Заходні бераг ракі Ярдан
Захо́дні бе́раг (па-арабску: الضفة الغربية, па-габрэйску: הגדה המערבית) — вобласьць на Блізкім Усходзе, у гістарычных землях Юдэі і Самарыі. Зьяўляецца адной з дзьвюх частак часткова прызнанае Дзяржавы Палестыны.
Заходні бераг ракі Ярдан | |
па-габрэйску: הַגָּדָה הַמַּעֲרָבִית па-арабску: الضفة الغربية | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна |
|
Статус | акупаваная тэрыторыя[d], спрэчная тэрыторыя[d], вобласьць Палестыны[d] і рэгіён |
Уваходзіць у | Дзяржава Палестына, акупаваныя палестынскія тэрыторыі[d], акупаваныя Ізраілем тэрыторыі[d], Сярэдні Ўсход і Заходняя Азія |
Сталіца | |
Дата ўтварэньня | 1949 |
Кіраўнік | Махмуд Абас |
Афіцыйныя мовы | |
Насельніцтва (2017) | 2 747 943[1] |
Плошча | 5860 км² |
Месцазнаходжаньне | |
Мапа Заходняга берагу
| |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC+2 |
Код ISO 3166-2 | WBK |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
У 1947 року паводле рашэньня ААН Палестына была падзеленая на жыдоўскую і арабскую тэрыторыі. Заходні бераг ракі Ярдан апынуўся ў арабскай частцы. У першай блізкаўсходняй вайне 1948—1949 рокаў гэтую тэрыторыю акупавала Трансярданія, якая дала ёй назву «Заходні берег ракі Ярдан», каб адрозьніваць яе ад усходняга берагу — сваёй асноўнай тэрыторыі. Граніцы вобласьці прайшлі па дэмаркацыйнай лініі замірэньня 1949 року паміж Трансярданіяй ды Ізраілем з захаду, поўначы і поўдню, а на ўсходзе — па рацэ Ярдан.
Па выніках Шасьцідзённай вайны 1967 тэрыторыя акупаваная Ізраілем. З 1995 року знаходзіцца пад ізраільскай (пераважна) і часткова пад супольнай ізраільска-палестынскай юрысдыкцыяй. Разам з Сэктарам Газа ўтварае г.зв. Палестынскую Аўтаномію.
Міжнародная супольнасьць лічыць ізраільскія паселішчы на Заходнім беразе (улучна з Усходнім Ерусалімам) незаконнымі. У 2004 року Міжнародны суд справядлівасьці пастанавіў, што ўсе пагадненьні пасьля акупацыі Заходняга берагу Ізраілем у 1967, то бок закон пра Ерусалім, мірная дамова зь Ярданіяй і пагадненьні ў Осьлё, не мяняюць статусу Заходняга берагу ракі Ярдан як акупаванай Ізраілем тэрыторыі[2][3].
Мінуўшчына
рэдагавацьЗ 1517 да 1917 тэрыторыя цяперашняга Заходняга берагу знаходзілася пад уладай Асманскай імпэрыі як частка правінцыі Сырыя.
На канфэрэнцыі ў Сан-Рэма (1920) краіны-пераможцы (Францыя, Вялікабрытанія, ЗША ды інш.) утварылі тут Брытанскі мандат у Палестыне. Кіраўніком трох раёнаў, вядомых пад агульнай назвай Трансярданія, быў абвешчаны эмір Абдула, які намерваўся аб’яднаць арабскія землі пад хашыміцкім сьцягам.
У 1947 року рэзалюцыя №181 па падзеле Палестыны ААН рэкамэндавала падзел Брытанскага мандату на жыдоўскую дзяржаву, арабскую дзяржаву і Ерусалім пад міжнародным кіраваньнем; паводле рэзалюцыі «горная мясцовасьць Самарыі і Юдэі» (улучна з цяперашнім Заходнім берагам ракі Ярдан) трапляў у арабскую частку. Аднак у першай вайне з наваўтвораным Ізраілем 1948 року Заходні бераг захапіла Трансярданія[4]. 15 лістапада 1948 року копцкі біскуп каранаваў Абдулу на караля Ерусаліму. Абдула I надаў усім палестынскім арабам Заходняга берагу і Ўсходняга Ерусаліму ярданскае грамадзянства.
Мірнай дамовай 1949 року былі ўсталяваныя пераходныя граніцы паміж Ізраілем і Ярданіяй. У 1950 Трансярданія анэксавала тэрыторыі на захад ад Ярдану і назвала яе «Заходнім берагам», ці «Цысярданіяй», у адрозьненьне ад «Усходняга берагу», ці «Трансярданіі». Анэксія ня была фармальна прызнаная ніводнай краінай, за выняткам Вялікабрытаніі.
У чэрвені 1967 року Заходні бераг і Ўсходні Ерусалім былі захопленыя Ізраілем у хадзе Шасьцідзённай вайны. Да 1982 Заходні бераг ракі Ярдан, за выключэньнем Усходняга Ерусаліму і колішняй ізраільска-ярданскай нічыйнай зямлі, знаходзіліся пад ізраільскім вайсковым камандаваньнем. Толькі ў 1988 року Ярданія афіцыйна адмовілася ад сваіх правоў на тэрыторыю і пазбавіла ўсіх палестынцаў Заходняга берагу ярданскага грамадзянства.
У 1982 пасьля эгіпецка-ізраільскай мірнай дамовы наўпроставае вайсковае камандаваньне на Заходнім беразе было замененае на паўцывільнае пад непасрэдным кіраваньнем Міністэрства абароны Ізраілю. Ізраільскія паселішчы былі асобна аднесеныя да адміністрацыйнай адзінкі Юдэі і Самарыі.
Пасьля пагадненьняў у Осьлё 1993 року Палестынская аўтаномія афіцыйна кантралюе гэтак званую «Зону А», якая складае прыкладна 11% плошчы Заходняга берагу; Зона Б (каля 28%) знаходзіцца пад супольным ізраільска-палестынскім вайсковым і палестынскім цывільным кіраваньнем; Зона В (прыкладна 61%) цалкам кантраляваная Ізраілем. Большасьць дзяржаваў сьвету называюць Заходні бераг з Усходнім Ерусалімам «акупаванымі Ізраілем тэрыторыямі». Ізраіль лічыць, што тэрыторыя ня ёсьць акупаванай, паколькі ня была адваяваная ў існай і прызнанай сувэрэннай дзяржавы, паколькі да Шасьцідзённай вайны Заходні бераг не знаходзіўся ў юрысдыкцыі ніякай законнай улады. У тэрміналёгіі ізраільскіх уладаў і іхніх хаўрусьнікаў гэтыя тэрыторыі характарызуюцца як «аспрэчваныя».
Квартэт па Блізкім Усходзе прапанаваў урэгуляваньне канфлікту шляхам стварэньня на Заходнім беразе і ў Сэктары Газа незалежнай Палестынскай дзяржавы. Аднак паколькі першыя патрабаваньні дарожнай мапы — спыненьне атакаў на Ізраіль і зьняцьце ў адказ вартавых пастоў Ізраілем — не былі выкананыя, перамовы па іншых спрэчных пытаньнях так і не пачаліся.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Middle East: West Bank (анг.) The World Factbook. Central Intelligence Agency (16 траўня 2018). Праверана 4 чэрвеня 2018 г.
- ^ Domb, Fania International Law and Armed Conflict: Exploring the Faultlines. — Martinus Nijhoff Publishers, 2007. — С. 511. — ISBN 9004154280
- ^ Legal Consequences of the Construction of a Wall in the Occupied Palestinian Territory, Advisory Opinion, I. C. J. Reports. — International Court of Justice, 2004. — С. 136. — ISBN 92-1-070993-4
- ^ The Making of Transjordan (анг.) History Праверана 6 чэрвеня 2018 г. Архіўная копія ад 29 лістапада 2017 г.