Магатма Гандзі
Мага́тма Карамча́нд Га́ндзі (гіндзі: मोहनदास करमचंद गाँधी; 2 кастрычніка 1869, Парбандар, Брытанская Індыя — 30 студзеня 1948, Нью-Дэлі, Індыя) — выбітны лідэр індыйскага нацыяналізму, палітык і філёзаф ў часы ўваходжаньня Індыі ў склад Брытанскае імпэрыі. Выкарыстоўваючы негвалтоўнае грамадзянскае непадпарадкаваньне Гандзі прывёў Індыю да незалежнасьці й натхніў руху за ненасільле, грамадзянскія правы й свабоды ва ўсім сьвеце[12].
Магатма Гандзі | |
гіндз. मोहनदास करमचंद गाँधी | |
Індыя, 1944 | |
Род дзейнасьці | палітык, філёзаф |
---|---|
Дата нараджэньня | 2 кастрычніка 1869[1][2][3][…] |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 30 студзеня 1948[1][2][3][…] (78 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | агнястрэльная рана[d][7] |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | палітык, барыстэр, палітычны публіцыст, журналіст, філёзаф, аўтабіёграф, эсэіст, рэдактар газэты, праваахоўнік, мэмуарыст, гуманіст, пацыфіст, рэвалюцыянэр, пісьменьнік, юрыст, змагар за свабоду |
Навуковая сфэра | філязофія, юрыспрудэнцыя і пацыфізм[d] |
Сябра ў | Інэр-Тэмпл[d] і Vegetarian Society[d] |
Бацька | Карамчанд Утамчанд Гандзі[d][2][8] |
Маці | Путлібай Карамчанд Гандзі[d][2][8] |
Дзеці | Гарылал Гандзі[d][9][10], Манілал Гандзі[d][11][10], Рамдас Гандзі[d][10] і Дэўдас Гандзі[d][10] |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Магатма нарадзіўся ў сям’і высокапастаўленага ўрадавага чыноўніка, які належыў да касты купцоў, банкіраў і дылераў у сучаснай правінцыі Гуджарат, навучаўся праву ў Лёндане. Гандзі стаў знакамітым дзякуючы барацьбе за грамадзянскія правы мусульманскіх і індуісцкіх індыйцаў у Паўднёвай Афрыцы, выкарыстоўваючы новыя мэтады негвалтоўнага грамадзянскага непадпарадкаваньня, якія ён распрацаваў. Вярнуўшыся ў Індыю ў 1915 годзе ён прыступіў да арганізацыі сялянскіх пратэстаў супраць празмернага зямльнага падатку. Гандзі зьяўляўся праціўнікам існаваньня «абшчынаў» паводле рэлігійнага падзелу, стараючыся ахапіць усе рэлігійныя групы. У 1920 годзе Гандзі падтрымаў рух за падтрымку Халіфату. Ачолеўшы Індыйскі нацыянальны кангрэс у 1921 годзе, Гандзі правёў агульнанацыянальныя кампаніі па палягчэньню беднасьці, пашырэньню правоў жанчынаў, разьвіцьцю рэлігійнага й этнічнага сяброўства, павышэньню эканамічнай самастойнасьці, перш за ўсё дзеля дасягненьня незалежнасьці Індыі ад брытанскага панаваньня.
Біяграфія
рэдагавацьРаньняе жыцьцё
рэдагавацьМагатма нарадзіўся 2 кастрычніка 1869 году ў горадзе Парбандар і стаў шостым дзіцём у сям’і. Бацька хлопчыка, Карамчанд Гандзі, быў міністрам у некалькіх княствах на паўвостраве Катгіявар. Гандзі рос у сям’і, дзе прытрымліваліся звычаяў індуісцкай рэлігіі, што значна паўплывала на фармаваньне ягонага сьветапогляду. Карамчанд і ягоная жонка Путлібай належалі да найбольш артадаксальнага вішнуісцкага кірунку ў індуісцкай рэлігіі, яны не ўжывалі алькаголю, мяса, не палілі тытуню.
