Пагоня (песьня)
Пагоня — беларуская патрыятычная песьня на аднайменны верш Максіма Багдановіча (1891—1917), прысьвечаная дзяржаўнаму гербу Вялікага Княства Літоўскага і Беларусі, традыцыйнаму нацыянальнаму гербу беларусаў — Пагоні. З канца 1980-х гадоў варыянт песьні, сьпяваны на мэлёдыю францускай «La Marseillaise», азначаецца ў беларускім патрыятычным асяродку як Беларуская Марсэльеза[1] побач з гістарычнай песьняй «Адвеку мы спалі».
Гімны Беларусі | |
---|---|
Багародзіца (XIV—XVIII стагодзьдзі) | |
Гімн БНР (1919) | |
Гімн БССР (1955—1991) | |
Гімн Беларусі (1991—2002) | |
Мы, беларусы (з 2002 году) | |
Іншыя гімны: | |
Магутны Божа (духоўны гімн, 1943) | |
Беларуская Марсэльеза (рэвалюцыйная песьня, 1906) |
Гісторыя
рэдагавацьВерш
рэдагавацьЗа часамі Першае сусьветнае вайны ў кастрычніку 1916 году па заканчэньні Яраслаўскага Дзямідаўскага ліцэю Максім Багдановіч прыехаў у прыфрантавы Менск, дзе уладкаваўся на працу сакратара ў Менскі аддзел «Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны». У час свайго апошняга прыезду ў Менск (кастрычнік 1916 — люты 1917) Максім Багдановіч жыў на кватэры ў Зьмітрака Бядулі пад адрасам Малагеоргіеўская вуліца, дом 12 (цяпер завулак Рабкораўскі). Менавіта тут ён напісаў верш «Пагоня», а таксама «Страцім-лебедзь», надрукаваныя ў газэце «Вольная Беларусь» № 32 ад 30 лістапада 1917 году.
Пра Багдановічаву працу гэтага пэрыяду Аркадзь Смоліч потым сьведчыў:
Нягледзячы на хваробу, ён (Багдановіч) і далей працаваў ня толькі днём, але і ноччу; працаваў у гарачцы, пры высокай тэмпэратуры ў 38—39.
У сваіх успамінах Зьмітрок Бядуля пісаў:
У вольны ад службы час ён сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры керасінавай лямпе штодня да гадзін 3-4 ночы. Галоўным чынам ён студыяваў тэхніку вершаў.
Паводле Зьмітрака Бядулі, у адным з сваіх рэфэратаў у 1916 годзе ў Менску Багдановіч сказаў:[2]
Я быў пад Вострай Брамай, дзе бываюць дзясяткамі тысяч паломнікі-багамольцы. На браме красуецца герб старога Бел. Літ. Княства — Пагоня: узброены рыцар сядзіць на скачучым кані і размахвае мячом. перад маімі вачыма рыцар вырастае ў вялікія размеры, і меч яго пападае якраз у маё сэрца... я ранены і запаланёны навекі...
Упершыню верш «Пагоня» прагучаў у «Беларускай хатцы», менскім асяродку беларускай культурна-асьветніцкая працы ў 1916—1920 гадох. На просьбу Багдановіча, яго ўпершыню публічна зачытаў Аркадзь Смоліч[3].
Песьня
рэдагавацьПаводле Лявона Луцкевіча, у міжваенны час моладзь Заходняй Беларусі пачала сьпяваць гэты верш на мэлёдыю францускай Марсэльезы[4]. Пазьней уласную музыку да верша напісалі Мікола Равенскі, Мікола Шчаглоў-Куліковіч, Аляксей Туранкоў, Уладзімер Мулявін[5].
У пачатку 1990-х гадоў «Пагоня» разглядалася як адзін з прэтэндэнтаў на статус дзяржаўнага гімну Беларусі[6]. У 2019 годзе каманда прафэсійных музыкаў запісала варыянт «Пагоні» на музыку Міколы Шчаглова-Куліковіча ў стылі нацыянальнага гімну — галасамі хору ва ўрачыстым суправаджэньні аркестру — і запусьціла флэшмоб «Сьпяваем гімн разам»[7]. У 2020 годзе песьня «Пагоня» стала адной зь песьняў пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі[8]. Яе выконвалі ў многіх грамадзкіх месцах: ля Беларускай дзяржаўнай філярмоніі[9], у гандлёвым цэнтры[10], у менскім мэтро[11].
Тэкст
рэдагавацьТолькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,
Успомню Вострую Браму сьвятую
І ваякаў на грозных канях.
У белай пене праносяцца коні,
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць,
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!
У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
Мо яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі наўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Біце ў сэрцы іх — біце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць.
Маці родная, Маці-Краіна!
Не ўсьцішыцца гэтакі боль.
Ты прабач, ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!
Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.
У час выкананьня ў якасьці гімну, як правіла, апошняя страфа не сьпяваецца, а апошнія радкі 2, 4 ды 6 страфы паўтараюцца двойчы[a].
Крытыка
рэдагавацьНа думку мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, гэты геніяльны як верш твор, магчыма, занадта складаны для нацыянальнага гімну. Частка вобразаў — пра здраду, пакаяньне ды адкупленьне — хоць моцныя і актуальныя, але наўрад ці натхняюць. Як падкрэсьлівае Вінцук Вячорка, непадзельная трыяда беларускіх нацыянальна-дзяржаўных сымбаляў, якая склалася гістарычна — гэта герб Пагоня, бел-чырвона-белы сьцяг і гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»[4].
Глядзіце таксама
рэдагавацьЗаўвагі
рэдагаваць- ^ Напрыклад, варыянт «Пагоні», запісаны ў 2019 годзе ў стылі нацыянальнага гімну камандай прафэсійных музыкаў на музыку Міколы Шчаглова-Куліковіча
Крыніцы
рэдагаваць- ^ !OUT: ГІМНЫ БНР (АЎДЫЁ), Tuzin.fm, 18 сьнежня 2018 г.
- ^ Зьмітрок Бядуля. У гадаўшчыну смерці М. А. Багдановіча // Выбраныя творы. — Мінск: 2006. — С. 387. — 496 с. — (Беларускі кнігазбор). — ISBN 985-6824-30-3
- ^ Марына Запартыка. Гісторыя сяброўства Максіма Багдановіча і Аркадзя Смоліча (бел.) // Звязда. — 29.05.2017.
- ^ а б Вячорка В. Чаму дзяржаўным гімнам БНР стаў ваяцкі марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»?, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2019 г.
- ^ У Беларусі запісалі «Пагоню» з аркестрам і хорам ды запусьцілі флэшмоб «Сьпяваем гімн разам». ВІДЭА, Радыё Свабода, 28 лістапада 2019 г.
- ^ Беларускія песні і гімны: зборнік песень / Уклад. C. Барыс. — Менск, 2012. С. 157.
- ^ У Беларусі з’явіўся нацыянальны гімн «Пагоня» ў выкананні аркестра і хору | Symbal.by Праверана 2020-08-28 г.
- ^ Як дапамагчы музыкам у час дваровых канцэртаў, калі няма магчымасці зрабіць ахвяраванне, Наша Ніва, 12 лістапада 2020 г.
- ^ «Пагоня»! Новый гимн? Минск, 17 августа. Филармония против насилия | протесты в Беларуси 2020, Кто, если не мы? Протесты и забастовки в Беларуси, 17.08.2020 г.
- ^ Люди поют «Пагоню» в ТРЦ Galleria Minsk, TUT.BY. 26.08.2020 г.
- ^ В Минске прямо на платформе метро спели «Магутны Божа» и «Пагоню» — вот как это было Праверана 2020-08-28 г.
Літаратура
рэдагаваць- Беларускія песні і гімны: зборнік песень / Уклад. С. Барыс. — Менск: А. Вараксін, 2012. — 380 с. ISBN 978-985-7035-49-6.
- Бярозкін Р. С. Человек на заре : Рассказ о Максиме Богдановиче — белорусском поэте. — М.: Художественная литература, 1970. — 136 с.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Нацыянальны гімн Рэспублікі Беларусь «Пагоня» (музычнае відэа з словамі), Symbal.by, 28.11.2019 г.
- Нацыянальны гімн Рэспублікі Беларусь «Пагоня» (музычнае відэа з урачыстага перапахаваньня Кастуся Каліноўскага ў Вільні), Symbal.by, 28.11.2019 г.
- Паліна Сьцепаненка Як быў напісаны верш «Пагоня» // МойBY. — 21 кастрычніка 2018.