Божае Нараджэньне
Нараджэ́ньне Хрысто́ва[1] — адно з найгалоўнейшых хрысьціянскіх сьвятаў, калі адзначаецца нараджэньне Ісуса Хрыста 25 сьнежня [ст. ст. 7 студзеня] . Іншыя назовы: Раство́ Хрыстова (пераважае ва ўжываньні), Бо́жае Нараджэ́ньне (сярод каталікоў), Нараджэ́ньне Госпада (Па́на),[1].
Хрысьціянская традыцыя | |
![]() | |
Значэньне | Нараджэньне Ісуса Хрыста ад Дзевы Марыі |
---|---|
Дата | 25 сьнежня [ст. ст. 7 студзеня] |
25 сьнежня Нараджэньне Хрыстова сьвяткуе большасьць хрысьціянаў сьвету: Рыма-каталіцкая царква, пратэстанцкія цэрквы, Беларуская грэка-каталіцкая царква паводле новага стылю і 9 зь 15 кананічных праваслаўных аўтакефальных цэркваў паводле новаюліянскага календара[2]. Паводле юліянскага календара, дзе 25 сьнежня прыпадае на 7 студзеня, Нараджэньне Хрыстова адзначаюць 6 зь 15 кананічных праваслаўных аўтакефальных цэркваў, у тым ліку Расейская праваслаўная царква з прыходамі ў Беларусі (Беларускі экзархат), шэраг грэка-каталіцкіх цэркваў і Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква[3].
ГісторыяРэдагаваць
Ісус Хрыстос нарадзіўся ў Прачыстае Дзевы Марыі падчас праўленьня рымскага імпэратара (кесара) Актавіяна Аўгуста. Дакладная дата нараджэньня Ісуса Хрыста невядомая, але зьвесткі з эвангельляў дазваляюць зрабіць выснову, што гэта адбылося не раней за 6 год да н. э. Паводле эвангельляў ад Мацьфея і эвангельля ад Лукаша Ісус нарадзіўся незадоўга да сьмерці Ірада Вялікага, які памёр у 4 годзе да н. э. Паводле загаду кесара ў імпэрыі праводзіўся ўсенародны перапіс. Палестына, якая была пад уладай цара Ірада, таксама падначальвалася Рыму, таму ўсе яе жыхары, згодна звычаю, павінны былі адправіцца ў вызначаныя кожнаму калену, племені й роду прабацькоўскія мясьціны, каб унесьці свае імёны ў сьпіс рымскіх падданых. Дзева Марыя і заручаны зь Ёю Сьвяты Язэп былі з роду цара Давіда і пайшлі з Назарэту ў Давідаў горад Бэтлеем (цяпер на тэрыторыі Палестыны). З прычыны сваёй беднасьці й вялікай колькасьці народу ў горадзе яны не змаглі спыніцца ў гасьцініцы і вымушаныя былі разьмясьціцца ў вапняковай пячоры, куды пастухі ў непагадзь заганялі скаціну. У такіх абставінах, ня маючы ня толькі зямной велічы, але звычайных умоваў, апоўначы па субоце (як апавядае царкоўнае паданьне) Прасьвятая Дзева нарадзіла Богадзіця. Яна сама спавіла Яго і паклала ў ясьлі, прызначаныя для кармленьня скаціны.
Першымі дазналіся пра Нараджэньне Збавіцеля бэтлеемскія пастухі. Раптам зьявіўся перад імі анёл Божы і сьвятло Гасподняе азарыла іх, яны ж разгубіліся. Анёл сказаў ім: «Ня бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям. Цяпер нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збавіцель, Хрыстос Гасподзь. І вось вам знак, па якім вы пазнаеце Яго: вы знойдзеце Дзіця спавітае ў ясьлях». І толькі анёл сказаў гэта пастухам, як нечакана зьявілася зь ім мноства воінства нябеснага, пяючы: «Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір, у чалавеках благаваленьне» (у Каталіцкім Касьцёле: «Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі»). Калі анёлы зьніклі, пастухі сказалі адзін аднаму: «Хадзем у Бэтлеем і паглядзім, што там здарылася». Яны прыйшлі ў пячору і ўбачылі Марыю, Язэпа й Дзіця, што ляжала ў ясьлях. Пакланіўшыся Дзіцяці, пастухі расказалі, што ім было пра Яго абвешчана. Марыя ж захоўвала ўсе іхныя словы ў сваім сэрцы. Пасьля гэтага пастухі вярнуліся да сваіх статкаў, славячы і дзякуючы Бога за ўбачанае і пачутае.
Згодна закону, на восьмы дзень пасьля нараджэньня Дзіцяці, Маці Яго зь Язэпам далі Яму імя Ісус, як было ўказана Госпадам праз анёла (Ісус азначае «збавіцель», Хрыстос — Божы пасланец, «мэсія»). Усьлед за гэтым прыйшлі з усходу ў Ерусалім вешчуны-астролягі й пачалі пытацца: «Дзе Цар юдэйскі, які нарадзіўся? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе й прыйшлі пакланіцца Яму». Калі дазнаўся пра гэта цар Ірад, то надта ўсхваляваўся, бо думаў, што нованароджаны Цар адбярэ ў яго пасад. Ён сабраў першасьвятароў і вучоных-кніжнікаў і запытаўся: «Дзе мае нарадзіцца Хрыстос?» Тыя адказалі: «У Бэтлееме, як прадказана прарокам Міхеем». Тады Ірад, сабраўшы вешчуноў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі й сказаў ім: «Ідзіце, разьведайце пра Дзіцятка, а калі знойдзеце, то паведаміце мне, каб і я Яму пакланіўся». Сам жа надумаў загубіць Ісуса. Вешчуны падаліся ў Бэтлеем сьледам за зоркаю, якая рухалася перад імі і прывяла да месца, дзе было Дзіця. Яны ўвайшлі, убачылі Дзіця з Маці Яго, пакланіліся і паднесьлі Яму сымбалічныя дары: золата як Цару, ладан як Богу і сьмірну як прысуджанаму да пакараньня сьмерцю. Атрымаўшы затым у сьне папярэджаньне ад Бога не вяртацца да Ірада, вешчуны вярнуліся ў сваю краіну кружным шляхам. І паводле паданьня, вешчуноў звалі Мельхіёр, Гаспар і Бальтазар (Тры каралі), і былі яны прадстаўнікамі трох расаў роду чалавечага (нашчадкамі Сіма, Хама і Іафета). Пасьля яны прынялі хрысьціянства і прызнаныя сьвятымі.
СьвяткаваньнеРэдагаваць
Праваслаўная традыцыяРэдагаваць
Да ўрачыстага сьвяткаваньня Ражджаства Хрыстовага праваслаўныя вернікі рыхтуюцца саракадзённым постам (28 лістапада — 6 студзеня па новым стылі), які называецца Піліпаўкай. Калядныя сьвяты («Сьвяткі») працягваюцца з 7 па 17 студзеня. У гатыя дні дазваляецца ўсё есьці, нават па серадах і пятніцах, па днях, у якія здычайна не ўжываецца скаромнае.
Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае камісіі БПЦ.
Трапар сьвята Раства Хрыстовага, глас 4Рэдагаваць
Раждаство Тваё, Хрысьце Божа наш,
азарыла сьвет сьвятлом ісьціны,
бо празь яго служыцелі зорак
зоркаю наву́чаны былі
пакланяцца Табе, Сонцу праўды,
і пазнаць у Табе Ўсход з вышыні.
Госпадзі, слава Табе.
Кандак сьвята Раства Хрыстовага, глас 3Рэдагаваць
Дзева сёньня нараджае Вышэйшага за ўсялякую істоту,
і зямля вярцеп Непрыступнаму прыносіць;
ангелы з пастухамі славасловяць,
а валхвы з зоркаю падарожнічаюць;
бо дзеля нас нарадзілася Дзіцятка Малое — Спрадвечны Бог.
Задастойнік сьвята Раства ХрыстовагаРэдагаваць
Велічай, даша мая, Пачэсьнейшую і Слаўнейшую за нябесныя войскі Дзеву, Прачыстую Багародзіцу. Зручней нам захоўваць маўчаньне, якое не выклікае страх, бо зь любоўю да Цябе, Дзева, ствараць песьні, зладжана складзеныя, нялёгка; але, Маці, дай нам сілы, наколькі маем стараньня.
Каталіцкая традыцыяРэдагаваць
Сьвяту Божага Нападжэньня папярэднічае Адвэнт — літургічны пэрыяд падрыхтоўкі да Божага Нараджэньня. Адвэнт мае падвойны характар. Гэта час падрыхтоўкі да ўрачыстасьці Нараджэньня Пана, калі ўзгадваецца першае прыйсьце Хрыста, а таксама час, калі вернікі скіроўваюць свае думкі да другога прыйсьця Хрыста на сканчэньні вякоў. Такім чынам, адвэнт — гэта час радаснага чаканьня. Пэрыяд адвэнту падзяляецца на дзьве часткі: першая мае эсхаталягічны характар, а другая прысьвечаная непасрэднай падрыхтоўцы да Божага Нараджэньня. Дзень 17 сьнежня зьяўляецца мяжой гэтага падзелу. Адвэнт у сьціслым сэнсе не зьяўляецца постам, пэрыядам пакаяньня. Гэта — час радаснага чаканьня Езуса.
Адвэнт завяршае вігілійная вячэра, якая пачынаецца на зьмярканьні 24 сьнежня. У кожным доме рыхтуецца накрыты стол, за якім зьбіраецца ўся сям’я. На стале мусяць знаходзіцца найбольш смачныя посныя стравы, сярод якіх абавязковае мае быць крупяная каша — куцьця. Звычай вігілійнай вячэры зьявіўся ў Беларусі ў ХVІІІ ст.
Вігілійную вячэру распачынаюць зь дзяленьня аплаткай — прэсным белым хлебам, загадзя асьвечаным. Аплатка — гэта сымбаль Хрыста. Перад вячэрай пры сьвятле зьнічкі, што сымбалізуе бэтлеемскую зорку, чытаюць урывак з Эвангельля паводле сьвятога Лукі, у якім апісваецца нараджэньне Езуса ў Бэтлееме.
Пасьля вячэры ўсёй сям’ёй ідуць у касьцёл. Напярэдадні Божага Нараджэньня ў найбольш заўважным месцы кожнага каталіцкага храма ствараецца невялічкая кампазыцыя, якая ілюструе сцэну нараджэньня Хрыста. Над ясьлямі, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, схіляецца ягоная маці і сьвяты Язэп. Ясьлі, у якіх спаў маленькі Езус у Бэтлееме, на сьвяточным стале сымбалізуе жменя сена пад белым абрусам.
Сьвятая Імша, якая цэлебруецца з надыходам ночы, называецца Пастэрка — ад лацінскага слова pastor (пастух). Бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясьцілі навіну пра Нараджэньне Хрыста, былі бэтлеемскія пастушкі. Менавіта яны першымі прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збаўцу, а разам зь імі — іх жывёла.[4]
Народная традыцыяРэдагаваць
- Асноўны артыкул: Каляды
Каля́ды (ад лац. Calendae календы — назва першага дня кожнага месяца ў рымлянаў) — народнае зімовае сьвята дахрысьціянскага паходжаньня, зьвязана зь першым павелічэньнем самага кароткага дня. У гадавым коле народных аграрных абрадаў і сьвяткаваньняў займала 1-е месца. З усталяваньнем хрысьціянства прымеркаванае да рэлігійных сьвятаў Раства Хрыстова і Вадохрышча. На Беларусі хрысьціянскі рытуал сьвяткаваньня Калядаў шчыльна пераплецены з народнай сьвяточнай традыцыяй. Каляды працягваюцца з 24 сьнежня да 6 студзеня. Для Калядаў характэрныя тры абрадавыя вячэры (куцьці): посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м сьвяточным днём, багатая (тоўстая, шчодрая) зь мяснымі стравамі — у вечар перад Новым годам, посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжваліся калядаваньне, варажба, шматлікія забавы, гульні; сьпявалі калядныя песьні.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ а б Паляшчук, Натальля. Слова як сьвята // Зьвязда : газэта. — 21 лютага 2012. — № 34 (27149). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Гацак, Максім.. Забудзьцеся пра «праваслаўны» і «каталіцкі» Вялікдзень // Крыніца.info, 11 красавіка 2016 г. Праверана 6 чэрвеня 2016 г.
- ^ Царкоўныя сьвяты і пасты // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 6 чэрвеня 2016 г.
- ^ Як сустракаць Каляды згодна з традыцыяй // Наша Ніва, 22 сьнежня 2006
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Божае Нараджэньне — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Быль, Віталь. «Як шляхта каляды спраўляла» // ARCHE Пачатак: часопіс, 2 студзеня 2012
- Шчыры, Тарас. Сімвалы, напоўненыя сэнсам // Ігуменскі тракт. — 23 сьнежня 2014. — № 41 (100). — С. 10.
- Раство // Крыніца.info, 6 лютага 2016 г. Праверана 6 чэрвеня 2016 г.