Калі Магатме было сем гадоў, у ягонага бацькі паўстаў канфлікт з брытанскім агентам ў Парбандары. Карамчанд пазбавіўся сваёй пасады, аднак князь суседняга гораду Раджкот неадкладна прапанаваў яму аналягічнае месца. Сям’я Гандзі пераехала ў гэты горад, дзе Магатма пайшоў у пачатковую, а затым і ў сярэднюю школу. Будучы лідэр нацыі не вылучаўся нейкімі прыкметнымі посьпехамі ў навучаньні, быў вельмі нясьмелым і пазьбягаў грамадзтва іншых дзяцей.
У 13 гадоў Магатма абраўся шлюбам са сваёй аднагодкай Кастурбай. У сужэнцаў было чацьвёра сыноў: Гарылал, Манілал, Рамдас і Дэўдас. Прадстаўнікі сучаснай індыйскай сям’і палітыкаў Гандзі да іхнага ліку нашчадкаў не належаць. Ад старэйшага сына Гарылалу Гандзі адмовіўся. Паводле ягонага сьведчаньня, ён піў, вёў сябе распусна й залазіў у даўгі. Некалькі разоў Гарылал мяняў рэлігію, памёр праз сыфіліс. Усе астатнія сыны былі пасьлядоўнікамі бацькі й актывістамі ягонага руху за незалежнасьць Індыі.
Навучаньне ў Вялікабрытаніі
рэдагаваць4 верасьня 1888 году васямнаццацігадовы Гандзі адплыў з Бамбэю ў Лёндан, дзе праз 3 гады атрымаў дыплём адвакату. Ён ня толькі ўдасканаліў веданьне ангельскай мовы, але авалодаў таксама яшчэ й францускай. У Лёнданскім унівэрсытэце й Школе права ён вывучаў юрыдычныя й натуральныя навукі. Малады Гандзі ў дасканаласьці авалодаў уменьнем апранацца па-эўрапейску й паводзіць сябе ў грамадзтве, ён нават браў урокі эўрапейскіх музыкі й танцаў. Як ні дзіўна, толькі ў Вялікабрытаніі й у перакладзе на ангельскую мову Гандзі азнаёміўся са сьвятымі кнігамі індуізму. Велізарнае ўражаньне зрабіла на яго кніга «Сьвятло Азіі», прысьвечаная будызму. Ён чытаў таксама каран, хрысьціянскія Стары й Новы Запаветы.
Паўднёвая Афрыка
рэдагавацьАтрымаўшы ў 1891 годзе юрыдычную адукацыю ў Вялікабрытаніі, Гандзі да 1893 году меў адвакацкую практыку у Бамбэі, дзе атрымаў значныя посьпехаў з прычыны добрага веданьня традыцыйных індыйскага й мусульманскага права, а таксама праз уласную сумленнасьць і сарамлівасьць.
У 1893 годзе па запрашэньні старэйшага брата Магатма пераехаў ў паўднёваафрыканскую правінцыі Квазулу-Натал. У 1893—1914 гадох ён працаваў юрысконсультам гуджарацкай гандлёвай кампаніі ў Паўднёвай Афрыцы. Тут Гандзі ўзначаліў барацьбу супраць расавай дыскрымінацыі й прыгнёту індыйцаў, арганізоўваў мірныя дэманстрацыі, пісаў пэтыцыі да ўраду. У 1894 годзе заснаваў Індыйскі кангрэс Наталу й пачаў барацьбу за прадастаўленьне індыйцам роўных грамадзянскіх правоў з паўднёваафрыканскімі белымі. У выніку паўднёваафрыканскім індыйцам атрымалася дамагчыся адмены некаторых дыскрымінацыйных законаў.
