Пакутны тыдзень
тыдзень успаміну збаўчых пакутаў Ісуса Хрыста
Пакутны тыдзень[1] — тыдзень успаміну збаўчых пакутаў Ісуса Хрыста ў Ерусаліме.
Дні гэтага тыдня з панядзелка да суботы ўключна прыпадаюць на Вялікі пост перад Вялікаднем[2]. Пачынаецца ў Вербную нядзелю. Асноўныя набажэнствы прыпадаюць на: Вялікі чацьвер — успамін Таемнай вячэры, Вялікую пятніцу — ушанаваньне Пакутаў Хрыстовых на Жыватворным Крыжы, а таксама Сьвятую ноч — Велікоднае набажэнства[3]. Іншыя назвы: Белы[4], Вялікі, Страсны, Сьветлы[5], Сьвяты[6] і Чысты тыдзень[7].
Дні
рэдагаваць- Вялікі панядзелак. Іншая назва: Блакітны і Чысты панядзелак[8]. Успамін пра патрэбу ў духоўным плёне празь веру і добрыя справы, малітву і пакаяньне. У хрысьціянскіх храмах распавядаюць пра ўсушэньне Ісусам Хрыстом бясплоднай смакоўніцы з пышнай лістотай, якая стала вобразам крывадушных кніжнікаў і фарысэяў у вонкавай набожнасьці, але бяз добрых пладоў веры. Падрыхтоўка міраварэньня ў царкве.
- Вялікі аўторак. Іншая назва: Чысты аўторак. Успамін прытчаў Ісуса Хрыста ў Ерусалімскім храме пра даніну кесару, уваскрасеньне мёртвых, Страшны суд, 10 дзеваў і адоранасьці.
- Вялікая серада. Іншая назва: Драўляная страсьць. Успамін пра грэшную жонку, якая абмыла сьлязьмі і памазала мірам ногі Ісуса Збаўцы на вечары ў Віфаніі ў доме пракажонага Сымона. Таксама згадваюць 30 срэбранікаў, за якія Юда Іскарыёт прадаў Ісуса юдэйскім старэйшынам.
- Вялікі чацьвер. Іншая назва: Чысты чацьвер. Успамін Таемнай вячэры, падчас якой Ісус Збаўца ўсталяваў новазапаветнае таінства прычасьця і абмыў ногі сваім 12 вучням у знак любові да іх. Таксама згадваюць малітву Ісуса ў Гэфсіманскім садзе і здраду Юды. Асьвячэньне міра.
- Вялікая пятніца. Іншыя назвы: Велікодная і Чырвоная пятніца. Успамін асуджэньня на сьмерць і збаўных пакутаў Ісуса Збаўцы, а таксама яго сьмерці. Чытаюць 12 Эвангельляў Запавету Сьвятых Страсьцей. У канцы вячэрні выносяць плашчаніцу Хрыста ў труне. У храме прычашчаюцца і прыносяць адтуль дадому запаленыя сьвечкі. Таксама рыхтуюць рошчыну для велікоднай бабкі, куліча і паскі.
- Вялікая субота. Іншая назва: Чырвоная субота. Успамін пахаваньня Ісуса Хрыста, знаходжаньня яго цела ў магіле і спасланьня душою ў пекла для абвяшчэньня перамогі над сьмерцю і збавеньня душаў, якія чакалі прышэсьця Збаўцы. У ерусалімскім храме Ўваскрасеньня Хрыстова сыходзіць жыватворны агонь[9].
- Вялікдзень. Сьветлае Ўваскрасеньне Хрыстова. Асьвячэньне пасак[10].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ларыса Цімошык. Эвангельле ў гуках // Жырандоля. — 12 красавіка 2014. — № 10 (227).
- ^ Царкоўныя сьвяты і пасты // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2022 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.
- ^ Слоўнік складаных тэрмінаў (Вялікі тыдзень) // Менска-Магілёўская архідыяцэзія, 2022 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.
- ^ Алесь Лозка. Беларускі народны каляндар на 2022 год // Зьвязда : газэта. — 12 студзеня 2022. — № 6 (29628). — С. 8—9. — ISSN 1990-763x.
- ^ У панядзелак Сьветлага тыдня патрыяршы экзарх зьдзейсьніў літургію ў Аляксандра-Неўскім храме гораду Менску // Беларуская праваслаўная царква, 9 красавіка 2018 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.
- ^ Папа Ян Павал Другі скасаваў свае мерапрыемствы на бліжэйшыя два тыдні // Беларуская служба Радыё «Свабода», 5 сакавіка 2002 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.
- ^ А.У. Костарава. «Вербніца. Чысты тыдзень. Вялікдзень» (Сцэнар сьвята для вучняў IX—XI клясаў) // Партал «Сцэнары сьвятаў на беларускай мове», сакавік 2014 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.
- ^ Алесь Лозка. Беларускі народны каляндар 2014 // Зьвязда. — 9 студзеня 2014. — № 2 (27612). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Страсная сядміца пачалася ў праваслаўных хрысьціян 18 красавіка. Што робяць у кожны з дзён // Газэта «Зьвязда», 18 красавіка 2022 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.
- ^ Беларускі праваслаўны царкоўны каляндар на 2022 год (красавік) // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2022 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Страсны тыдзень // Радыё «Спадарожнік», 13 красавіка 2020 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.
- Вялікі тыдзень // «Навіны Ватыкану», 15 красавіка 2022 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |