Катэдра сьвятога Міхала (Ціндао)

рыма-каталіцкі храм у Ціндао (Кітай)
Рыма-каталіцкі касьцёл
Катэдра сьвятога Міхала
圣弥爱尔大教堂
Краіна Кітай
Месцазнаходжаньне Шаньдун
Каардынаты 36°4′4″ пн. ш. 120°18′56″ у. д. / 36.06778° пн. ш. 120.31556° у. д. / 36.06778; 120.31556Каардынаты: 36°4′4″ пн. ш. 120°18′56″ у. д. / 36.06778° пн. ш. 120.31556° у. д. / 36.06778; 120.31556
Канфэсія Рыма-каталіцтва
Эпархія Дыяцэзія Ціндао 
Архітэктурны стыль нэараманскі
Аўтар праекту Альфрэд Фрэбэль, SVD
Дата заснаваньня 1934
Будаваньне 19311934 гады
Асноўныя даты:
Апошні плябан біскуп Язэп Лі Міншу
Статус катэдра
Стан дзейная
Катэдра сьвятога Міхала на мапе Кітаю
Катэдра сьвятога Міхала
Катэдра сьвятога Міхала
Катэдра сьвятога Міхала
Катэдра сьвятога Міхала на Вікісховішчы

Катэ́дра сьвято́га Міха́ла (па-кітайску: 圣弥爱尔大教堂, піньінь: Shèng Mí'ài'ěr Dàjiàotáng) — каталіцкі касьцёл у Ціндао (правінцыя Шаньдун, Кітай). Помнік нэараманскай архітэктуры, збудаваны нямецкімі місіянэрамі Слова Божага ў старой частцы Ціндао — Шынаньскім раёне. У пачатку 1950-х рокаў усе замежныя місіянэры былі выгнаныя з Кітаю, а ў часе Культурнай рэвалюцыі (1966—1976) катэдра была закрытая і пашкоджаная. У 1981 кітайскія ўлады аднавілі касьцёл і адкрылі яго для набажэнстваў; з 1992 будынак занесены ў Сьпіс гісторыка-культурных славутасьцяў Шаньдунскай правінцыі.

Мінуўшчына

рэдагаваць

Пасьля паразы Кітаю ў Першай опіюмнай вайне краіна «нераўнапраўнымі дамовамі» была гвалтоўна адкрытая для замежнага гандлю; тут атабарыліся брытанскія, францускія, амэрыканскія, партугальскія, нямецкія, японскія ды расейскія кампаніі. У дамоўных портах паўставалі замежныя клюбы, цэрквы, іпадромы, непадкантрольныя мясцовым уладам.

У 1898 року нямецкі ўрад падпісаў дамову, паводле якой атрымліваў у арэнду на 99-гадовы тэрмін тэрыторыю плошчай 552 км² у імпэрскай правінцыі Шаньдун з адміністрацыйным цэнтрам у Ціндао. Тады гэта была маленькая рыбацкая вёска, якую немцы ператварылі ў падабенства нямецкіх местаў з шырокімі дарогамі, мураванымі жылымі раёнамі, электрыфікацыяй, каналізацыяй і водаправодам. За кароткі тэрмін тэрыторыя стала лідэрам у Кітаі паводле колькасьці школаў і студэнтаў на душу насельніцтва.

У 1882 року ў Кітаі зьявіліся браты першага нямецкага місіянэрскага ордэну Слова Божага. У Ціндао яны зьявіліся ў 1899 року, калі набылі тут зямлю для будаўніцтва храму. У 1902 быў збудаваны будынак місіі, а дагэтуль набажэнствы адбываліся ў часовай капліцы побач з даасісцкім храмам, у якім жыў біскуп Ціндао. Да 1907 у ордэне налічвалася 35 378 каталікоў і 36 367 катэхетаў.

Пляны па збудаваньні касьцёлу былі перарваныя японскай акупацыяй у пачатку Першай сусьветнай вайны. Толькі ў 1922 року Ціндао вярнуўся пад кітайскую юрысдыкцыю. У 1925 року была заснаваная апостальская прэфэктура Ціндао. У 1931 року пачалося ўзьвядзеньне касьцёлу, але не ў першапачатковым гатычным, а ў нэараманскім стылі паводле праекту айца Альфрэда Фрэбэля. Пасьля прыходу да ўлады ў Нямеччыне Адольф Гітлер забараніў вывад грошай за мяжу, і будаўніцтва працягвалася ўласнымі коштамі дыяцэзіі, з-за чаго давялося спрасьціць першапачатковы плян. Будаўніцтва скончылася ў 1934 року, і 28 кастрычніка катэдра была асьвячаная ў імя арханёла Міхала.

Пасьля Другой сусьветнай вайны выбухнула грамадзянская (1946—1949), і 2 чэрвеня 1949 року ў Ціндао ўвайшла Народна-вызвольная армія Кітаю. Біскуп Ціндао пераехаў на Тайвань увасьлед за ўрадам Гаміньдану.

Пасьля ўсталяваньня камуністычнага рэжыму Кітай пачаў пазбаўляцца заходняй культуры і тавараў. У пачатку 1950-х з краіны былі выгнаныя практычна ўсе місіянэры, іхнія ўстановы закрытыя. У 1953 року, адбыўшы 22 месяцы турмы, быў дэпартаваны ў Нямеччыну і біскуп дыяцэзіі Ціндао. Катэдра была закрытая ўладамі, хоць фактычна біскуп Аўгустын Ольбэрт заставаўся на пасадзе да свайго скону ў 1964 року. З 1955 пачаліся арышты мясцовых каталіцкіх сьвятароў, манахаў і вернікаў.

У часе Культурнай рэвалюцыі (1966—1976) зь вежаў катэдры сьвятога Міхала былі зьнятыя крыжы; хунвэйбіны зьнішчылі арган з 2400 трубаў, які зьяўляўся другім паводле памераў у Азіі; у будынку царквы разьмясьціўся склад. Зьнятыя крыжы былі схаваныя каталікамі.

У 1979 року IX зьезд Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі асудзіў Культурную рэвалюцыю. Пасьля гэтага кітайскі ўрад вылучыў грошы на аднаўленьне сьвятыні. Былі вырабленыя новыя крыжы для шпіляў, і касьцёл быў паўторна адкрыты для набажэнстваў у красавіку 1981 року. У 1988 року дзяржаўнае Патрыятычнае згуртаваньне кітайскіх каталікоў прызначыла без папскай згоды біскупам Ціндао Поля Ханя Сірана. У 1992 катэдра ўнесеная ў Сьпіс мясцовых гісторыка-культурных славутасьцяў Шаньдунскай правінцыі.

У траўні 1999 року царква была адкрытая для турыстаў, за выключэньнем часу правядзеньня набажэнстваў. У 2005 року падчас водаправодных працаў у зямлі былі знойдзеныя арыгінальныя крыжы, закапаныя недалёка ад касьцёлу. Цяпер яны захоўваюцца ў паўночным трансэпце.

З 2000 року біскупам Ціндао зьяўляецца Лі Міншу (у сьвятарстве «Язэп»), які ў 1963—1968 роках быў увязьнены за веру ў працоўным лягеры.

Архітэктура

рэдагаваць

Экстэр’ер

рэдагаваць

Катэдра стаіць на ўзвышэньні ў цэнтры старога места Ціндао, па адрасе вуліца Чжэцзян, 15 (раней Брэменская) на ўсходнім баку вуліцы Чжуншань, у раёне Шынань(zh). Храм збудаваны ў нямецкім рамантычным стылі, у пляне мае форму крыжа — да цэнтральнага нэфу з абодвух бакоў прыбудаваныя меншыя; з усходняга боку знаходзіцца паўкруглая апсыда.

Даўжыня катэдры складае 65,9 м, шырыня трансэпту — 37,6 м, вышыня — 18 м. Вежы вышынёй 56 м з шпілямі(de), на якіх пастаўленыя крыжы 4,5 м вышынёю. У адной зь вежаў знаходзіцца вялікі звон, у трох астатніх — меншыя.

Фасад вышынёю 30 м мае тры парталы з ружай над цэнтральным зь іх. Матэрыялы будынку — жалезабэтон і граніт, дах пакрыты чырвонай дахоўкай.

Інтэр’ер

рэдагаваць
 
Інтэр’ер храма

Агульная плошча падлогі катэдры сьвятога Міхала складае 2740 м². Слупы ды аркі нэараманскага храму выкананыя ў нэаклясычным стылі. Над 12-мэтровым нэфам і трансэптам знаходзіцца кесонная столя. Вузкія скляпеньні над бакавымі нэфамі такія нізкія, што нэфы падобныя да крытых аркадаў. Хроставая купель і статуі падпісаныя па-ангельску і кітайску.

На ўсходнім канцы нэф пераходзіць у высокую апсыду. Бакавыя нэфы працягваюцца вакол яе, утвараючы арку. Ніжэй аркі пад арнамэнтаваным балдахінам разьмешчаны галоўны алтар. На ківорыі лацінскі надпіс Venite Adoremus Dominum (бел. Прыйдзіце пакланіцца Госпаду). У прэзьбітэрыюме стаіць другі, пераносны альтар, на якім адбываецца большасьць набажэнстваў.

Фрэска на купале апсыды паказвае сядзячага на воблаку Ісуса, зь німбу якога выходзяць чырвоныя і залатыя промні. Зь верхняга воблака на яго паглядае Бог Айцец у выглядзе сівабародага чалавека ў трыкутным німбе. Пад ім лётае голуб у белым німбе, які прадстаўляе Сьвяты Дух, давяршаючы Троіцу. Над Хрыстом лётаюць чатыры херувімы. Па правы бок ад яго сядзіць маці Марыя, па левы бок — сьвяты Ян Хрысьціцель. Разам з Хрыстом на воблаку сядзяць па тры анёлы, а крыху далей ад Марыі й Яна на сваіх аблоках кленчаць і кадзяць анёлы. Унізе карціны надпіс «Gloria in Excelsis Deo».

Да Алімпійскіх гульняў 2008 року ў касьцёле быў усталяваны 12-мэтровы арган коштам 700 тыс. эўра.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Катэдра сьвятога Міхала (Ціндао)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў