Мікелянджэлё
Мікеля́нджэлё ды Лядо́віка Буанаро́ці Сымо́ні (па-італьянску: Michelangelo di Lodovico Buonarroti Simoni; 6 сакавіка 1475, Капрэзэ, Флярэнтыйская рэспубліка — 18 лютага 1564, Рым, Папская дзяржава) — выбітны італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт, вядомы прадстаўнік мастацтва эпохі Адраджэньня. Вучань мастакоў братоў Гірляндаё (1488—1490).
Мікелянджэлё Буанароці | |
Імя пры нараджэньні | Мікеля́нджэлё дзі Лядо́віка Буанаро́ці Сымо́ні |
---|---|
Дата нараджэньня | 6 сакавіка 1475 |
Месца нараджэньня | Капрэзэ, Флярэнтыйская рэспубліка |
Дата сьмерці | 18 лютага 1564 (88 гадоў) |
Месца сьмерці | Рым, Папская вобласьць |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | скульптура, жывапіс, архітэктура, паэзія |
Жанры | хрысьціянскае мастацтва[d][2] і гомаэратызм[d] |
Плынь | Высокі Рэнэсанс[d][2] і Рэнэсанснае мастацтва[d] |
Працы | «Страшэнны суд», Давыд, П’ета, Майсей, фрэскі столі Сыкстынскай капэлы |
Подпіс | |
Найбольш упадабаў скульптуру, якую лічыў вышэй за іншыя мастацтвы, і выпрацаваў свой мэтад працы зь ёй, які шырокавядомы зь ягонага выслоўя аб тым, што стварыць дасканалую скульптуру проста — трэба ўзяць глыбу мармуру й адсекчы ад яе ўсё лішняе. Насамрэч Мікелянджэлё адмовіўся ад гліняных мадэляў і працаваў адразу з мармурам. Ці не самая вядомая зь ягоных працаў ёсьць грандыёзны (600 м², 200 фігураў і фігурных кампазыцыяў) росьпіс скляпеньня Сыкстынскай капэлы ў Ватыканскім палацы, які ён рабіў самастойна з 1508 па 1512 гады. Там жа, але ўжо напрыканцы жыцьця, ён стварыў яшчэ адзін свой грандыёзны твор — «Страшэнны суд». Вядомейшая зь ягоных скульптураў, і адначасова ў сьвеце, ёсьць мармуравая статуя Давыда, якую ён рабіў з 1500 па 1504 гады. Вышыня скульптуры складае 5,5 мэтраў. Творчасьць Мікелянджэлё была найвышэйшым узьлётам Адраджэньня й адначасова пачаткам ягонага заняпаду.
Акрамя таго Мікелянджэлё ёсьць аўтарам шматлікіх вершаваных твораў. На беларускую асобныя яго вершы пераклалі Міхась Стральцоў[3] і Масей Сяднёў[4].
Біяграфія
рэдагавацьДзіцячыя гады
рэдагавацьМікеланджэлё Буанароці нарадзіўся 6 сакавіка 1475 году ў вёсцы Капрэзэ, якая цяпер месьціцца ў правінцыі Арэцца, дзе яго бацька, Лядовіка Буанароці (італ. Lodovico Buonarroti), быў у той час 169-ым падэстам[5]. На працягу некалькіх пакаленьняў прадстаўнікі роду Буанароці Сымоні былі дробнымі банкірамі Флярэнцыі, але Лядовіка не атрымалася захаваць фінансавы стан банка, таму ён час ад часу займаў дзяржаўныя пасады[6][7]. Згодна з запісам Лядовіка, які захоўваецца ў музэі «Каза Буанароці» ў Флярэнцыі, Мікеляньнёля нарадзіўся «ў панядзелак раніцаю, за 4 або 5 гадзінаў да сьвітанку». У гэтым рэестры таксама пазначана, што хрысьціны адбыліся 8 сакавіка ў царкве імя сьвятога Яна ў Капрэзэ.
Маці Мікелянджэлё была Франчэска ды Нэры дэль Мініята ды Сіена[8]. Празь месяц пасьля нараджэньня сына, у Лядовіка скончыўся тэрмін знаходжаньня на пасадзе падэсты, і сям’я вярнулася ў Флярэнцыю, а хлопчыка, паколькі ў Франчэскі былі праблемы са здароўем[7], аддалі карміцельцы зь сяла Сэтыньняна, недалёка ад Флярэнцыі. Там быў разьмешчаны маёнтак Буанароці (зараз — «Віла Мікелянджэлё»), а таксама невялікі кар’ер мармуру й двор[8]. Хлопчык жыў у сям’і карміцелькі, жонкі муляра, і праводзіў шмат часу ў кар’еры.
Лічыцца, што пазьней Мікелянджэлё, як жарт, сказаў Вазары, што[9][5]:
з малака сваёй карміцелькі я дастаў разец і малаток, якім я раблю статуі. | ||
Мікелянджэлё быў другім сынам Лядовіка. Фрыц Эрпэлі прыводзіць гады нараджэньня братоў: Ліянарда — 1473 год, Буанарота — 1477 год, Джавансымонэ — 1479 год і Джызмонда — 1481 год. У тым жа 1481 годзе памерла маці, а ў 1485 годзе, праз чатыры гады пасьля ейнай сьмерці, Лядовіка ажаніўся зноўку. Мачахай Мікелянджэлё стала Люкрэцыя Ўбальдыні[10]. Неўзабаве Мікелянджэлё аддалі ў школу Франчэска Галятэа да Ўрбіна ў Флярэнцыі. Хлопец не праяўляў асаблівай цікавасьці да навучаньня, а аддаваў перавагу стасункам з мастакамі й перамалёўцы царкоўных іконаў і фрэсак[11].
Вядома, што Лядовіка ганарыўся сваім шляхетным паходжаньнем, бо род Буанароці-Сымоні прэтэндаваў на крэўную роднасьць з маркграфіняй Матыльдай Каноскай[12], хоць і няма дастатковых дакумэнтальных дадзеных для пацьверджаньня гэтага. Асканіё Кондыві сьцьвярджаў, што сам Мікелянджэлё ў гэта верыў, успамінаючы аб шляхетным паходжаньні роду ў сваіх лістах да пляменьніка Ліянарда[11]. Паводле Ўільяма Ўолеса, вызначальным зьяўляецца тое, што[13]:
да Мікелянджэлё, мала мастакоў прэтэндавалі на такое, і яшчэ менш верылі ў гэта з такой упэўненасьцю. Мастакі ня мелі ня толькі гербаў, але й сапраўдных прозьвішчаў. Іх звалі ў гонар бацькі, прафэсіі альбо гораду, і сярод іх такія вядомыя сучаснікі Мікелянджэлё як Леанарда да Вінчы й Джарджонэ да Кастэльфранка. | ||
Юнацтва. Першыя творы
рэдагавацьУ 1488 годзе трынаццацігадовы Мікелянджэлё стаў вучнем у майстэрні братоў Гірляндаё. Спачатку бацька быў супраць такой «нешляхетнай» кар’еры, але неўзабаве падпісаў кантракт з Дамэніка Гірляндаё, паводле якога апошні абавязваўся аплачваць працу Мікелянджэлё[14]. Тут хлопец атрымаў магчымасьць азнаёміцца з асноўнымі матэрыяламі й тэхнікай, да гэтага ж пэрыяду належаць ягоныя алоўкавыя копіі твораў флярэнтыйскіх мастакоў, як то Джота й Мазачча; ужо ў гэтых копіях выявілася характэрнае для Мікелянджэлё скульптурнае бачаньне формаў[15]. Да гэтага ж пэрыяду адносіцца ягоная карціна «Мукі Сьвятога Антонія» (копія гравюры Мартына Шангаўэра).
Ужо праз год Мікелянджэлё стаўся вучнем Бэртольда ды Джавані, які быў вучнем Данатэльлё. Ягоная праца ў садзе скульптураў Лярэнца Цудоўнага, прыцягнула ўвагу апошняга, і ў 1490 годзе хлопец пасяліўся ў палацы Мэдычы, застаючыся там да сьмерці Лярэнца ў 1492 годзе. Тут ён пазнаёміўся і меў шанец мець стасункі зь філёзафамі плятонаўскай акадэміі, як то Марсыліё Фічына, Анджэлё Паліцыяна, Піка дэля Мірандала і іншымі. Таксама ён пасябраваў з Джавані, другім сынам Лярэнца, будучым папам Львом X, і Джуліё Мэдычы, пазашлюбным сынам Джуліяна Мэдычы, будучым папам Клімэнтам VII[16]. Сярод ягоных першых вядомых скульптурных працаў — «Галава фаўна», вырабленная з мармуру, і якая на сёньняшні дзень не захавалася, рэльефы «Бітва кентаўраў» і «Мадонна ля лесьвіцы», вырабленная з мармуру. У 1492—1493 гадох Мікелянджэлё працаваў над «Расьпяцьцем», якая была вырабленная з дрэва й знаходзіцца ў царкве імя Сьвятога Духа ў Флярэнцыі.
Вядома, што ў той час П’етра Тарыджана дэі Тарыджані, які таксама быў вучнем Бэртольда, пасварыўшыся зь Мікелянджэлё, ударам у твар зламаў насавую косьць хлопцу[17].
«Бітва кентаўраў»
рэдагавацьРэльеф «Бітва кентаўраў» адлюстроўвае сцэну з грэцкага міту пра бітву людзей-ляпіфаў з кентаўрамі, якія напалі на іх падчас вясельнага банкету. Сюжэт быў прапанаваны Анджэлё Паліцыяна, а ягонай сутнасьцю ёсьць перамога цывілізацыі над варварствам. Паводле міту ляпіфаў перамаглі, аднак у інтэрпрэтацыі Мікелянджэлё вынік бітвы не зусім ясны й нават не важны. Гэтая скульптура вылучаецца тым, што гэта ёсьць першай ягонай працай разцом. На думку Эрыка Шыльляна, гэта — першая з завершаных «няскончаных», то бок з выкарыстаньнем тэхнікі «незакончанае», скульптураў Мікелянджэлё[18]. Гэта таксама была апошняя праца Мікелянджэлё пад патранатам Лярэнца Цудоўнага.
«Расьпяцьце»
рэдагавацьДраўлянае «Расьпяцьце» было створана ў 1492 або 1493 годзе, але ўжо пасьля сьмерці Лярэнца. Менавіта ў гэты час Мікелянджэлё пачаў анатамічныя штудыі ў шпіталі пры кляштары Санта-Марыя-дэль-Санта-Сьпірыта, што можна зьвязаць з тым, што ўкрыжаваны Хрыстос адлюстраваны аголеным. Некаторы час «Расьпяцьце» захоўвалася ў музэі Каза Буанароці, цяпер — у царкве імя Сьвятога Духа. Аўтарства Мікелянджэлё не было несумненным, і дыскусіі працягваліся амаль 40 гадоў, але ў 2001 годзе яно пацьвердзілася дасьледчыкамі[19].
Гэты пэрыяд ёсьць часам гарачых прамоваў манаха Джыраляма Савонароля, які пагражаў Флярэнцыі «акрываўленым мячом Госпада». Пад гэтым уплывам у 1491 годзе старэйшы брат Мікелянджэлё, Ліянарда, далучыўся да дамініканцаў[10]. Лярэнца Цудоўны памёр 9 красавіка 1492 году. Мікелянджэлё, застаўшыся без апекуна, некаторы час пажыў зь сям’ёй, але 20 студзеня 1494 году ён вярнуўся ў палац Мэдычы, ужо пад эгідай старэйшага сына й спадчыньніка Лярэнца Мэдычы — П’ера. Да гэтага пэрыяду таксама адносіцца статуя «Гэркулес», якая была выраблена з мармуру, а на наш час не захавалася, і «Сьнежны волат». Замова апошняй працы быў ідэяй кардынала Бэрнарда Давіцы, якую падтрымаў П’ера.
Сярод дасьледчыкаў няма адзінага меркаваньня адносна таго, каго выявіў Мікелянджэлё ў сваёй сьнежнай скульптуры. Напрыклад, на думку Антоніё Фарчэліна гэта быў прататып «Гэркулесу»[20]. Джэймз Гол лічыць, што гэта павінна была быць «Мадонна»[21].
Скітаньне
рэдагавацьУвосень 9 лістапада 1494 году сям’я Мэдычы была афіцыйна выгнана з Флярэнцыі, а Саванароля стаў дыктатарам гораду. У Флярэнцыі ўсталявалася гэтак званая «Другая рэспубліка», першыя чатыры гады якой фактычна былі тэакратыяй. З-за небясьпекі ўварваньня войскаў Карла VIII Мікелянджэлё вырашыў зьехаць спачатку ў Вэнэцыю, а затым у Балёньню. Там хлопец жыў у Джанфранчэска Альдаўрандзі. У Балёньні ён стварыў тры невялікія скульптуры для грабніцы Сьвятога Дамініка, якая заставалася недаробленай з-за сьмерці Нікалё дэль Аркі, скульптара, які пачаў работу[22].
У гэты час Мікелянджэлё чытае творы Дантэ, Пэтраркі й Бакачча[23].
Першае падарожжа ў Рым
рэдагавацьНеўзабаве палітычная сытуацыя ў Флярэнцыі стала спакайнейшай, і Мікелянджэлё вярнуўся дадому, але, не атрымліваючы замоваў ад новай улады, зноўку пачаў працаваць на Мэдычы[24]. Паводле Кандыві, менавіта ў гэты час Лярэнца ды П’ерфранчэска дэ Мэдычы замовіў яму статую «Маладога Яна Хрысьціцеля», а таксама статую «Амур, які сьпіць», якая зараз страчана, але з умовай гэтак «апрацаваць» твор, каб мець магчымасьць прадаць яго даражэй чым антычны[11]. Пакупніком гэтай скульптуры стаў кардынал Рафаэль Рыярыё, які заўважыў падробку, але быў настолькі ўражаны майстэрствам работы, што запрасіў хлопца ў Рым. Дваццаціаднагадовы Мікелянджэлё прыехаў у вечны горад 25 чэрвеня 1496 году[25], і прабыў там наступныя пяць гадоў.
«Бакх»
рэдагаваць4 ліпеня 1496 году Мікелянджэлё пачаў працу над замовай кардынала — мармуровай статуяй Бакха, бога віна. Гэтая двухмэтровая скульптура была прызначана для кругавога агляду. П’янага бога віна суправаджае маленькі сатыр, які ласуецца гронкай вінаграду. «Бакх» быццам гатовы ўпасьці наперад, але захоўвае раўнавагу, адхіляючыся назад, ягоны позірк зьвернуты на чарку зь віном. Цягліцы сьпіны выглядаюць напружанымі, але расслабленыя цягліцы жывату й сьцёгнаў дэманструюць фізычную, а значыць, і духоўную слабасьць. Мікелянджэлё дамогся ўражаньня няўстойлівасьці без кампазыцыйнай нераўнаважанасьці, якая магла б парушыць эстэтычны эфэкт. Аднак, па завяршэньні твора кардынал адмовіўся ад яго, і скульптуру для свайго саду набыў банкір Якопа Галі, зараз статуя знаходзіцца ў музэі Барджэльлё ў Флярэнцыі.
Рамэн Ралян таксама згадвае «Барджэліўскага Адоніса» й вялікага «Купідона», які зараз захоўваецца ў Музэі Вікторыі й Альбэрта ў Лёндане[10]. У 1497 годзе памерла мачаха Мікелянджэлё — Люкрэцыя Ўбальдыні[23].
«П’ета»
рэдагавацьУ 1498 годзе Мікелянджэлё атрымаў замову на «П’ету» ад уплывовага францускага кардынала Жана дэ Білера[16][10]. Кантракт быў падпісаны 7 жніўня таго ж году. Як пазначае Ўолес, сама тэма «аплакваньня Хрыста» была больш распаўсюджаная ў Паўночнай Эўропе й бізантыйскім мастацтве, чым у Італіі эпохі Рэнэсансу. Мікелянджэлё трактуе тэму вельмі стрымана. Сьмерць і смутак нібы ўтрымліваюцца ў мармуры, зь якога створана скульптура. Суадносіны фігураў такія, што яны ўтвараюць нізкі трохвугольны нізкі конус. Аголенае цела Хрыста кантрастуе з пышнай, багатай вопраткай Багародзіцы.
Мікеланджэлё адлюстраваў Маці Божую маладой, нібы гэта не Маці й Сын, а сястра, якая аплаквае заўчасную сьмерць брата. Ідэалізацыю падобнага роду выкарыстоўвалі й іншыя мастакі, сярод якіх быў і Леанарда да Вінчы. Акрамя таго, Мікелянджэлё быў гарачым прыхільнікам Дантэ, у апошнім кантоне «Боскай камэдыі» якога, у пачатку малітвы Сьвятога Бэрнарда, гаворыцца: «Матка Боская, дачка свайго сына». Скульптар знайшоў ідэальны шлях для прайграваньня ў каменьні гэтай глыбокай багаслоўскай думкі. Гэтая статуя ёсьць адзінай з працаў Мікелянджэлё, якая была падпісаная ім самім.
Да гэтага пэрыяду таксама адносіцца няскончынная «Манчэстэрская Мадонна», якая зараз захоўваецца ў Нацыянальнай галерэі Лёндану.
Пэрыяд другой Флярэнтыйскай рэспублікі
рэдагавацьУ 1498 годзе, у выніку інтрыгаў флярэнтыйскіх дзеячаў і папскага стальца, Саванароля й два ягоныя пасьлядоўнікі былі асуджаны на спаленьне на вогнішчы. Гэтыя падзеі ў Флярэнцыі непасрэдна не закранулі Мікелянджэлё, аднак наўрад ці яны пакінулі яго абыякавым. На зьмену Сярэднявеччу Саванаролі, якое часова вярнулася ў горад, прыйшла сьвецкая рэспубліка, для якой Мікелянджэлё стварыў сваю першую вялікую статую ў Флярэнцыі, мармуровага «Давыда», над якой працаваў з 1501 па 1504 гады. Дамова на выкананьне гэтай працы быў падпісана 16 жніўня 1501 году[23].
«Давыд»
рэдагавацьВобраз Давыда быў традыцыйным у Флярэнцыі. Данатэльлё й Вэрок’ё стварылі бронзавыя скульптуры юнака, які цудам забіў волата, галава якога ляжыць каля ног біблейскага героя. Мікелянджэлё ж вырашыў адлюстраваць момант напярэдадні бою. Давыд стаіць зь перакінутай праз плячо прашчай, у левай руцэ сьціскае камень. Правая частка фігуры напружаная, а левая крыху паралізаваная, як у атлета, гатовага да дзеяньня. Вобраз Давыда мае асаблівы сэнс для флярэнтыйцаў, таму скульптура Мікелянджэлё прыцягнула ўсеагульную ўвагу.
«Давыд» стаў сымбалем вольнай і палкай рэспублікі, гатовай перамагчы любога ворага. Калясальная фігура вышынёй 5,17 мэтраў[26], павінна была стаяць у саборы, аднак месца там апынулася неадпаведным для ейнай грамадзкай ролі, таму камітэт грамадзянаў пастанавіў, што скульптура павінна ахоўваць галоўны ўваход у будынак урада, Паляцца Вэк’ё, перад якім цяпер знаходзіцца ейная копія.
Гэтак жа як Давыд уступіў у бой з Галіяфам, гэтак і дваццацісямігадовы Мікелянджэлё стаў да бою з глыбай мармуру, якая павінна была стаць «Давыдам»[16]. Гэта можна растлумачыць як супрацьпастаўленьне сілы й прыладаў скульптара й ягонага тварэньня, гэта значыць інтэлекту Мікелянджэлё-скульптара й фізычнай сілы Давыда[27].
«Мадонна Доні»
рэдагавацьДа гэтага ж часу адносіцца адзіная карціна, безумоўна намаляваная Мікелянджэлё, — тонда «Мадонна Доні», якая цяпер месьціцца ў Галерэі Ўфіцы ў Флярэнцыі. Лічыцца, што замову на карціну быў прымеркаваны да вясельля флярэнтыйскіх шляхцічаў-гандляроў Аньнёлё Доні й Мадалены Строццы ў 1504 годзе, але невядома чаму гандляр Доні замовіў скульптару Мікелянджэлё намаляваць карціну, а той — пагадзіўся з гэтай прапановай[16]. Гэта таксама адзіная праца тэмпэрнымі фарбамі, тэхналёгію працы зь якімі ён мог вывучыць у Дамэніка Гірляндаё[16].
Для гэтага твора характэрна імкненьне мастака да перадачы складаных пастаў і да плястычнай трактоўцы формаў чалавечага цела. Цэнтральнае месца адведзена ўласна Сьвятому сямейству — Мадонна схілілася направа, каб узяць ці падтрымаць немаўля, які сядзіць на калене Ёсіфа[28]. Дзякуючы выкарыстаньню тэхнікі «канджантэ», фігуры выглядаюць больш аб’ёмнымі й масіўнымі. На тле карціны разьмешчаны Ян Хрысьціцель і пяць аголеных юнакоў, магчыма — грэшнікаў альбо паганцаў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Матэматычная генеалогія (анг.) — 1997.
- ^ а б Artnet — 1998.
- ^ Выбраныя творы / Міхась Стральцоў. — Мінск : Беларуская навука, 2015.
- ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
- ^ а б Tolnay 1943. С. 11.
- ^ Michelangelo (анг.). Encyclopædia Britannica. Праверана 18 студзеня 2012 г.
- ^ а б Брион 2002.
- ^ а б Charles Clément. Michelangelo. — S. Low, Marston, Searle, & Rivington, ltd., 1892. — С. 5. (анг.)
- ^ Вазарі 1970. С. 298.
- ^ а б в г Роллан 1992.
- ^ а б в Condivi 1999.
- ^ Вазарі 1970. С. 297.
- ^ William E. Wallace, Michelangelo: The Artist, the Man, and his Times, Cambridge University Press (анг.)
- ^ Вазарі 1970. С. 299.
- ^ Скульптура — сьветач жывапісу (рас.) Праверана 20 студзеня 2012 г.
- ^ а б в г д Wallace 2010.
- ^ Shelley Esaak Will the Real Michelangelo Please Stand Up? (анг.) Праверана 27 ліпеня 2008 г.
- ^ Scigliano 2005.
- ^ Crucifix 'confirmed' as a Michelangelo (анг.). BBC News. Праверана 18 ліпеня 2001 г.
- ^ Antonio Forcellino, Michelangelo: A Tormented Life, Polity, 2009 (анг.)
- ^ James Hall, Michelangelo and the Reinvention of the Human Body, Farrar, Straus and Giroux, 2005 (анг.)
- ^ Tolnay 1943. С. 20—21.
- ^ а б в Эрпель 1990.
- ^ Tolnay 1943. С. 24—25.
- ^ Tolnay 1943.
- ^ Marc Levoy We finish scanning the David (анг.) Праверана 28 сакавіка 1999 г.
- ^ Ryan 1998.
- ^ d’Ancona, Mirella Levi (1968). The Doni Madonna by Michelangelo: An Iconographic Study. The Art Bulletin (Taylor & Francis), p. 45 (анг.)
Літаратура
рэдагаваць- Вазарі Д. Життєписи найславетніших живописців, скульпторів та архітекторів = італ. Le Vite de’piu eccelenti Pittori, Scultori e Architetti. — К.: Мистецтво, 1970. — С. 296—429, 497—507. — 520 с.
- Charles de Tolnay. The Youth of Michelangelo. — Princeton, NJ: Princeton University Press, 1943.
- Брион Марсель. Микеланджело / Пер. с фр. Г. Г. Карпинского = франц. Michel-Ange. — М.: Молодая гвардия, 2002. — ISBN 5-235-02487-7
- Роллан Р. Жизнь Микеланджело // Жизни великих людей: Пер. с франц. В. Курелла = франц. Vie de Michel-Ange. — М.: Известия, 1992. — С. 71—197. — ISBN 5-206-00351-4
- Ascanio Condivi; Alice Sedgewick. The Life of Michelangelo (1553). — Pennsylvania State University Press, 1999. — 154 с. — ISBN 0-271-01853-4
- William Wallace. The Treasures of Michelangelo. — Andre Deutsch, 2010. — ISBN 978-0-233-00253-8
- Эрпель Фриц. Микельанджело / Пер. с нем. Сергея Данильченко = ням. Michelangelo. — Берлин: Хеншель, 1990. — 72 с. — ISBN 3-362-00044-4
- Christopher Ryan. The poetry of Michelangelo: an introduction. — London: Continuum International Publishing Group, 1998.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Старонка музэю «Каза Буанароці» (італ.)
- Нацыянальны мастацкі музэй Барджэльлё (італ.)
- Лёнданская нацыянальная галерэя. «Манчэстэрская Мадонна» (анг.)