Сьвяча (абрад)
4-дзённы беларускі абрад ушанаваньня памяці сьвятога Міколы Цудатворцы напярэдадні Раства Хрыстовага
Сьвяча́ — 4-дзённы беларускі абрад ушанаваньня памяці сьвятога Міколы Цудатворцы напярэдадні Раства Хрыстовага.
Выкананьне
рэдагаваць- 18 сьнежня. На дзень памяці сьвятой Варвары суседзі зьбіраюцца ў доме, куды аддаюць сьвечку на захаваньне гаспадарам, якія сутыкнуліся са складанасьцямі ў жыцьці, такімі як выпіваньне або сьмерць родзічаў. Гаспадыня робіць аброчную сьвечку вышынёй 40 см і таўшычнёй 6 см, якую ставіць у посуд з жытам або ўтыкае ў бохан хлеба. Гэтая сьвечка мае быць 3-й такой поруч з 2-ма іншымі, якія стаяць побач з абразом Міколы Цудатворцы. Таксама гаспадыня зьбірае ў сябе дзяцей, якія абыходзяць дамы суседзяў і запрашаюць іх на сьвяточную бяседу.
- 19 сьнежня. Апоўдні дня памяці Міколы Цудатворцы суседзі зьбіраюцца каля дому са сьвечкай. На ўваходзе іх сустракае гаспадыня. Госьці прыносяць па вядры жыта і ссыпаюць збожжа ў мяшок гаспадарам. На покуці пад абразамі Міколы Цудатворцы, сьвятых Варвары і Юрыя Пераможцы ў шуфляду ахвяруюць грошы. Побач ў лубцы са збожжам ставяць 3 самаробныя аброчныя сьвечкі. Кожны госьць тройчы хрэсьціцца перад абразом і пакрывае складзень 2-мэтровай намёткай тканіны на ўсю велічыню складзеня. Затым адступае крок назад, уголас дзякуе сьвятому Міколу за дапамогу і просіць падтрымкі на будучы год. Урэшце госьць зноў тройчы хрэсьціцца і адыходзіць да печы. Гаспадыня запрашае за стол, дзе мужчыны сядаюць бліжэй да вакна, а жанчыны — насупраць. Пры гэтым, старэйшыя сядаюць бліжэй да покуці, як за памінальным сталом. Старэйшы з прысутных пачынае абрадавую трапезу. Папярэдне прысутныя прычашчаюцца трыма долькамі асьвячонай ў царкве праскуры. За сталом тастуюць па кілішку за сьвятога Міколу Цудатворцу і кажуць падзяку. Бяседа сканчаецца сьпевам псальмаў жанчынамі. Пасьля мужчыны ставяць пасярод пакою невялікі стол, які жанчыны засьцілаюць абрусам і ставяць на яго бутэльку гарэлкі і сподак з 2-ма кавалкамі хлеба. Далей два мужчыны бяруць на рукі абраз Міколы Цудатворцы з покуці. Зь ім адбываецца абрадавае шэсьце вакол пастаўленага пасярод пакою стала. Затым абраз нясуць да дому сям'і новых гаспадароў «сьвячы». Каля брамы муж трымае ў руках бохан хлеба, а жонка — кажух. Госьці з абразом прыпыняюцца так, каб абраз апынуўся паверх кажуха. Новы гаспадар сьвячы на каленях і з боханам хлеба ў руках тройчы пралязае пад абразом. Усьлед ідзе жонка. Мужчыны з абразом на руках заносяць яго ў дом новых гаспадароў і ставяць на покуць. Затым яны хрэсьцяцца і вяртаюцца з новымі гаспадарамі за сьвяточны стол у той дом, адкуль вынесьлі абраз[1].
Дыяспара
рэдагавацьУ ХХІ стагодзьдзі абрад пераносу абраза «Сьвечка» захаваўся сярод беларусаў Цюменскай вобласьці Расеі, продкі якіх паходзілі з Магілёўшчыны. На Каляды ў вёсцы Асінаўка Вікулаўскага раёну абраз, які ў ХІХ стагодзьдзі зь Беларусі прывезьлі першыя перасяленцы, пераносяць з адной хаты ў другую для захаваньня цягам усяго наступнага году[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Аксана Катовіч, Янка Крук. «Мікольская свяча» дорыць надзею // Зьвязда : газэта. — 18 сьнежня 2013. — № 238 (27603). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Надзея Юшкевіч. Далёка ад Радзiмы: нашыя суайчыньнікі ў Сыбіры // Зьвязда. — 11 лютага 2014. — № 25 (27635). — С. 4.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |