якія маюць уласныя паўднёваславянскія дыялекты (г.зв. эгейска-македонскія дыялекты). Большая частка гэтых дыялектаў клясыфікуюцца лінгвістамі як македонскія[27][28].
Іншыя погляды
рэдагавацьЯк мяркуе амэрыканскі лінгвіст Горэйс Лунт, які склаў першую ангельскую граматыку македонскае мовы, баўгарскія сьцьверджаньні пра невядомасьць македонскае мовы да Другой сусьветнай вайны ня маюць падставаў, што таксама верна й для іхніх грэцкіх паплечнікаў[29]. Прафэсар антрапалёгіі Лорынг Дэнфарт падкрэсьлівае, што ўсе мовы падчас працэсу стандартызацыі маюць пэўны гістарычны або палітычны кантэкст, на ягоную думку факт палітычнага кантэксту кадыфікацыі македонскае мовы не зьяўляецца аргумэнтам на карысьць не асобнага характару македонскае мовы[30].
Італьянскі лінгвіст Віторэ Пізані высоўваў меркаваньне, згодна зь якім македонская мова зьяўляецца вынікам палітычных пераўтварэньняў[31]. Падобнае меркаваньне выказаў перад сваёй сьмерцю й Вэнка Маркоўскі, адзін з выбітных македонскіх пісьменьнікаў, які, у тым ліку, браў удзел у працы камісіі па стварэньні македонскага альфабэту[18]. Нямецкі лінгвіст Фрыдрых Шольц сьцьвярджаў, што македонская нацыянальная сьвядомасьць паўстала толькі ў пачатку ХХ ст. і асабліва ўмацавалася паміж дзьвюма сусьветнымі войнамі[32], аўстрыйскі лінгвіст Ота Кранштайнэр меркаваў, што македонскія лінгвісты штучна ўвялі адрозьненьні ад баўгарскае мовы з мэтаю набліжэньня да сэрбскай[33]. Амэрыканскі гісторык Д. П. Гупчык сьцьвярджаў, што да 1944 году большасьць лінгвістаў падзяляла баўгарскія погляды адносна македонскае мовы[34].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Encyclopædia Britannica. Old Church Slavonic language.
- ^ а б в г Mahon, M. 3 // The Macedonian question in Bulgaria. — Nations and Nationalism. — 1998 Т. 4. — С. 389-407.
- ^ Български език. XXVIII // Единството на българския език в миналото и днес. — 1978.
- ^ Georgi Filipov. AIM Skopje. Bulgaria Recognises Macedonian Language. The End of Linguistic Controversy between Bulgaria and Macedonia // aimpress.ch. — 1999.
- ^ Інстытут баўгарскае мовы. Единството на българския език в миналото и днес. — Сафія: Баўгарская Акадэмія Навук, 1978. — С. 4.
- ^ Стойков, Стойко. Българска диалектология. — София: Акад. изд. «Проф. Марин Дринов», 1962, 2002. — ISBN 954-430-846-6
- ^ а б Струкова, К. П. Общественно-политическое развитие Македонии в 50-70-е гг XIX века. — М.: Российская Академия наук, 2004. — С. 85-136. — ISBN 5-7576-0163-9
- ^ Ив. Кочев, Ив. Александров. Документи за съчиняването на македонския книжовен язык. — promacedonia.org.
- ^ Коста Църнушанов. Македонизмът и съпротивата на Македония срещу него. — София: Унив. изд. «Св. Климент Охридски», 1992.
- ^ Verković, St. Narodne pesme makedonski bugara. — Beograd: 1860.
- ^ Миладинов Д., Миладинов К. Български народни песни. — Zagreb: 1861.
- ^ Dr. Gustav Weigand. Ethnographie von Makedonien, Geschichtlich-nationaler, spraechlich-statistischer Teil. — Leipzig: Friedrich Brandstetter, 1924.
- ^ Vuk Karadjić. Dodatak k sanktpeterburgskim sravniteljnim rječnicima sviju jezika i narječja sa osobitim ogledom Bugarskog језика. — Vienna: 1822.