У 1904 годзе Гандзі пакінуў сваю адвакацкую практыку, якая прыносіла немалы прыбытак, купіў маёнтак паблізу Дурбану, дзе й пасяліўся разам зь сям’ёй і аднадумцамі. Яго прыцягвала сьціплае жыцьцё й паглыбленьне ў рэлігію. Ён чытаў рэлігійныя тэксты, завёў перапіску зь Львом Талстым. Гэты маёнтак стаў прататыпам ашрамаў, якія ён пасьля закладваў па ўсёй Індыі.
У Паўднёвай Афрыцы Гандзі выпрацаваў тактыку негвалтоўнага супраціву. Падчас другой ангельска-бурскай (1899—1902) і ангельска-зулускай (1906) войнаў Гандзі стварыў санітарныя атрады зь індыйцаў дзеля дапамогі брытанцам, хоць, па ягоным уласным прызнаньні, лічыў справядлівай барацьбу бураў і зулусаў. Свае дзеяньні ён разглядаў як доказ ляяльнасьці індыйцаў да Брытанскае імпэрыі, што, на думку Гандзі, магло пераканаць брытанцаў даць Брытанскай Індыі права на самакіраваньне.
Урад Наталу прапанаваў ў 1906 годзе ўвесьці абавязковую рэгістрацыю ўсіх індыйцаў. Гандзі склікаў масавы сход індыйцаў у тэатры Імпэрыял ў Яганэсбургу, дзе рэзка выступіў супраць зьневажальнай рэгістрацыі. Тады Гандзі ўпершыню зьвярнуўся да тактыкі негвалтоўнага супраціву. Індыйцы арганізавана й цьвёрда адмаўляліся падпарадкоўвацца закону. Перамовы спачатку не далі вынікаў, гэтак жа, як і паездка Гандзі ў Вялікабрытанію. Барацьба пачалася разам зь мітынгам у Яганэсбургу 1 студзеня 1908 году, дзе індыйцы дэманстратыўна спалілі позвы на рэгістрацыю. На гэтым мітынгу Гандзі ўпершыню быў арыштаваны. Толькі ў канцы наступнага году быў дасягнуты кампраміс, то бок індыйцам дазволілі рэгістравацца добраахвотна. Затым ён неаднаразова сядзеў у турме й у Афрыцы, і ў Брытанскай Індыі.
Барацьба за незалежнасьць Індыі
рэдагавацьПа вяртаньні на радзіму ў студзені 1915 году, Гандзі зблізіўся з партыяй Індыйскага нацыянальнага кангрэсу й неўзабаве стаў адным зь лідэраў нацыянальна-вызваленчага руху Індыі, ідэйным кіраўніком кангрэсу. Пасьля Першай сусьветнай вайны Гандзі й ягоныя пасьлядоўнікі выступілі на шматлюдных мітынгах з заклікамі да барацьбы супраць брытанскага панаваньня. Гэтую барацьбу Гандзі абмяжоўваў выключна негвалтоўнымі формамі, асуджаючы ўсялякі гвалт з боку рэвалюцыйнага народу.
Такая пазыцыя Гандзі адказвала інтарэсам індыйскай буржуазіі, і партыя Індыйскі нацыянальны кангрэс падтрымала яе цалкам. У 1919—1947 гадох Нацыянальны кангрэс пад кіраўніцтвам Гандзі ператварыўся ў масавую нацыянальную арганізацыю, якая мела падтрымку з боку народу. Прыцягненьне масаў у нацыянальна-вызваленчы рух зьяўляецца вялікай заслугай Гандзі й крыніцай ягонай велізарнай папулярнасьці.
Падчас Другой сусьветнай вайны Гандзі абвесьціў, што Індыя больш ня можа ўдзельнічаць у вайне за свабоду ў той час, калі ў самой Індыі ў свабодзе адмоўлена. Тады ён пачаў кампанію «Пакіньце Індыю». Гэта прывяло да гвалту й масавых арыштаў. Сам Гандзі быў арыштаваны 9 жніўня 1942 году, пад арыштам ён правёў наступныя два гады. За гэты час Гандзі перажыў дзьве цяжкія страты, як то памерла ягоная жонка й адданы сакратар Магадэў Дэсаі.
