Мікалай (Мацукевіч)
Мікала́й (у сьвеце Міхаіл Кандра́тавіч Мацуке́віч; 21 траўня 1917, хутар Суяцін, Нававузенскі павет Самарскай губэрні, Расейская імпэрыя — 20 чэрвеня 2002, Таронта, Канада) — мітрапаліт і зьверхнік Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Амэрыцы, дзяяч беларускага замежжа.
Мікалай (Мацукевіч) | |
Адукацыя | |
---|---|
Дзейнасьць | праваслаўны сьвятар |
Нарадзіўся | 21 траўня 1917 або 1917[1] |
Памёр | 20 чэрвеня 2002 або 2002[1] |
Пахаваны |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і праваслаўных беларусаў Кандрата Мацукевіча і Домны Дзямковіч зь вёскі Моталь Кобрынскага павету, якія ў Першую сусьветную вайну эвакуаваліся ў Самарскую губэрню. Маці Мікалай памерла праз шэсьць месяцаў пасьля ягонага нараджэньня[2].
У 1921 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь. У 1932 Мікалай скончыў пачатковую школу, навучаўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе (цяпер у Імяніне Дарагічынскага раёну). Служыў у Польскім войску ў Берасьці, дзе яго застала Другая сусьветная вайна. Быў паранены, у лістападзе 1939 року вярнуўся дадому[3]. Навучаўся на настаўніцкіх курсах у Берасьці, пасьля пераехаў у Пінск.
У красавіку 1944 арыштаваны нямецкімі ўладамі і вывезены ў Нямеччыну. Да лютага 1945 быў на прымусовых працах — капаў акопы між местамі Кобленц і Бон. Вызвалены амэрыканскімі войскам, пазьбегнуўшы рэпатрыяцыі ў Савецкі Саюз[3]. З 17 сакавіка 1945 жыў у Вялікабрытаніі, працаваў на фэрме пад Глазга (Шатляндыя). Падтрымліваў сувязі зь беларускімі перасяленцамі ў Нямеччыне. У 1946 року наведаў сваякоў у лягеры Ватэнштэт (Нямеччына), дзе пазнаёміўся з эсэрам Мікалаем Шылам.
У 1947 року браў удзел у Першым зьезьдзе Згуртаваньня беларусаў Вялікабрытаніі. У 1949 пераехаў у Лёндан, працаваў адміністратарам «Беларускага дому»[3].
У жніўні 1951 року пераехаў у Канаду. Навучаўся на багаслоўскім факультэце Калегіі сьвятога Андрэя Ўкраінскай грэка-праваслаўнай Царквы Канады ў Вініпэгу. 2 траўня 1952 року мітрапалітам Іларыёнам (Агіенкам) рукапакладзены ў сан дыякана, а ўжо 6 траўня — у сьвятары[3].
З жніўня 1954 року — у Таронта, дзе заснаваў беларускую парафію сьвятога Кірылы Тураўскага. Першую літургію адслужыў 4 кастрычніка таго ж году. Служыў таксама ў іншых местах Канады — Атаве, Манрэалі, Садбэры й інш. Зь сярэдзіны 1960-х рокаў штомесяц служыў літургію ў Дэтройце (ЗША), дзе быў адным з арганізатараў беларускай парафіі Сьвятога Духа. За сьвятарства грошай не атрымліваў, таму на жыцьцё зарабляў працай на прадпрыемствах[2].
Цягам шматлікіх гадоў займаўся перакладам на беларускую мову Сьвятога Пісьма і літургічных тэкстаў; гэткім чынам БАПЦ ўводзіла беларускую мову ва ўсе свае парафіі[2]. Браў удзел у выданьні кнігі «Праваслаўны малітоўнік» (1966).
2 кастрычніка 1966 року ў катэдральным саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку быў пастрыжаны ў манахі зь імем Мікалай. Наступнага дня архіяпіскап БАПЦ Сергій (Ахатэнка) узьвёў яго ў сан ігумена і архімандрыта[3].
10 сакавіка 1968 року ў месьце Адэлаідзе (Аўстралія) быў рукапакладзены ў сан япіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага. Хіратанію ўчынілі: Першагерарх БАПЦ архіяпіскап Сергій (Ахатэнка, япіскап Віленскі Васіль (Тамашчык), япіскап Аўстралійскі Данат (Бартан) (Украінская аўтакефальная праваслаўная Царква Саборнапраная), япіскап Аўстралійскі і Новазэляндзкі Дымітры (Балач) («Свабодная сэрбская праваслаўная Царква»).
13 ліпеня 1973 року на сходзе Сабору япіскапаў БАПЦ было прынятае рашэньне пра ўтварэньне Эўрапейска-канадзкай япархіі БАПЦ, на чале якой быў пастаўлены архіяпіскап Мікалай[3].
У 1980 року зь ягоным удзелам быў выдадзены «Службоўнік». У 1988 у Таронта выдаў перакладзенае на беларускую мову «Напрастольнае сьвятое Эвангельле».
Па сьмерці Першагерарха БАПЦ мітрапаліта Андрэя (Крыта) ў траўні 1983 року на III Саборы БАПЦ новым мітрапалітам і Першагерархам быў абраны архіяпіскап Ізяслаў (Бруцкі). Мікалай Мацукевіч з аднадумцамі абвясьціў рашэньні III Сабору несапраўднымі і на «надзвычайным Саборы БАПЦ» у Кліўлэндзе сам быў абраны мітрапалітам і Першагерархам БАПЦ. У выніку Сабор япіскапаў БАПЦ абвясьціў Мікалаю анатэму, а той абвясьціў бруклінскую групоўку Ізяслава некананічнай. Паўторна абраны Першагерархам на III саборы БАПЦ у царкве Жыровіцкай Маці Божай у Гайлэнд-Парку(en) (штат Нью-Ёрк).
У лютым-красавіку 1992 року мітрапаліт Мікалай наведаў Беларусь, сустракаўся зь мітрапалітам Філарэтам. Узначальваў канадзкую Фундацыю дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі.
Памёр 20 чэрвеня 2002 року ў Таронта ад інфаркту, пахаваны на беларускіх могілках у Гайлэнд-Парку(en) (Нью-Брансўік(en), Нью-Джэрзі, ЗША)[2]. Па ягонай сьмярці адбылося ўзьяднаньне БАПЦ на чале з Ізяславам (Бруцкім).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Mìkalaj // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в г Акула, Кастусь Сьв. памяці мітрапаліт Мікалай, першы ярарх Беларускай аўтакефальнай царквы (25.05.1917—20.06.2002) Праверана 30 верасьня 2019 г.
- ^ а б в г д е Слесарев А. В. (2 верасьня 2009) Николай (Мацукевич). «Митрополит» и Первоиерарх «БАПЦ в Америке» (1983—2003) (рас.) Антираскол Праверана 30 верасьня 2019 г.
Літаратура
рэдагаваць- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн. — Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3