- ^ F. A. K. Yasamee. Nationality in the Balkans: The case of the Macedonians. — Balkans: A Mirror of the New World Order. — Istanbul: EREN, 1995. — С. 121-132.
- ^ Иван Михайлов. Как пишеха народните будители и герои.
- ^ Димитър Влахов. № 1 // Борбите на македонския народ за освобождение. — Виена: Библиотека Балканска Федерация.
- ^ Петър Галчин. бр. 1 & 2 // Македонски литературен кръжок (1938–1941 г.). — Македонски Преглед. — София: 2002.
- ^ а б Юлия Митева. Идеята за езика в Македонския литературен кръжок - естетически и идеологически аспекти. — LiterNet, 2001.
- ^ а б Palmer, S.; R. King. Yugoslav Communism and the Macedonian Question. — Archon Books, 1971. — ISBN 0-208-00821-7
- ^ Friedman, V. 131 // The implementation of standard Macedonian: problems and results. — International Journal of the Sociology of Language. — 1998. — С. 31-57.
- ^ Ibid., ст. 163.
- ^ Bernard A. Cook. 2 // Europe Since 1945: An Encyclopedia. — Garland, 2001. — 1464 с.
- ^ Коста Църнушанов. 1 // Сърбизиране на македонския казионен “литературен език”. — Македонски преглед, 1991.
- ^ Danforth, L. The Macedonian Conflict: Ethnic Nationalism in a Transnational World. — Princeton: Princeton University Press, 1997. — ISBN 0-691-04356-6
- ^ Floudas, Demetrius Andreas. Pardon? A Name for a Conflict? FYROM's Dispute with Greece Revisited / Kourvetaris et al. — The New Balkans, East European Monographs. — Columbia University Press, 2002. — С. 85.
- ^ Roudometof, V. 14 // Nationalism and Identity Politics in the Balkans: Greece and the Macedonian Question. — Journal of Modern Greek Studies. — 1996. — С. 253-302.
- ^ Trudgill P. Greece and European Turkey: From Religious to Linguistic Identity / Stephen Barbour, Cathie Carmichael. — Language and Nationalism in Europe. — Oxford: Oxford University Press, 2000. — С. 259.
- ^ Schmieger, R. 131 // The Situation of the Macedonian Language in Greece: Sociolinguistic Analysis. — International Journal of the Sociology of Language. — 1998. — С. 125-155.
- ^ Lunt 1984:110, 120
- ^ Danforth, Loring. Macedonia and the language of nationalism. — abc.net.au. — 2008.
- ^ Pisani, V. 12 // Il Macedonico, Paideia, Rivista Letteraria di informazione bibliografica. — 1957. — С. 250.
- ^ Friedrich Scholz. Slavische Etymologie. — Harrassowitz, 1966.
- ^ Kronsteiner, Otto. Der Zerfall Jugoslawiens und die Zukunft der makedonischen Literatursprache: Der späte Fall von Glottotomie?. — Herausgeber Schriftenreihe Die slawischen Sprachen, Erscheinungsjahr. — 1992. — С. 142-171.
- ^ Dennis P. Hupchick. Conflict and Chaos in Eastern Europe. — Palgrave Macmillan, 1995. — С. 143.
Глядзіце таксама
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Otto Kronsteiner. The collapse of Yugoslavia and the future prospects of the Macedonian literary language (a late case of glossotomy?) (анг.)
- James F. Clarke. The Pen and the Sword: Studies in Bulgarian History // Macedonia from S. S. Cyril and Methodius to Horace Lunt and Blazhe Koneski: Language and Nationality / Dennis P. Hupchick. — East European Monographs. — New York: Boulder, Columbia University Press, 1998. (анг.)
- И. И. Калиганов. Размышления о македонском "срезе" палеоболгаристики. — Институт славяноведения РАН. (рас.)
- Македонские говоры (рас.)
- Л. Андрейчин. Из историята на нашето езиково строителство. — София: Народна просвета, 1986. (баўг.)