Лунінскі заказьнік
Лунінскі заказьнік — рэспубліканскі біялягічны заказьнік Беларусі, абвешчаны ў кастрычніку 1976 году на паўночным захадзе Лунінецкага раёну Берасьцейскай вобласьці ў якасьці заказьніка «Белае».
Лунінскі заказьнік | |
Плошча | 9283 га |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Геаграфічныя каардынаты | 52° пн. ш. 26° у. д. / 52° пн. ш. 26° у. д.Каардынаты: 52° пн. ш. 26° у. д. / 52° пн. ш. 26° у. д. |
Месцазнаходжаньне | Лунінецкі раён |
Утварэньне | 15 кастрычніка 1976 (48 гадоў таму) |
Лунінскі заказьнік |
Заснаваны дзеля аховы рэдкіх відаў жывёлаў і расьлінаў Беларускага Палесься. У заказьніку пераважалі хвойнікі, дубровы, дубова-грабавыя лясы і выспавыя ельнікі. Сустракаліся балоты і журавіньнікі, а таксама занесеныя ў Чырвоную кнігу расьліны: грыб-баран, клубняносная зубніца і горны купальнік, яйцападобны тайнік, вэнэрын чаравічак і чарамша (мядзьвежая цыбуля). У Белым возеры расьлі лябэлія Дортмана і азёрны палушнік[1]. Белае возера мела плошчу 22 га і дасягала 17 мэтраў у глыбіню. На яго берагах разьмяшчалі дзіцячыя аздараўленчыя летнікі. Пры гэтым, на ягоных берагах забаранялася разводзіць вогнішчы і пакідаць сьмецьце[2].
15 кастрычніка 1976 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 306 аб стварэньні дзяржаўнага краявіднага заказьніка «Белае». 27 лютага 1997 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 142 «Аб рэспубліканскім біялягічным заказьніку «Лунінскі», у які пераўтварылі заказьнік «Белае». Заказьнік месьціўся ў 4-х лясьніцтвах «Лунінецкай лясной гаспадаркі»: Лунінскім — 4028 гектараў, Лунінецкім (Боханава) — 2312 га, Бастынскім — 1628 га і Лабчанскім (Лунін) — 1288 га, а таксама займаў 27 га паверхні Чорнага возера. Заказьнік спачатку перадалі ў кіраваньне Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі[3].
Пры заснаваньні ў 1976 годзе заказьнік займаў 115 га ў Лунінецкім лясьніцтве і прызначаўся для захаваньня месцаў росту лябэліі Дортмана. У 1994 годзе яго плошчу пашырылі да 94-х кв.км у сувязі з выпасам жывёлы і засьмечаньнем берагоў Белага возера. У 1997-м стаў біялягічным заказьнікам пасьля дасьледаваньня адмыслоўцамі інстытуту «Палесьсе гідраводгас» (Пінск). Заказьнік уваходзіў у Пінска-Прыпяцкі геабатанічны раён падзоны шыракалісьцехваёвых лясоў. Век дуброваў дасягаў 140 гадоў. Чыстыя дубровы і мяшаныя з грабавымі лясамі займалі 286 га. Найстарэйшыя дубровы месьціліся на дзярновых супясчаніках з травяным покрывам з папараці арляку і лекавай купены, звычайнай сныці і дубраўнага курасьлепу, двухлісьцевага майніку і малінаў. Пераважалі чыстыя хвойнікі і з дамешкам бярозы, елкі і чорнай вольхі. У іх знаходзіліся цецеруковыя такавішчы і балоты-журавіньнікі, Чыстыя балоты займалі 106 га. Жывёльны сьвет налічваў 140 відаў птушак, зь іх 74 рэдкіх, а таксама 13 відаў сысуноў, 7 відаў земнаводных і 5 відаў паўзуноў. Расьлінны сьвет улучаў каля 200 відаў лекавых расьлінаў. Рэдкімі відамі жывёлаў былі: барсук і арол-вужаед, барадатая кугакаўка[4] і скапа, арэшнікавая соня і пугач. Агулам налічвалася 40 відаў жывёлаў і расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу. З 2000-х гадоў заказьнікам загадваў Лунінецкі раённы выканаўчы камітэт[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ П.І. Лабанок. Лунінскі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 370. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9
- ^ Што паглядзець у Лунінецкім раёне // «Будзьма беларусамі», 4 лютага 2022 г. Праверана 1 ліпеня 2022 г.
- ^ Сяргей Лінг. Пастанова Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 лютага 1997 г. № 142 «Аб рэспубліканскім біялягічным заказьніку «Лунінскі» // «Лунінецкая лясная гаспадарка», 2022 г. Праверана 1 ліпеня 2022 г.
- ^ Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь // Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, 2023 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
- ^ Іван і Ларыса Панасюкі. Заказьнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны // Партал «Лунінеччына» (Сяргей Сахвон), 1 студзеня 2021 г. Праверана 1 ліпеня 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |