Найман-бэг
Найман-бэг — татарскі князь, продак шматлікіх татарскіх родаў у ВКЛ, удзельнік бітвы пад Грунвальдам.
Невядомае ўласнае імя, бо «Найман-бэг» ёсьць тытулам, што значыць князь найманаў. Тытул «бэг» значыць, што ён быў сваяком дынастыі ардынскіх ханаў, нашчадкаў Чынгісхана. Толькі яны маглі насіць тытул князь. Верагодна, што ягоным продкам быў водца Чынгісхана Джэбэ з роду Тайджыютаў, які напачатку XIII ст. захапіў племя найманаў, уключыўшы яго ў склад мангольскае імпэрыі, за што атрымаў тытул «князя найманаў».
Прыбыў у ВКЛ напачатку XV ст. як чалец татарскага аддзелу пад кіраўніцтвам Джалял-ад-Дына, высланага ханам Тахтамышам на дапамогу вялікаму князю Вітаўту ў вайне з крыжакамі.
Застаўшыся ў ВКЛ, атрымаў маёнткі Багданава, Ціцін, Даўбуцішкі, Кадышэвічы, Каскевічы, Кена, Крычын, Мерашляны, Сельца, Старасельца й палац у Вільні на вуліцы, званай пасьля Татарскай.
Яго нашчадкі праз сваю шматлікасьць складалі адначасова дзьве харугвы: найманскую, якая была найвялікшай сярод татарскіх харугваў ВКЛ, і тыпірскую, званую пасьля кандрацкай.
Меў трох сыноў Пятра, Каўрата ды Алішку Наймановічаў. Нашчадкі старэйшага сына Пятра ўзначалілі найманскую харугву. Ад Пятра пайшлі наступныя роды: Андрысевічы, Андрэевічы (Андрэеўскія), Арслановічы, Кадышэвічы, Касымовічы, Малушэвічы, Мінбулатовічы, Мухарэмовічы, Пятровічы, Пятроўскія, Скірмунты, Сялецкія, Тамкевічы, Харумовічы, Ціцінскія, Шэйхі-Старасельскія, Якубовічы. Ад Каўрата пайшлі Адзыкічы, Базарэвічы, Ґелваноўскія, Завацкія, Казковічы, Крычынскія, Русіны, Сулевічы, Токашы, Улановічы. Ад Алешкі пайшлі Абуткі, Аскевічы, Болцюкі, Радэцкія, Станкевічы.