Канстанцкі сабор
Канста́нцкі сабо́р 1414—1418 гадоў — сабор каталіцкай царквы (афіцыйна — 16-ы ўсяленскі) у паўднёванямецкім горадзе Канстанц, скліканы з мэтай пакласьці канец яе расколу.
Агульная інфармацыя
рэдагавацьНа момант пачатку сабору дзейнічалі тры папы і асаблівы размах набылі розныя «ерасі» — пасьлядоўнікаў Яна Гуса ў Чэхіі, Дж. Ўікліфа ў Ангельшчыне і да т. п., барацьба зь якімі з ініцыятывы германскага імпэратара Жыгімонта (Сігізмунда) і антыпапы Яна XXIII выйшла на першы плян у дзейнасьці Канстанцкага сабору. У 1415 годзе на саборы быў асуджаны і спалены Ян Гус, што стала штуршком да сэрыі гусіцкіх войнаў у Цэнтральнай Эўропе. У 1417 годзе скасаваныя паўнамоцтвы ўсіх ранейшых папаў і абраны адзіны папа Марцін V. На шостай сэсіі сабору было абвешчана вяршэнства сабораў над папамі, правы і даходы якіх мусілі быць істотна ўрэзаныя.
З пункту гледжаньня каталіцкага кананічнага права тое, што гісторыкі называюць Канстанцкім саборам, — гэта два розныя пасьлядоўныя біскупскія сходы. Першы зь іх, скліканы імпэратарам і антыпапам, лічыцца нядзейсным, таксама і ўсе яго пастановы, уключаючы пастанову пра вяршэнства сабораў над папамі. Сапраўдны сабор з гэтага пункту гледжаньня пачынаецца зь яго афіцыйнага аб’яўленьня сапраўдным папам Рыгорам XII. Рыгор XII пагадзіўся з тым, што толькі адмова ўсіх старых прэтэндэнтаў ад папскага пасаду можа прымірыць Царкву, і пакінуў пасад, такім чынам даўшы дарогу для выбару новага Папы.
Удзел ВКЛ
рэдагавацьКанстанцкі сабор быў і найбуйнейшай дыпламатычнай сустрэчай, на якой вырашаліся найважнейшыя міжнародныя пытаньні, перш за ўсё зьвязаныя з прэтэнзіямі імпэратара Сігізмунда на палітычную гегемонію ў Эўропе. Актыўны ўдзел у працы Канстанцкага сабору прымала ВКЛ, аўтарытэт якога пасьля Вялікай вайны 1409—1411 гадоў значна ўзрос. Вялікі князь Вітаўт некалькі разоў накіроўваў у Канстанц свае дэлегацыі. Так, у 1415 годзе падольскі стараста Гедыгольд прапаноўваў перавесьці Тэўтонскі Ордэн, які згубіў фармальныя падставы для сваёй дзейнасьці ў Прыбалтыцы пасьля хрышчэньня Жмудзі ў 1413 годзе, бліжэй да Асманскай імпэрыі — у Паўночнае Прычарнамор’е ці на Кіпр і абвяргаў абвінавачваньні ў патаемным супрацоўніцтве Вітаўта з асманамі.
1416—1417
рэдагавацьУ 1416 годзе значная ўвага была ўдзеленая Канстанцкім саборам спрэчкам паміж ВКЛ і Ордэнам за Жмудзь: 13 лютага разглядалася скарга (Proposіcіo Samaytarum) ахрышчаных жмудзінаў на ўціск з боку крыжакоў, якія працягвалі свае рабаўнічыя наезды, апрацаваная польскім юрыстам Паўлам Уладковічам, прафэсарам Кракаўскай акадэміі. 17 чэрвеня 1416 году сабор прыняў кампраміснае рашэньне па справе Жмудзі, паводле якога ў адміністрацыйным дачыненьні яна падпарадкоўвалася імпэратару Сігізмунду (гэта значыла фактычна Ордэну), а ў царкоўным — польскім і літоўскім біскупам (было вырашана стварыць асобную дыяцэзію). 11 жніўня 1416 году львоўскі арцыбіскуп Ян Жэшоўскі і віленскі біскуп Пётар Ястрэмбец былі прызначаныя дэлегатамі Канстанцкага сабору, якія мусілі зьдзейсьніць гэтыя рашэньні на месцы, працягнуць хрышчэньне жмудзінаў, арганізаваць дыяцэзію і пачаць пабудову катэдральнага касьцёлу. У 1417 годзе на Канстанцкім саборы прысутнічаў «герцаг Павал з сапраўднай Русі, падначалены герцагу Вітаўту».
1418
рэдагавацьАсабліва прадстаўнічая дэлегацыя на чале з Кіеўскім мітрапалітам Рыгорам Цамблакам была накіраваная ў Канстанц у 1418 годзе. У яе ўваходзілі праваслаўныя япіскапы з розных япархіяў ВКЛ і Малдовы, а таксама сьвецкія прадстаўнікі Кіеву, Смаленску, Вялікага Ноўгараду і іншых гарадоў. Яе мэтай было заключэньне уніі паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі на тэрыторыі ВКЛ, а таксама прызнаньне сюзэрэнітэта Вітаўта над Малдовай і Вялікім Ноўгарадам (у выніку гэтых захадаў Марцін V прызначыў яго генэральным вікарыем Ноўгараду). У лютым 1418 мітрапаліт Цамблак прысягнуў Марціну V ад імя праваслаўнай Царквы ВКЛ. Спроба уніі, аднак, засталася нерэалізаванай з-за супраціўленьня праваслаўнага духавенства ВКЛ і пазыцыі канстантынопальскага патрыярхату.
«Хроніка Канстанцкага сабору»
рэдагавацьКаштоўнай крыніцай для вывучэньня гісторыі Беларусі і ВКЛ зьяўляецца «Хроніка Канстанцкага сабору» баварца Ульрыха фон Рыхенталя, у якой, у прыватнасьці, неаднакратна згадваецца Белая Русь. Так, апісваючы ўрачысты ўезд дэлегацыі Кіеўскага мітрапаліта Р.Цамблака 19 лютага 1418 году, храніст занатаваў: «У суботу, на 19 дзень месяца лютага, прыехаў высакародны пан Георг, архібіскуп Кіеўскі, з краіны Белай Русі, са Смаленску». Пазбаўлены Вітаўтам улады апошні нашчадак вялікага смаленскага княжаньня Фёдар Юр’евіч, у 1404—1412 гадах служылы князь Вялікага Ноўгараду, фігуруе ў хроніцы як «Фёдар, герцаг Белай Русі і гаспадар Смаленску». Яшчэ ў адным месцы Рыхенталь вылучае тры «катэгорыі» рускіх: «сапраўдныя рускія, чырвоныя рускія, белыя рускія; краіна і горад Вялікі Ноўгарад, якія ёсьць хрысьціянскімі». Хроніка Рыхенталя пацьвярджае разуменьне Белай Русі як сыноніму Вялікага Ноўгараду, характэрнае перш за ўсё для нямецкамоўнай літаратуры XIII—XVI стагодзьдзяў. У дададзеным да хронікі гербоўніку зьмешчаныя каляровыя выявы гербоў Фёдара і Вітаўта.
Літаратура
рэдагаваць- Алесь Белы // . — Мн.: .
- Ulrichs von Richental Chronik des Constanzer Concils 1414 bis 1418. Herausgegeben von M. R. Buck. Tuebingen, 1882.
- Piekosinski F. Gosci polscy na soborze Konstancyiskim // Rozprawy Akademii umiejetnosci. Wydzial historyczno-filozoficzny. Ser. II, T. 12 (37). Krakow, 1899.
- Chodynicki K. Kosciol prawoslawny a Rzeczpospolita Polska. Warszawa, 1934.
- Грабарь В. Э. Вселенские соборы западно-христианской церкви и светские конгрессы XV в. // Средние века. Вып. 2, 1946.
- Ulrich Richental. Das Konzil zu Konstanz. Faksimileausgabe. Starnberg — Konstanz — Stuttgart, 1964.
- Begunov Ju. Weisse Rus und Weissrussen in einer Deutschen Chronik des 15. Jahrhunderts // Forschungen zur Osteuropaeischen Geschichte. B. 27. Berlin, 1980.
- Blaszczyk Gr. Diecezja żmudzka od XV w. do poczatku XVII w. Ustroj // Universitet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Ser. Historia. Nr 180. Poznań, 1993.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Арыгінальны артыкул(недаступная спасылка)