Міхась Міцкевіч (бацька Якуба Коласа)

бацька Якуба Коласа
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Міцкевіч.

Міха́сь Казі́меравіч Міцке́віч (1850, в. Мікалаеўшчына Стаўпецкага павету — 8 лютага 1902, Мікалаеўшчына) — лясьнік Нясьвіскай ардынацыі князя Радзівіла, бацька Якуба Коласа і Міхася Міцкевіча.

Міхась Міцкевіч
Партрэт аўтарства Лазара Рана
Імя пры нараджэньні Міхась Казімеравіч Міцкевіч
Род дзейнасьці лясьнік Нясьвіскай ардынацыі
Дата нараджэньня 1850(1850)
Месца нараджэньня вёска Мікалаеўшчына Стаўпецкага павету
Дата сьмерці 8 лютага 1902
Месца сьмерці вёска Мікалаеўшчына Стаўпецкага павету
Месца пахаваньня
Занятак плытагон, лясьнік
Бацька Казімер Міцкевіч
Маці Ганна Міцкевіч
Жонка Ганна Міцкевіч
Дзеці Кастусь, Міхась, Уладзь, Алесь, Міхаліна, Юзэфа, Алена, Язэп, Марыя

Біяграфія

рэдагаваць

Міхась Міцкевіч нарадзіўся ў сям’і Казімера Мікалаевіча Міцкевіча, нёманскага плытагона і яго жонкі Ганны. Верагодна, быў ахрышчаны ў Мікалаеўскім касьцёле[1]. У бацькоў Міхася таксама меліся чатыры сыны і дзьве дачкі. Сям’я жыла бедна і дапамагчы грашыма Міхасю не магла. Спачатку ён падрабляў пастухом, нарыхтоўваў лес на сплаў, ганяў плыты па Нёмане. Ягоны брат Яўхім служыў конюхам у Нясьвіскім палацы. Аднойчы ў лесе, на паляваньні, ён выратаваў князя Антона Вільгельма Радзівіла ад падраненай мядзьведзіцы, а празь нейкі час выцягнуў і княжага слугу, кухара-француза, які купаўся і ледзь не патануў у возеры. Князь сказаў: «Прасі што хочаш. Усё для цябе зраблю». І Яўхім папрасіў, каб князь узяў на службу яго брата Міхала. Так Коласаў бацька трапіў у Акінчыцкую лясную камору. Службовы фармуляр лясьніцтва сьведчыць: «Міхась Міцкевіч у выкананьні абавязкаў — старанны, акуратны; характарам — спакойны; не штрафаваўся і вымоў не атрымліваў»[2].

 
Фармуляр князя Радзівіла, дзе пазначаны вартаўнік Міхал Міцкевіч

Пісьменьнік у сваёй аўтабіяграфіі ўзгадваў:

  Бацька мой, Міхаіл Казіміравіч Міцкевіч, быў лесніком. Чалавек ён быў невялікай адукацыі: умеў распісацца, чытаць па-польску і па-руску. Разбіраў нават і рукапіс.  

Якуб Колас«Аўтабіяграфія» (1930)[2]

У 1878 годзе пабраўся шлюбам з аднавяскоўкай Ганнай Лёсік. Ад гэтага шлюбу нарадзілася 9 дзяцей: Уладзь (1879—1954), Алесь (1880—1940), Кастусь (1882—1956), Міхаліна (1887-?), Юзэфа (1891—1964), Алена (1893-?), Язэп (1895—1980), Міхась (1897—1991), Марыя (1900-?)[3].

У Акінчыцкай лясной каморы, дзе сям’я жыла зь 1 красавіка 1881 да 1 красавіка 1883 году, 3 лістапада 1882 году нарадзіўся трэці сын — будучы клясык беларускай літаратуры Якуб Колас. У 1885 годзе разам зь сям’ёй быў пераведзены ў лесьнічоўку Ласток, дзе служыў да 1890 году, пасьля чаго пераехаў у Альбуцкую лясную камору (узгадана ў «Новай зямлі» пад назвай Парэчча). Памёр у Альбуці ў 1902 годзе. Пахаваны на могілках Церабяжы ў Мікалаеўшчыне. Па ўспамінах сястры Якуба Коласа Алены, ніхто са знаёмых ня быў на яго пахаваньні: ні паны, ні лясьнічыя, ні аб’езчыкі[4].

Язэп Міцкевіч, сын Міхася, які працаваў наглядчыкам Коласавага музэю ў Смольні, так успамінаў аб бацьку:

  Бацька, маючы вялікую сям’ю, служыў шчыра, заўсёды выходзіў з дому рана, да дня, калі мы яшчэ спалі. Служба нашага бацькі была жорсткая. Ён імкнуўся ўсімі сіламі пазбавіцца гэтай службы. Але не давялося збыцца бацькавым марам. Ён памёр у гэтай жа самай Альбуці ў 1902 годзе. Памёр маладым, меў усяго 52 гады жыцьця.  

—Язэп Міцкевіч [4]

Вобраз Міхася Міцкевіча ў творчасьці Якуба Коласа

рэдагаваць

У паэме «Новая зямля» вобраз Міхася Міцкевіча — галоўны ў творы. Ён паказаны клапатлівым і спагадлівым чалавекам. Міхась зь маленства працуе не шкадуючы сіл, здароўя. Ён ахоўвае лес, даглядае статак, «правіць» сенакосы, «ставіць» рабочых, выконвае шматлікія загады і даручэньні пана лясьнічага. У працы ён знаходзіць задавальненьне, верыць у яе як аснову жыцьця і дабрабыту, спадзяецца сваімі рукамі здабыць сваё шчасьце. Дзякуючы руплівай і стараннай працы, неабжытыя і занядбалыя куткі, у якіх апынаецца герой паэмы, становяцца ўтульнымі і квітнеючымі. Міхась — яскравы вобраз беларуса, які нясе ў сабе лепшыя рысы нацыянальнага характару — працавітасьць, прагу свабоды і справядлівасьці, высакародзтва, высокую духоўнасьць, цярплівасьць, дабрыню і пачуцьцё чалавечай годнасьці, жаданьне жыць у згодзе зь суседзямі, дапамагаць бліжняму[5].

  1. ^ Архіўныя дакументы і матэрыялы пра Якуба Коласа(недаступная спасылка)
  2. ^ а б Мікола Маляўка. Коласаў абярэг / Мікола Маляўка.- Мінск: Маст.літ., 2011.- 214 с.
  3. ^ Якуб Колас. Альбом. Складальнікі: Д. К. Міцкевіч, М. У. Базарэвіч, І. С. Курбека, М. І. Пратасевіч. — Народная асвета, 1973. − 191 с.
  4. ^ а б Генадзь Тумас. Родны бераг песняра / Генадзь Тумас.- Мінск: Полымя,1982.- 30 с.
  5. ^ Міхась Мушынскі. Прадмова «Яна – асноўная паэма ва ўсёй маёй творчасьці» // Якуб Колас Новая зямля : CD. — Менск: Мастацкая літаратура, 2008.

Літаратура

рэдагаваць
  • Мікола Маляўка Коласаў абярэг. — Мінск: «Мастацкая літаратура», 2011. — С. 3—16. — 214 с. — 1200экз. ас.
  • Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч, Мікалай Уладзіміравіч Базарэвіч, Іван Сцяпанавіч Курбека, Міхась Іванавіч Пратасевіч Якуб Колас. Альбом. — Менск: «Народная асвета», 1973. — С. 20-21. — 191 с. — 18 000экз. ас.
  • Генадзь Тумас Родны бераг песняра. — Менск: «Полымя», 1982. — С. 3-7. — 30 с. — 3000экз. ас.