Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля (Мікалаеўшчына)

помнік архітэктуры XVII ст. у Мікалаеўшчыне (Беларусь)
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля
Краіна Беларусь
Вёска Мікалаеўшчына
Канфэсія Каталіцтва
Эпархія Наваградзкі дэканат 
Тып будынка Касьцёл
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Аляксандар Людвік Радзівіл
Першае згадваньне 1628
Дата заснаваньня 1652
Дата пабудовы 1652 год
Рэліквіі і сьвятыні Абразы «Ўкрыжаваньне» і «Зьвеставаньне»
Стан страчаны

Касьцё́л Сьвято́га Я́на Хрысьці́целя — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Мікалаеўшчыне. Знаходзіўся ў цэнтры мястэчка, на Грудку. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зьнішчылі будынак касьцёла дзеля будаваньня царквы-мураўёўкі. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з рысамі барока.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Касьцельны запіс аб нараджэньні і хрышчэньні дзеда Якуб Коласа, 1820 г.

Першы дакладна вядомы касьцёл, збудаваны ў Мікалаеўшчыне, упершыню ўпамінаецца ў інвэнтары Нясьвіскай ардынацыі, складзеным у 1628 годзе. Хутчэй за ўсё, ён быў драўляным і патрабаваў аднаўлення, таму у 1652 годзе з фундацыі тагачаснага ўладальніка мястэчка, маршалака вялікага літоўскага нясьвіскага ардыната Аляксандра Людвіка Радзівіла збудавалі новы драўляны (паводле некаторых зьвестак — мураваны[1]) касьцёл, асьвечаны ў гонар Яна Хрысьціцеля. Новы касьцёл меў шэсьць валокаў зямлі і штогадовае ахвяраваньне грошай[1]. На 1784 год ён быў цэнтрам утворанай парафіі Наваградзкага дэканату Менскай дыяцэзіі[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Мікалаеўшчына апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У 1812 годзе будынак касьцёла рамантаваўся[3]. У 1830 годзе касьцёл згадваўся як «пахілены ад старасьці»[4]. На 1863 годзе налічвалася 600 парафіянаў[1].

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл, які неўзабаве перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У рапарце прызначанага сюды сьвятара Пятра Трускоўскага зьвярталася ўвага на тое, што мястэчка знаходзіцца сярод каталіцкага насельніцтва, касьцёл у ім «драўляны, крэпкі, пабудаваны алтаром на ўсход, звонку прыгожы, з двума купаламі, годны да пераробкі ў праваслаўную царкву»[5], аднак у 1868 годзе расейскія ўлады разабралі будынак касьцёла і збудавалі на яго месцы царкву-мураўёўку, пазьней таксама зьнішчаную — ужо савецкімі ўладамі. Апошняга ксяндза Войцеха Стэцкага расейскія ўлады выслалі на Ўрал, адкуль, паводле зьвестак 1889 году, ён так і не вярнуўся[1].

Пазьней, у 1878 годзе, у апісаньні прыходу царквы, збудаванай замест даўняга касьцёлу, заўважалася, што «як пераведзеныя ў большасьці з каталіцтва, не зусім яшчэ засвоілі абраднасьці і патрабаваньні праваслаўнай веры»[6].

Найноўшы час

рэдагаваць

У міжваенны час, калі Мікалаеўшчына ўваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі, каталіцкая парафія адраджалася, але ў мястэчку дзеяла толькі царква[3].

Архітэктура

рэдагаваць

Помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з рысамі барока. Інвэнтар 1653 году паказвае яго найдаўнейшую паліганальную структуру. У пляне быў прастакутным 2-купальным будынкам. Найбольш ушанаваныя рэліквіі: чатыры алтары з абразамі «Укрыжаваньне» і «Зьвеставаньне» і скульптурамі сьвятых Юрыя, Якуба, Станіслава і Казімера[4].

Захаваліся касьцельныя мэтрыкі, напісаныя лацінскай мовай, на падставе якіх дасьледнікі высьветлілі, што продкі беларускага паэта Якуба Коласа былі каталікамі[7] і вызначылі яго радавод. Знайшліся зьвесткі пра прапрадзеда Лявона Міцкевіча (спачыў у веку 41 году на парафіяльных могілках 18 верасьня 1797 году), прадзеда Міколу Міцкевіча (нарадзіўся 29 красавіка 1790 году, пражыў 51 год), бабулю па мячы (Домна, прыкладна 1796 году), яе сына, Коласавага дзеда (Казімер Міцкевіч, народжаны ў 1821 годзе), яго жонку (Ганна Белая, таксама 1821 году нараджэньня). Ад шлюбу апошніх, які адбыўся 14 ліпеня 1840 году, нарадзіўся Міхась Міцкевіч — бацька Якуба Коласа.

Прапрадзедам з боку маці быў Ігнась Лёсік, сын якога Язэп (прадзед Коласа) нарадзіўся 2 сакавіка 1791 году. Ён двойчы браўся шлюбам: спачатку з Альжбетай (памерла ў 1823 годзе), другі раз — з Даміцэляй Галавачанкай. Сын ад другога шлюбу Юры ажаніўся з Крыстынай Лёсік 8 верасьня 1857 году, пра што сьведчыць мэтрыка касьцёла за 1849—1862 гады. Дачка Юрыя і Крыстыны Лёсікаў Ганна Міцкевіч — маці Якуба Коласа.

  1. ^ а б в г Kartka z dziejow kosciola katolickiego. Biskupstwo Minskie. — Kraków, 1889. S. 114.
  2. ^ Opisy parafii dziecezji wilenskiej z 1784 roku. T. 2: Dekanat Minsk. — Białystok, S. 110.
  3. ^ а б Мікалаеўшчына — парафія Cв. Яна Хрысціцеля і св. Андрэя, апостала, CCatholic.by
  4. ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Стаўбцоўскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004.
  5. ^ О переходе жителей села Николаевщина в православие
  6. ^ Описаніе церквей и приходовъ Минской епархіи. Минскій уездъ. — Менск: Типо-Литографія Б.И. Соломонова, 1878. — С. 104-105. — 175 с.
  7. ^ Радавод Якуба Коласа

Літаратура

рэдагаваць