Мышыная ліхаманка
Мышыная ліхаманка — заражэньне хантавірусам ад мышападобнага грызуна (палявая мыш, рудая(en) і чырвона-шэрая палёўка, дамавы пацук), якое пашкоджвае ныркі і гемараідальныя вены. Іншыя назовы: гемарагічная ліхаманка з нырачным сындромам (ГЛНС), гемарагічны нэфрозанэфрыт. Ускладненьне хваробы выклікае ацёк(en) лёгкіх, кровазьліцьцё(en) ва ўнутраныя органы, нырачную недастатковасьць, разрыў ныркі і таксічны шок(en). Перанесеная хвароба пакідае ўстойлівы імунітэт[1].
Папярэджаньне
рэдагавацьАд заражэньня перасьцерагае ахова ад забруджваньня вады і ежы, прадухіленьне дотыку да грызуноў і іх выдзяленьняў. У якасьці засьцерагальных захадаў варта адмовіцца ад ужываньня сырой вады, вады зь невядомых крыніцаў і сапсаванай грызунамі ежы. Падчас працы на агародзе і догляду свойскай жывёлы карысна насіць ахоўнае адзеньне і пальчаткі. Дзеля захаваньня чысьціні варта мыць рукі перад ежай і трымаць харчовыя вырабы ў тары, абароненай ад пранікненьня грызуноў. Таксама карысна забясьпечваць непранікальнасьць для грызуноў жытла і гаспадарчых будынкаў. У падвале і на дачы варта выкарыстоўваць атручаныя прынады і пасткі(en). Прыбіраньне памяшканьняў, дзе выявілі выдзяленьні грызуноў, варта праводзіць у пальчатках і шматслаёвай марлевай павязцы абеззаражвальным вільготным сродкам. Адзеньне, асабістыя рэчы і пасьцельную бялізну ў такім выпадку прасушваюць на сонцы і затым зь іх выбіваюць пыл. Таксама варта пазьбягаць лову і трыманьня ў руках грызуноў і іх трупаў. Пры знаходжаньні на прыродзе карысна ўнікаць зарасьнікаў травы і захоўваць запас ежы ў недаступным для мышэй месцы. Пры наведваньні лесу варта пазьбягаць начлегу ў стозе сена і закінутым будынку, як і выкарыстаньня для подсьцілу леташняга сена і саломы[1].
Чыньнікі
рэдагавацьЗаражэньню спрыяе дотык да выдзяленьняў (брулі, кал, сьліна) грызуноў, удыханьне пылу з выдзяленьнямі грызуноў і спажываньне забруджанай грызунамі сырой ежы (капуста, морква). Найчасьцей заражэньне адбываецца ўвосень і ўлетку пры наведваньні лесу, зборы грыбоў і ягадаў, паляваньні, рыбалцы, працы ў агародзе і садзе ды зборы ўраджаю. У халодную пару заражэньне становіцца магчымым у месцах захоўваньня ежы і фуражу(en), жылых памяшканьнях у сувязі зь перасяленьнем грызуноў[1].
Праявы
рэдагавацьХвароба пачынаецца з павышэньня тэмпэратуры да 39°C—40°С. Адзначаюцца галаўны і цяглічны боль, смага і сухасьць у роце. Часам пагаршаецца зрок. На другі дзень хваробы ўзьнікаюць млоснасьць і ваніты, якія нарастаюць у наступныя дні. Часта ўзьнікае ікаўка. На скуры плечавога пояса і ў падпахавых ямках можа зьяўляцца гемарагічны сып у выглядзе дробных кровазьліцьцяў. Здараюцца кровазьліцьці ў кан'юнктыву(en) бялкоў вачэй і павелічэньне ломкасьці капіляраў. Аб адначасным паражэньні нырак сьведчыць боль ў жываце і паясьніцы, рэзкае зьмяншэньне колькасьці брулёў і прысутнасьць у іх крыві. Таксама пашкоджаньне нырак выяўляецца ў азызласьці твару і ацёчнасьці павекаў[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Вольга Кулінковіч. З мышамі — асьцярожней // Зьвязда : газэта. — 9 лістапада 2011. — № 213 (27077). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьГэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
Гэта — накід артыкула па вэтэрынарыі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |