Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага

архіў дакумэнтаў справаводзтва часоў ВКЛ
(Перанакіравана з «Літоўская Мэтрыка»)

Мэ́трыка Вялі́кага Кня́ства Літо́ўскага, Літоўская мэтрыка (лац. Acta/Metrica Magni Dusatus Lithuaniae, польск. Metryka Litewska; ад лац. matricula — «канцылярская кніга») — збор матэрыялаў (сшыткаў, кніг) канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага пэрыяду першай паловы XV — канца XVIII стагодзьдзяў. Гэта найбольш інфармацыйная комплексная крыніца з гісторыі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця і міжнароднай палітыкі ня толькі Беларусі, але й Летувы, Расеі, Украіны й Эстоніі.

Разварот аднае з кніг мэтрыкі з запісамі за 1511—1518 рокі

У склад Мэтрыкі ўваходзілі копіі дакумэнтаў, выдаваных ад імя вялікага князя, Рады, соймаў і неабмежаваных паводле часу захоўваньня[1]. Акрамя таго, у Літоўскую мэтрыку ўвайшлі таксама й некаторыя іншыя матэрыялы, у прыватнасьці справаводчыя дакумэнты мясцовых установаў, намесьніцкіх канцылярыяў, судовых установаў, арыгінальныя граматы, пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, сьпісы з маскоўскіх дыпляматычных дакумэнтаў[1]. Мова дакумэнтаў да пачатку XVIII ст. у асноўным беларуская, пазьней пераважна польская, сустракаецца таксама лаціна[2].

Справаводзтва рэдагаваць

Сыстэма справаводзтва Вялікага Княства Літоўскага з канца XIV стагодзьдзя ў асноўным брала прыклад з польскай Кароннай канцылярыі. У абедзьвюх канцылярыях стала рэгулярнай практыка вядзеньня кнігаў, куды заносіліся афіцыйныя копіі большасьці дакумэнтаў, выдадзеных галоўнаю канцылярыяй і падканцылярыяй (пад кіраўніцтва канцлера і падканцлера адпаведна). Адсюль бяруць пачатак паралельныя комплексы кнігаў, вядомыя як Літоўская мэтрыка і Каронная мэтрыка адпаведна.

Паняцьце «мэтрыка» выкарыстоўвалася ў ВКЛ як тэхнічны тэрмін для пазначэньня актавых кнігаў ці рэсурсаў, куды запісваліся копіі запісаў дакумэнтаў публічнага і прыватнаправавога характару XV—XVIII стагодзьдзяў, што выйшлі зь вялікакняскай канцылярыі й юрыдычна афармлялі палітычныя ды сацыяльна-эканамічныя стасункі між дзяржаваю і грамадзтвам, між рознымі слаямі апошняга. З канца XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў зьявілася разгорнутая назва «Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага». Вызначэньне «Літоўская мэтрыка» сустракалася ў мясцовых канцылярскіх кнігах, зь сярэдзіны XVII стагодзьдзя сыстэматычна ўжывалася ў варшаўскім архіўным справаводзтве, замацавалася ў пецярбурскіх і маскоўскіх архівах, а таксама ў беларускай, летувіскай, польскай і расейскай гістарыяграфіі XIX—XX стагодзьдзяў. З навуковага пункту гледжаньня найбольш слушная назва «Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага».

Апісаньне рэдагаваць

Мэтрыка стала асновай сьпярша вялікакняскага, а пасьля й галоўнага дзяржаўнага архіву Вялікага Княства. Дакумэнтамі мэтрыкі карысталіся ўсе дзяржаўныя органы, вярхоўная ўлада, прывілеяваныя саслоўі, мяшчане, магістраты, царква й іншыя суб’екты права. На патрэбу з дакумэнтаў мэтрыкі выдавалі юрыдычна зацьверджаныя копіі[1].

У часе Вялікай смуты ў Расеі(ru) ў склад Літоўскай мэтрыкі трапілі дакумэнты Царскага архіву, вывезеныя з Расеі польска-літоўскімі войскамі[3].

Спачатку падзелу на сэрыі, падобна да ўсталяванага ў Кароннай мэтрыцы парадку, у Літоўскай не было, хоць пэўныя адрозьненьні ў складзе кнігаў фіксаваліся. Калі Каронны і Літоўскі архівы трапілі ў Санкт-Пецярбург, Літоўская мэтрыка была падзеленая паводле прынцыпу Кароннае, аднак пры гэтым было дапушчана мноства недакладнасьцяў.

Цяпер захаваныя кнігі Літоўскай мэтрыкі зьберагаюцца пераважна ў Расейскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве, значная частка таксама знаходзіцца ў Галоўным архіве даўніх актаў(pl) у Варшаве, невялікіія зборы дакумэнтаў — у архівах і бібліятэках Вільні, Кіеву і Санкт-Пецярбургу.

Асноўная мова мэтрыкі рэдагаваць

Асноўны артыкул: Старабеларуская мова

Акадэмік Уладзімер Пічэта называў Літоўскую мэтрыку выдатным помнікам афіцыйнай беларускай мовы — дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага, што падтрымліваецца сучаснай беларускай навукай[2]. Дасьледнік Станіславас Лазутка(lt) называў моваю Мэтрыкаў старабеларускую. Іван Лапо апэраваў тэрмінам «літоўска-руская мова», а Міхаіл Ціхаміраў — «руская мова». Ганна Харашкевіч(ru) прапанавала тэрмін «сярэднявечная заходнеруская мова» ці «старабеларускаўкраінская мова». Прафэсар Зігмас Зінкявічус прапанаваў ужываць назву «славянская канцылярская мова ВКЛ». Доктарка Патрысія Кенэдзі Грымстэд(en) лічыць, што дзяржаўнай юрыдычнай і асноўнай канцылярскай мовай на ўсёй тэрыторыі ВКЛ цягам XV—XVI стагодзьдзяў была «руская» мова, якая існавала паралельна з моваю Маскоўскага княства як «своеасаблівы лінгвістычны папярэднік беларускай і ўкраінскай моваў».

Публікацыі рэдагаваць

Мэтрыка зьяўляецца адной з самых аўтарытэтных і паважаных крыніц па гісторыі ВКЛ. Некаторыя з дакумэнтаў мэтрыкі й іхнія часткі пачалі публікавацца з канца XVIII стагодзьдзя. Вялікія зборнікі матэрыялаў пачалі выходзіць у сьвет з 1830-х гадоў («Зборнік князя Абаленскага», ці «Кніга мэтрыкі амбасадара…», у 3-х тамах, зьмяшчае падрабязны рэестар кніг мэтрыкі па Анастасевічы(ru) (1817)). Іншымі вядомымі выдаўцамі матэрыялаў мэтрыкі былі Леантовіч, Прагаска, Бяршадзкі й іншыя.

Іншыя вядомыя публікацыі пэрыяду:

  • Акты Літоўскай мэтрыкі (Акты Литовской метрики, т. 1, в. 1—2, Варшава, 1896—1897).
  • Акты Заходняй Расеі (Акты Западной России, поўная назва: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. — СПб., 1846—1853).
Складаецца прыблізна з двух тысяч афіцыйных дакумэнтаў (ня ўсе з іх адносяцца ўласна да Мэтрыкі), апублікаваных у пяці тамах, якія ахопліваюць пэрыяд 1340—1699 (I: 1340—1506, II: 1506—1544, III: 1544—1587, IV: 1588—1632, V: 1633—1699).
  • Акты Паўднёвай і Заходняй Расеі (Акты Западной России, поўная назва: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. — СПб., 1846—1853).
Складаецца з афіцыйных дакумэнтаў (ня ўсе з іх адносяцца ўласна да Мэтрыкі), апублікаваных у пятнаццаці тамах, якія ахопліваюць пэрыяд 1361—1678. Тэматычна канцэнтруецца на XVII стагодзьдзі. Не ўключае першапачаткова польскія і лацінскія дакумэнты.
  • Расейская гістарычная бібліятэка, Т. 20, 27, 30, 33 (Русская историческая библиотека, т. 20, 27, 30, 33, Спб. — П., 1903—1915).
  • Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (Акты Литовско-Русского государcтва, в.1 — т.2, М., 1897—1899).
Складаецца з дакумэнтаў, у асноўным з мэтрыкі, якія ахопліваюць XIV—XVI стагодзьдзі, апублікаваныя Доўнар-Запольскім.
  • Маліноўскі. Зборнік матэрыялаў, зьвязаных з гісторыяй паноў-рады Вялікага Княства Літоўскага (Малиновский И. Сборник материалов, относящихся к истории панов-рады Великого Княжества Литовского, [ч. 1 — 2], Томск, 1901—1912).

У 1980-х — 1990-х роках пачалася новая хваля публікацыяў матэрыялаў Мэтрыкі, цяпер міжнароднымі, беларуска-летувіска-польска-расейскімі намаганьнямі.

Мэтрыка служыла асновай для твораў вядомых дасьледчыкаў гісторыі ВКЛ, напрыклад, Любаўскага, Доўнар-Запольскага, Максімейкі, Лапо, Пічэты, Маліноўскага, Лаўмянскага й іншых.

Навуковыя дасьледаваньні самой мэтрыкі пачаліся з працы Пташыцкага(pl) (1887). Іншыя вядомыя дасьледчыкі мэтрыкі: Беражкоў, Грымстэд, Сулкоўска-Курасёва.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2.
  2. ^ а б Лойка П. Што такое «Літоўская метрыка»? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 39.
  3. ^ Цеменкова, С. И. История архивов России с древнейших времён до начала XX века. — Екатеринбург: Издательство Уральского университета, 2015. — С. 33.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць