Дом-фартэцыя Нонхартаў

Славутасьць
Дом-фартэцыя Нонхартаў
Краіна Беларусь
Месцазнаходжаньне Гайцюнішкі
Аўтар праекту Пётар Нонхарт[d]
Будаваньне 16111612 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь Гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі, шыфр 412Г000127
Дом-фартэцыя Нонхартаў на Вікісховішчы

Гайцюнішкаўскі дом-фартэцыя — збудаваньне ў вёсцы Гайцюнішкі (Воранаўскі раён Гарадзенскай вобласьці, рэдукаваны замак, пабудаваны па абагульненай схеме сярэдневяковых крэпасьцей.

Мінуўшчына

рэдагаваць

Дом-фартэцыя ўзьведзены ў паўднёвай частцы вёскі, на левым беразе ракі Жыжма ў 1611—12 рр. з цэглы будаўніком і начальнікам каралеўскіх збудаваньняў у Вільні галяндцам Пётрам Нонхартам разам з інжынэрам-фартыфікатарам Ван Данэнам.

У 1900—1905 роках Эдвард Рымша дабудаваў да яго шырокі ганак з тэрасай, сапсаваўшы такім чынам чысьціню і арыгінальнасьць першапачатковага праекту.

Эдвард Рымша падчас дабудовы знайшоў насьценныя малюнкі са сцэнамі паляваньня, якія, аднак, не закансэрваваў. Існуе меркаваньне, што гэтыя малюнкі належалі пэндзлю вядомага віленскага мастака і ўладальніка маёнтку Шротэра.

У гэтым доме-крэпасьці пасьпяхова вытрымалі аблогу швэды падчас Паўночнай вайны, атакаваныя войскамі саксонскага караля Аўгуста ІІ.

У маёнтку былі архіў і бібліятэка, якія загінулі пад час І сусьветнай вайны. Ацалела толькі «Генэалёгія роду Рымшаў», якая сягала часоў хрышчэньня Літвы.

Маёнтак акружаў стары парк плошчай 15 га, расьлі ў ім у асноўным ліпы і лістоўніцы, многім зь якіх было ўжо больш за 300 гадоў.

 
Дом-фартэцыя, 1911

У польскай філялёгіі зьявілася вэрсія пра тое, што Гайцюнішкаўскі дом-фартэцыя стаў правобразам Міцкевічавых Сапліцова і Гарэшкавых з «Пана Тадэвуша». Доўгі час лічылася, што правобразам Сапліцова былі Тугановічы, пазьнейшыя дасьледчыкі разьмяшчалі яго ў Міры ці нават у Вялікай Польшчы. Новую цікавую і цалкам праўдападобную гіпотэзу сфармуляваў прафэсар Рышард Керсноўскі ў артыкуле «Замак Гарэшкаў і яго жыхары». Ён сабраў шмат фактаў на карысьць верагоднасьці вэрсіі аб Гайцюнішках.

У 1946—49 рр. у доме-фартэцыі знаходзілася школа мэханізатараў. З 1960 року — абласная псыхіятрычная больніца. Быў праведзены капітальны рамонт, у выніку ўнікальны дом-фартэцыя добра захаваўся, і цяпер у ім знаходзіцца адміністрацыйны будынак больніцы. Захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы XIX — 1-й паловы XX ст.

Архітэктура

рэдагаваць

Будынак прастакутны ў пляне, двухпавярховы, пад высокім вальмавым дахам. Цэнтар галоўнага фасаду вылучаны трохпавярховай прастакутнай у пляне вежай з уваходам у выглядзе невысокага кубічнага аб’ёму з арачнымі праёмамі і тэрасай (наверсе), які прыбудаваны пазьней. Чатыры кутныя вежы круглыя, накрыты шатрамі. Кожная вежа з вузкімі вокнамі-байніцамі, што дазваляла абаронцам з усіх бакоў кантраляваць подступы да дома. Фасады амаль ня маюць дэкаратыўнага ўбранства. Тоўстыя сьцены прарээаныя прастакутнымі ваконнымі праёмамі.

Пляніроўка дома анфілядная. Цэнтральную частку будынку займае вэстыбюльная група памяшканьняў зь дзьвюма лесьвіцамі. Галоўная лесьвіца зьвязвае вэстыбюль з 2-м паверхам, дапаможная вядзе на гарышча. Большасьць памяшканьняў мае плоскія перакрыцьці. Частка гаспадарчых памяшканьняў 1-га паверху перакрытая цыліндрычнымі скляпеньнямі а распалубкамі, у вежы — крыжовымі скляпеньнямі. Памяшканьні, разьмешчаныя ў кутных вежах, перакрытыя сфэрычнымі купаламі. На скляпеньнях захаваліся дэкаратыўныя нэрвюры. Пад домам шырокі сямікаморны падвал, у якім быў калодзеж. На 1-м паверсе знаходзіліся службы і казарма для невялікага гарнізону, наверсе — «панскія» пакоі і сталоўка[1].

  1. ^ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000127