Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага
Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага[1] — летапісны звод, помнік літоўскага (беларускага) летапісаньня ХVI стагодзьдзя. Складзены ў Вільні 10 сакавіка 1520 году[2]. Аўтар быў набліжаным да магнатаў Гаштольдаў. Апісвае гісторыю ВКЛ ад часоў легендарнага князя Палямона да часоў Гедзіміна.
Напісаньне новага агульнадзяржаўнага летапіснага зводу было выкліканае незадаволенасьцю кіруючых колаў ВКЛ папярэднім Беларуска-літоўскім летапісам 1446 году. Што зрабілася сьледзтвам улыву рэнэсансавых ідэяў. Гаспадары ВКЛ жадалі ўмацаваць міжнароднае становішча дзяржавы довадам высакароднага паходжаньня кіруючай княжацкай дынастыі. Трэба адзначыць, што падобныя тэндэнцыі былі агульнаэўрапейскімі. Так, у ХVI стагодзьдзі ў Эўропе ствараліся велічныя і патрыятычна накіраваныя гісторыі краінаў і народаў. Прадстаўнікі асобных арыстакратычных фаміліяў шукалі славутых продкаў. Напрыклад, у Польшчы ў ХVI—XVII стагодзьдзях была распаўсюджаная канцэпцыя паходжаньня польскай шляхты ад старажытных сарматаў, у Вугоршчыне — ад гунаў.
У адрозьненьне ад папярэдняга летапісу, дзе гісторыя ВКЛ зьяўлялася арганічным працягам гісторыі Старажытнай Русі, а літоўскія князі выступалі носьбітамі агульнарускіх тэндэнцыяў, у аснову новага летапісу была пакладзеная легенда пра паходжаньне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў. У І-м ст. н. э. 500 фаміліяў рымскай знаці, ратуючыся ад жорсткасьцяў імпэратара Нэрона, уцяклі марскім шляхам у Жамойць. На чале эмігрантаў стаяў Палямон, або Публій Лібон. Ягоны сын Кунас заклаў дынастыю літоўскіх князёў, прадстаўніком якой быў заснавальнік ВКЛ Міндоўг. Паводле легенды нават слова «Літва» выводзіцца ад лацінскага «lituus» — труба, сыгнальны ваенны ражок.
Аўтар тлумачыць уладу літоўскіх князёў на Русі наступствамі мангола-татарскага нашэсьця і шлюбамі з дачкамі мясцовых князёў. Прасочваецца антыпольская накіраванасьць летапіснага зводу. Так, Ягайла называецца «клятвапарушальнікам», «забойцам».[3]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Вячаслаў Чамярыцкі. Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 С. 720.
- ^ Дзьве даты: 10 сакавіка // Зьвязда : газэта. — 10 сакавіка 2010. — № 43 (26651). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 52
Літаратура
рэдагаваць- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.