У рамках барацьбы за незалежнасьць Гандзі зьвярнуўся да байкоту брытанскіх тавараў (у прыватнасьці сукна), клапаціўся пра адраджэньне традыцыйных індыйскіх рамёстваў. Сымбалем барацьбы стаў традыцыйны індыйскі калаўрот. Індыйцы пачалі аддаваць перавагу таварам уласнай вытворчасьці, хоць яны былі горшай якасьці, чым брытанскія. У выніку гэтага Вялікабрытанія згубіла манаполію на соль, якую фактычна трымала ў падпарадкаваньні апошнія 300 гадоў.
Гандзі быў праціўнікам разьяднаньня Брытанскай Індыі паводле рэлігійнай прыкмеце на сувэрэнныя індуісцкую й мусульманскую дзяржавы. Менавіта таму, прысьвяціўшы жыцьцё барацьбе за самастойнасьць радзімы, ён адмовіўся ўдзельнічаць у цырымоніі першага ўздыму сьцяга незалежнай Індыі ў Дэлі. Калі пасьля падзелу краіны пачаліся масавыя канфлікты паміж індуістамі й мусульманамі, 13 траўня 1948 году Гандзі абвесьціў пра пачатак галадоўкі да сьмерці з патрабаваньнем спыніць гвалт. У выніку, дзякуючы заклікам і намаганьням лідэраў абедзьвюх рэлігійных абшчынаў гвалт быў згашаны.
Забойства
рэдагавацьПершы замах на жыцьцё Магатмы Гандзі адбыўся 20 студзеня 1948 году, праз два дні пасьля таго, як ён спыніў галадоўку. Ён зьвяртаўся да вернікаў зь веранды свайго дома ў Дэлі, калі ўцякач з Панджабу кінуў у яго самаробную выбухоўку. Прылада разарвалася за некалькі крокаў ад Гандзі, але ніхто не пацярпеў. Індыйскі ўрад, устрывожаны гэтым інцыдэнтам, настойваў на ўзмацненьні асабістай аховы Гандзі, але ён не жадаў нават слухаць пра гэта.
30 студзеня 1948 году Гандзі прачнуўся на досьвітку й узяўся за працу над праектам канстытуцыі, які трэба было прадставіць кангрэсу. Увесь дзень сышоў на абмеркаваньне з калегамі будучага асноўнага закону краіны. А падчас вечароваў малітвы разам зь вернікамі ён быў застрэлены сябрам антыўрадавай арганізацыі.
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьУ 2015 годзе пад час візыту прэзыдэнта Індыі ў Беларусь быў усталяваны помнік Магатме Гандзі ва ўнівэрсытэцкім гарадку Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту[13].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Mahatma Gandhi // Babelio (фр.) — 2007.
- ^ а б в г д е Mahatma Gandhi Biography // біяграфія
- ^ а б Mohandas Karamchand Gandhi // filmportal.de — 2005.
- ^ Google Books (мн.) — 2005. — С. 1—3.
- ^ Mohandas K. GandhiBiography (анг.) // IMDb — 1990.
- ^ JSTOR — 1995.
- ^ https://books.google.com/books?id=x-dsbNz7syQC&pg=PT12 — С. 12.
- ^ а б Gandhi Heritage Portal — 2013.
- ^ https://web.archive.org/web/20190303203819/https://gandhijayanti2017.com/mahatma-gandhi-family-tree/
- ^ а б в г http://wowmusings.blogspot.com/2006/12/how-many-children-did-mahatma-gandhi.html
- ^ https://gandhijayanti2017.com/mahatma-gandhi-family-tree/
- ^ Mohandas Gandhi (1869—1948). BBC
- ^ «Бюст Махатмы Гандзі адкрылі ў БДУ». Belarus.by
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Жыцьцё й дзейнасьць Магатмы Гандзі(недаступная спасылка) (рас.)
- Працы Гандзі. Праект «Гутэнбэрг» (анг.)
- Пра асбоу, барацьбу й вучэньне Гандзі (рас.)